Вы тут

Фестываль воднага турызму пройдзе ў Бярозаўскім раёне 3 чэрвеня


У Бярозаўскім раёне 3 чэрвеня пройдзе II Фестываль воднага турызму, паведамілі БелТА арганізатары.


Фестывальная пляцоўка размесціцца ў вёсцы Высокае на беразе ракі Ясельда. Арыентавацца трэба на паромную пераправу экасцежкі «У краі вяртлявай чаротаўкі». Мерапрыемства пачнецца ў 9.00, уваход вольны. «Цікава будзе тым, хто падтрымлівае актыўны лад жыцця: Вада, прырода, зносіны. На фестывалі будзе мноства мерапрыемстваў. Акрамя водных гонак запланаваны і іншыя спартыўныя спаборніцтвы. Праграма ўключае конкурсы песень і вырабаў з прыродных матэрыялаў, падрыхтоўкі страў», — пералічыў дырэктар турысцка-эколага-краязнаўчай установы «Прытокі Ясельды» Васіль Новік.

Для жадаючых правядуць майстар-класы па тэхніцы хаджэння на байдарках і каяках. Цэнтральнай жа падзеяй фестывалю стане гонка на 9,5 км па водах Ясельды. Стартаваць будуць мужчынскія і змешаныя экіпажы. Такую дыстанцыю па сілах будзе пераадолець як ужо дасведчаным аматарам сплаваў, так і пачаткоўцам прыхільнікам такога адпачынку. На рэгату зарэгістравалася больш за 10 экіпажаў. Заявіцца для ўдзелу можна будзе і непасрэдна ў фестывальны дзень. Пры неабходнасці арганізатары абяцаюць дапамагчы з лодкамі і рыштункам.

«Участак, дзе пройдзе гонка, пачынаецца ў вёсцы Галавіцкія. Фініш — у заказніку „Спораўскі“. Рэчка звілістая — то шырокая, то вузкая. Пастаянна трэба быць пільным», — апісаў асаблівасці маршруту Васіль Новік.

Арганізатарамі фестывалю воднага турызму выступаюць турысцка-эколага-краязнаўчая ўстанова «Прытокі Ясельды», рэспубліканскі біялагічны заказнік «Спораўскі», сектар спорту і турызму Бярозаўскага райвыканкама, Стрыгінскі сельвыканкам і раённы камітэт БРСМ.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.