Сёння мы адзначаем Міжнародны дзень абароны дзяцей. Яны складаюць пятую частку насельніцтва нашай краіны. Паводле даных Белстата, у Беларусі 1 827 758 дзяцей, прычым хлопчыкаў больш — 937,3 тысячы, дзяўчынак адпаведна 890,3 тысячы. Як лічаць спецыялісты, гэты дзень — нагода не толькі для свята і віншаванняў, але і магчымасць абазначыць вострыя пытанні, якія датычацца сем'яў, выхавання і працаўладкавання моладзі.
Традыцыйна ў Беларусі ў Міжнародны дзень абароны дзяцей праводзіцца свята «Дзяцінства — мірная краіна», якое праходзіць у сталіцы. Сёння ў ім бярэ ўдзел каля 350 дзяцей з розных рэгіёнаў. Арганізатары прадугледзелі разнастайныя пляцоўкі і актыўнасці, у тым ліку дзве дыялогавыя пляцоўкі, дзе дзеці могуць задаць свае пытанні кампетэнтным дарослым, у прыватнасці, упаўнаважаным па правах дзіцяці.
Акрамя таго, сёння дзеці наведаюць Нацыянальны мастацкі музей і Нацыянальны гістарычны музей. Таксама на тэрыторыі Дзіцячага тэхнапарка і ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства запланавана пасадка памятнай алеі з дрэў і клумбаў, прымеркаваная да Году міру і стваральнай працы.
Сталічная арганізацыя Беларускага саюза жанчын праводзіць сумесна з гандлёвым цэнтрам «Сталіца» інтэрактыўнае мерапрыемства з творчымі нумарамі і паказам мадэляў дзіцячага і падлеткавага адзення. Вялікае прадстаўленне пад назвай «Дзяцінства — гэта я і ты» падрыхтаваў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі — з мноствам інтэрактыўных пляцовак і творчых лакацый. У сталічным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар» праходзіць свята «Мінскае лета — 2023», у якім бяруць удзел прадстаўнікі Чырвонага Крыжа і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Святочныя мерапрыемствы адбудуцца ў кожным раёне і горадзе, прычым не толькі ў дзіцячых парках, культурных установах і месцах адпачынку, але і ў дзіцячых дамах і дзіцячых бальніцах.
З 1996 года ў нашай краіне працуе Камісія па правах дзіцяці. Яе ўпаўнаважаныя штоквартальна праводзяць прыёмы. Сёлета такіх адбылося 62, у тым ліку 17 выязных. Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч, да ўпаўнаважаных камісіі звяртаюцца пераважна бацькі з прычыны спрэчак у выхаванні дзяцей.
— 1 чэрвеня — дзень, калі мы гаворым не толькі пра свята, але і пра тыя вострыя пытанні, якія датычацца абароны правоў дзяцей, — падкрэсліла Алена Вайцяховіч. — Больш за 19 тысяч дзяцей з 9 тысяч сем'яў знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дзяржаўнымі органамі праводзіцца работа, накіраваная на тое, каб аказаць дапамогу гэтым сем'ям у пераадоленні складанай жыццёвай сітуацыі, каб дзеці засталіся з бацькамі.
Сёння ў Беларусі каля 15 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Летась выяўлена 2 236 такіх дзяцей. Але гэты паказчык паступова зніжаецца — для параўнання, у пачатку 2010-х выяўлялася больш за чатыры тысячы такіх дзяцей штогод.
— Трэба адзначыць, што большая іх частка — не сіроты, а дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, — дадае Алена Вайцяховіч.
Такіх малых сёння ўсё часцей імкнуцца ўладкаваць у прыёмныя сем'і. Больш за 88 % з іх жыве ў замяшчальных сем'ях. Больш за 7 тысяч усыноўлена і выхоўваецца ў сем'ях усынавіцеляў. Штогод на сямейныя формы выхавання ўладкоўваецца больш за 80 % дзяцей, якія засталіся без папячыцельства.
Колькасць дзіцячых інтэрнатных устаноў у краіне аптымізавана і працягвае скарачацца. У канцы 1990-х такіх устаноў у Беларусі было каля паўсотні, цяпер жа дзейнічае дзесяць дзіцячых дамоў і 2 школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Развіваюцца і такія формы пражывання, як дзіцячая вёска і дзіцячы гарадок — іх створана пяць.
Актыўна развіваюцца сямейныя формы ўладкавання. Сёння ў Беларусі функцыянуе 309 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і 1505 прыёмных сем'яў. Найбольшая колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Брэсцкай вобласці — 54, яшчэ два рыхтуюцца да адкрыцця. У Мінскай вобласці таксама актыўна развіваюцца дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, тут іх 43.
Шырока распаўсюджана і апека — пад ёй знаходзіцца больш за
7 тысяч дзяцей. Як правіла, такая форма прадугледжвае, што блізкія сваякі прымаюць дзяцей у свае сем'і.
З 1 чэрвеня стартуе і дзіцячая аздараўленчая кампанія, у тым ліку ў дзённых лагерах. Як расказала начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец, сёлета ў Мінску для малодшай узроставай групы 6-10 гадоў цалкам адменена бацькоўская даплата. Для сярэдняй і старэйшай узроставай груп яна мінімальная.
— Мінск традыцыйна з улікам прыцягнення сродкаў мясцовага бюджэту сур'ёзна падыходзіць для аздараўлення дзяцей-інвалідаў, — дадала спецыяліст. — Сёлета 93 дзіцяці з кардыялагічнай паталогіяй і 22 з цукровым дыябетам пройдуць аздараўленне ў комплексе «Ракета» ў суправаджэнні з бацькамі. На працягу некалькіх гадоў на базе лагера «Юбілейны» ажыццяўляецца аздараўленне дашкольнікаў ад 3 да 5 гадоў. І сёлета 23 дзіцяці трапяць у гэты загарадны аздараўленчы лагер.
У клопаце пра псіхічнае і фізічнае здароўе падлеткаў ключавую ролю адыгрываюць цэнтры, дружалюбныя падлеткам. Як расказала намеснік дырэктара па педыятрыі РНПЦ «Маці і дзіця» Алена Улезка, у Беларусі дзейнічае 58 такіх цэнтраў. Сярод мэт іх дзейнасці — не толькі захаванне псіхічнага, рэпрадуктыўнага здароўя падлеткаў і іх саматычнага стану, але і фарміраванне імкнення да здаровага спосабу жыцця і сацыялізацыя ў грамадстве. Прынцыпы гэтых цэнтраў блізкія для ўсіх падлеткаў: даступнасць, дабравольнасць, давер, добразычлівасць і канфідэнцыяльнасць. Там праводзяцца як індывідуальныя, так і групавыя кансультацыі, магчымыя анлайн-кансультацыі і па тэлефоне. Пры неабходнасці супрацоўнікі цэнтраў накіроўваюць дзяцей да розных спецыялістаў. Летась у цэнтрах праведзена больш за 4,5 тысячы мерапрыемстваў з удзелам 150 тысяч маладых людзей.
Асноўным кампанентам падтрымкі сем'яў з дзецьмі з'яўляецца сістэма дзяржаўных дапамог, адзначае галоўны спецыяліст упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Крысціна Раманоўская. Імі ахоплена кожнае чацвёртае дзіця ў краіне, а дзеці да трох гадоў — на 100 %.
Асаблівым клопатам дзяржавы з'яўляюцца сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў (сёння іх у краіне амаль 38 тысяч). Найперш гэта шэраг выплат. Дзецям-інвалідам да 18 гадоў прызначаецца сацыяльная пенсія, памер якой дыферэнцаваны ў залежнасці ад ступені страты здароўя — ад 80 да 110 БПМ. Цяпер яе сума складае ад 282 да 387 рублёў.
Да трох гадоў дапамога па доглядзе такога дзіцяці прызначаецца ў павышаным памеры — 45 % ад сярэдняй зарплаты работніка ў краіне. Цяпер гэта 779 рублёў. На дзіця-інваліда, старэйшага за тры гады, штомесячна выплачваецца дапамога ў памеры 70 % БПМ, а калі ў сям'і ёсць і іншыя дзеці, старэйшыя за тры гады, то на кожнага з іх прызначаецца дапамога ў памеры 50 % БПМ. Існуе яшчэ адзін від дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда да 18 гадоў, яго памер устаноўлены ў залежнасці ад узросту і ступені страты здароўя — ад 100 % да 120 % БПМ. Акрамя таго, бацькам прапануюцца паслугі нянькі і сацыяльная перадышка.
Адна з сацыяльных гарантый — тэхнічныя сродкі рэабілітацыі. У цяперашні час з 59 найменняў 50 выдаюцца дзецям-інвалідам бясплатна. З іх 90 %, уключаючы каляскі розных тыпаў, трохколавыя веласіпеды, пратэзы, артэзы, артапедычны абутак, слыхавыя апараты, выдаюцца бясплатна і 10 % сродкаў рэабілітацыі выдзяляецца на ўмовах частковай аплаты (ад 10 да 50 % кошту). Ёсць шэраг іншых ільгот: бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, бясплатны выраб зубных пратэзаў, бясплатнае санаторна-курортнае аздараўленне і лячэнне, бясплатны праезд на грамадскім транспарце.
Працоўны кодэкс прадугледжвае магчымасць працаўладкавання з 16 гадоў, а пры пісьмовай згодзе аднаго з бацькоў — з 14-ці, нагадвае Крысціна Раманоўская. Вызначаны і пералік работ, якія могуць выконваць падлеткі з 14 гадоў. Пры гэтым моладзь мае права рэгістравацца ў якасці беспрацоўных з 16 гадоў.
— Сур'ёзнай перавагай моладзі на рынку працы з'яўляецца бясплатная магчымасць атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Пры гэтым дзяржава гарантуе выпускнікам дзяржаўных навучальных устаноў пры ўмове навучання за кошт бюджэту першае працоўнае месца шляхам размеркавання, — звяртае ўвагу спецыяліст.
З агульнай колькасці выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі ў якасці беспрацоўных летась звярнулася ў службы занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні больш за паўтысячы, з іх 179 — выпускнікі з вышэйшай адукацыяй, 326 чалавек з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, 29 — з прафесійна-тэхнічнай. Працаўладкавана 465 чалавек — 87 %
ад усіх, хто звярнуўся.
—Маладзёжны рынак працы ў нашай краіне характарызуецца невысокім узроўнем беспрацоўя сярод насельніцтва ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў. У лютым 2023 года, паводле даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, ён склаў 6,3 %. Год таму гэты паказчык складаў 7,1 %, —
расказвае Крысціна Раманоўская.
Асноўнымі напрамкамі работы з моладдзю на рынку працы, па-першае, з'яўляецца браніраванне працоўных месцаў для тых, хто ўпершыню шукае работу ва ўзросце да 21 года. У 2022 годзе працаўладкавана 9,1 тысячы беспрацоўнай моладзі ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў, у тым ліку 702 чалавекі, якія ўпершыню шукалі работу ва ўзросце да 21 года, а таксама 272 чалавекі — за кошт броні.
Па-другое, ажыццяўляецца працаўладкаванне для атрымання практычнага вопыту работы па атрыманай прафесіі на часовыя працоўныя месцы. Наймальнікам, якія выдзяляюць такія працоўныя месцы, часткова кампенсуюцца затраты на аплату іх працы. Летась 342 беспрацоўным ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў аказана садзейнічанне для атрымання практычнага вопыту.
Па-трэцяе, гэта арганізацыя прафесійнага навучання. Яно праводзіцца па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы. У цяперашні час яно ажыццяўляецца больш чым па 100 прафесіях, у тым ліку можна прайсці курс навучання асновам прадпрымальніцкай дзейнасці. Летась на навучанне накіраваны 951 беспрацоўны з ліку моладзі, а гэта 28 % ад накіраваных на навучанне.
Па-чацвёртае, арганізоўваецца часовая працоўная занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час. Штогод колькасць працаўладкаванай моладзі павялічваецца. Летась з фінансавай падтрымкай дзяржавы аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні на часовыя працоўныя месцы 38 тысячам навучэнцаў. Сёлета за чатыры месяцы працаўладкавана ўжо амаль 6 тысяч маладых людзей.
— Маладыя людзі актыўныя ў пошуку работы, — падкрэслівае Крысціна Раманоўская. —Рэспубліканскі кірмаш вакансій, які праходзіў сёлета з 15 да 19 мая, наведала больш за 28 тысяч маладых людзей. З іх дамовіліся з наймальнікамі 10,7 тысячы, у тым ліку 7,2 тысячы непаўналетніх. Усяго 2,3 тысячы наймальнікаў прапаноўвала 30 тысяч вакансій.
Алена КРАВЕЦ
Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.
Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.
«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?