Вы тут

Прэзідэнт: У нас рыхтуюць сілавы сцэнарый змены ўлады. Мы гэта бачым. І мы гэтага не дапусцім


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з удзельнікамі 52-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў — удзельніц СНД. На парадку дня — ваенна-палітычная абстаноўка, пытанні бяспекі, супрацьстаянне выклікам і пагрозам. Тэма самая вострая, таму і размова атрымалася прамой і шчырай. 


«Я не першы раз ужо сустракаюся са спецыялістамі, кіраўнікамі (і ў рамках АДКБ, і ЕАЭС, і гэтак далей), заўсёды, зразумела, напярэдадні любога мерапрыемства думаеш пра галоўнае. Галоўнае ж заключаецца ў тым, што ўсе члены СНД вельмі сур’ёзна ўспрымаюць наш Савет. І тое, што ўсе кіраўнікі органаў бяспекі прыбылі ў Беларусь, сведчыць аб тым, што вы бачыце, што адбываецца вакол нашых граніц, нашай Садружнасці, і вы разумееце, што можа быць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што палітыкі і эканамісты маглі сходзіцца і разыходзіцца, а спецслужбы заўсёды знаходзіліся цесным кантакце. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што такога падыходу трэба прытрымлівацца і цяпер.

У віры бурных падзей 

«Пасля таго як пачалася спецыяльная ваенная аперацыя ва Украіне і супраць Беларусі і Расіі пачалі ўводзіць маштабныя санкцыі, у нашых краінах сёй-той завагаўся, закруціўся, захістаўся і гэтак далей. Гэта, напэўна, натуральна. Вельмі бурныя падзеі адбыліся імгненна, таму некаторы час трэба, каб ацаніць сітуацыю. Але спецыяльныя службы былі заўсёды ў кантакце. Яны дзейнічаюць спакойна, ціха, незаўважна, як і належыць спецыяльным службам. Захад аб гэтых кантактах мала ведае, таму не так шалее і менш прэтэнзій прад’яўляе да вас, нашых саюзнікаў. Ну, а мы з Расіяй апынуліся ў эпіцэнтры гэтых бурных падзей, — адзначыў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што некаторыя краіны, якія завагаліся пасля пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі, не да канца разумеюць сутнасць гэтых падзей. 

«Я абсалютна згодны з Прэзідэнтам Пуціным, калі ён гаворыць аб тым, што не мы пачалі гэту вайну. Яна пачалася нават не ў 2014 годзе. Яна пачалася задоўга да 2014 года. Мы бачылі ўсё, што тут адбывалася: той „карычневы“ пераварот, які адбыўся, і да чаго Украіну падводзяць. Бачылі, хто быў у авангардзе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён прывёў у прыклад Расію, дзе пачынаючы з 2014 года многія «свядомыя», як іх называюць у Беларусі, вылі, крычалі, стагналі, патрабуючы абараніць рускага чалавека на Данбасе. «Яны падштурхоўвалі да гэтага перш за ўсё. І ў нас таксама такія былі. Ну, абаранілі. І дзе гэтыя „свядомыя“, разумныя, прасунутыя апынуліся? Хто праз Лачынскі калідор пабег, хто праз Беларусь спрабаваў бегчы, але, балазе, у нас з Расіяй жорсткія правілы... Пачынаюць асуджаць кіраўніцтва Расіі — хто з Ізраіля, хто з Грузіі. А чаго вы асуджаеце? Вы ўчора былі заўзятымі прыхільнікамі гэтай аперацыі. Уявіце сабе: калі б у Мексіцы пачалі здзекавацца з грамадзян ЗША, з амерыканцаў? Той Мексікі даўно б не існавала». 

Беларускі лідар падкрэсліў, што ў кіраўніцтва Украіны было шмат варыянтаў зрабіць так, каб людзі жылі мірна. Але ні былыя прэзідэнты, ні цяперашні гэтым не скарысталіся. «Чаму не скарысталіся? Яны што, хацелі вайны? Не. Іх проста штурхалі да гэтага. Знайшлі болевыя кропкі, дзе можна было націснуць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што калі б гэта не пачалося крыху больш за год таму, гэта пачалося б заўтра, але ў больш горшых умовах для Расіі і Беларусі. Па яго словах, да гэтага ўсё ішло.

«Адзіная, напэўна, наша памылка, што мы не вырашылі гэта пытанне ў 2014-2015 гадах, калі не было ні арміі ва Украіны, ні гатоўнасці... Усе хацелі мірна неяк урэгуляваць. А яны за гэты час стваралі баяздольныя ўзброеныя сілы», — адзначыў Прэзідэнт. Прычым гэты намер ужо быў пацверджаны з боку ўдзельнікаў тагачасных перагавораў па мірным урэгуляванні, у тым ліку былым прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам. «Яны шчыра прызналіся, што яны рабілі ўсё, каб падрыхтаваць Украіну да вайны з Расіяй», — звярнуў увагу беларускі лідар. 

«Аснова і фундамент — эканоміка і жыццё людзей»

Аляксандр Лукашэнка папрасіў кіраўнікоў спецслужбаў краін СНД паўплываць на палітыку ў сваіх краінах, каб «мы не разбегліся». Па яго словах, гэта вельмі небяспечна. «Нікому мы не патрэбны, акрамя той постсавецкай прасторы, якая сёння існуе пасля распаду Савецкага Саюза. Фактычна мы размаўляем на адной мове, у нас адзіная эканоміка, у нас адзіныя рынкі, вытворчая кааперацыя і гэтак далей. Для таго, каб гэта стварыць, не хопіць перыяду жыцця ні нашага, ні нашых дзяцей. І навошта ламаць? Навошта ламаць гэты агульны рынак?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. Ён адзначыў, што збліжэнне краін на постсавецкай прасторы прыносіць ім значны эканамічны эфект. У якасці прыкладу прывёў Узбекістан. Супрацоўніцтва з Садружнасцю прынесла яму лішнія 1.5 мільярда долараў, а не сённяшні момант і яшчэ больш. «Значыць, шчасце тут? Ніхто ж вас не паклікаў на іншыя рынкі. Навошта сёння гэта развальваць?» — адзначыў краўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як спрабаваў пераканаць лідараў Украіны і Грузіі не спяшацца з выхадам з СНД: «Вярнуцца будзе больш складана, а вяртацца давядзецца. І эканоміка нас прымусіць».

Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін прыклад: здаецца, для Еўропы, для ЗША Украіна — гэта ўсё, гэта роднае. Заходнія краіны ўсё паставілі на яе. «Дык вы яе падтрымлівайце. А яны ў элементарным... Як толькі Украіна пачала вызваляць свае сховішчы ад збожжа і павезла ў Еўропу, усе зачыніліся ад яе.І шалёныя прыбалты, і шалёныя палякі, і славакі нават. Усе закрылі свае рынкі для ўкраінскага збожжа. Чаму? Таму што цэны пачалі падаць на ўласнае. Фермеры абурыліся. Што Украіна прадасць на заходнім рынку? Нічога. Вайна скончыцца — усё роўна прыйдуць да нас», — упэўнены беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што нявызначаная сітуацыя склалася і ў Малдове. З-за недальнабачных рашэнняў мясцовых палітыкаў эканоміка ў краіне пачала згасаць. «Што зрабілі лепш?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.

«Галоўнае, уся аснова і фундамент — гэта эканоміка і жыццё людзей», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Нас будуць спрабаваць расцягнуць»

Падчас сустрэчы Прэзідэнт актыўна звяртаўся да канкрэтных фактаў. Па яго словах, на Захадзе, які спрабуе паставіць на калені Расію і Беларусь, пачынае разгортвацца рэвалюцыя. Людзі задаюць пытанні, чаму ва Украіну на забойства людзей аддаюцца вялікая грошы, а самі еўрапейцы жывуць усё горш і горш. «І гэтая тэндэнцыя не проста пачынаецца, а ўжо хутка пікцсвайго дасягне. Сёння ўжо Захад і амерыканцы хочуць паўзы ва Украіне, каб спынілася там стральба і іншае.Для чаго? Каб выбары правесці. Перш за ўсё ў Злучаных Штатах Амерыкі. Няхай садзяцца за стол перагавораў, і трэба дамаўляцца, каб спыніць вайну, а не шукаць нейкія шчыліны, каб на нейкі перыяд заціхарыцца, а потым зноў пачаць. Мы гэта ўжо шмат разоў праходзілі. Нас на гэта не купіш», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ваенна-палітычная абстаноўка вакол Садружнасці ўсё больш абвастраецца, і яна будзе абвастрацца: «І нам трэба разумець, што буйныя гульцы вакол нас — Расіі, Беларусі, цэнтральнаазіяцкіх дзяржаў — будуць паціху спрабаваць нас расцягнуць. І па-добраму, і па-дрэннаму. Мы гэтага, мужыкі, не павінны дапусціць. Гэта мой жалезны пункт гледжання. Я гэта нутром ужо чую, усё ж такі не першы год працую Прэзідэнтам. Мы бачым нарастаючую мілітарызацыю краін блока НАТА і беспрэцэдэнтную канцэнтрацыю войскаў паблізу нашай з вамі агульнай тэрыторыі, распальванне рэлігійных, узброеных канфліктаў». У пацверджанне ён прывёў прыклад Польшчы. Гэта краіна сваё старое ўзбраенне скінула ва Украіну, а зараз аснашчае сваё войска сучаснай амерыканскай тэхнікай. «Амерыканцы вызначылі Польшчу галоўнай апорай НАТА ў Еўропе. Так, не хачу гэтаму радавацца, але і засмучацца няма чаго, не толькі на нашых межах з Польшчай узнікаюць праблемы — у іх ужо моцная сутычка з Германіяй. Па-мойму, палякі, не маючы на тое падстаў, пачынаюць варочацца, як слон у пасуднай краме. Але гэта іх праблема», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт заўважыў, што ўзмацняецца і без таго магутны палітычны і эканамічны націск з боку ЗША і ЕС, працягваюцца непрыкрытыя спробы абмежаваць навуковае і тэхналагічнае развіццё краін Садружнасці. Разам з тым нарастаюць супярэчнасці паміж Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім саюзам. «Амерыканцы не толькі ў вайне на Украіне спрабуюць выкарыстоўваць Еўрапейскі саюз (яны ўжо іх абадралі як ліпку), але і ў супрацьстаянні з Кітаем. А тавараабарот каласальны паміж Кітаем і Еўрапейскім саюзам. І прагматыкі ж, не дурні там усе, разумеюць, што разрыў адносін Еўрасаюза з Кітаем, да чаго падштурхоўвае Амерыка, прывядзе да яшчэ больш сумных эканамічных наступстваў у Еўропе», — растлумачыў ён. Пры гэтым калектыўны Захад выкарыстоўвае ў якасці інструмента ціску міжнароднае права, а калі гэта выгадна — цалкам яго ігнаруе. Але, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гэтага права практычна ўжо няма. 

Пад інфармацыйна-псіхалагічную вайну падводзяць усё

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адной з ключавых пагроз на сёння з’яўляецца інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне, распаўсюджванне ад пачатку ілжывай, фэйкавай інфармацыі. Па яго словах, мэта такіх дзеянняў — падрыў аўтарытэту нашых дзяржаў на міжнароднай арэне. 

«Пад фэйкі часам падводзяцца і небяспечныя, агрэсіўныя дзеянні. Вазьміце атакі дронаў на Расійскую Федэрацыю. Што, гэта ў ваенных адносінах нешта значыць? Практычна нічога. А вось пад фэйкі гэта падставіць — быццам і праходзіць. І ў Расіі, і ў нас, яшчэ дзесьці пачынаюць абмяркоўваць: ах-ах-ах. Таму інфармацыйна-псіхалагічная вайна — гэта аснова, а пад яе падводзяць усё: і эканоміку, і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, і інтэрнэт, і нават узброеныя правакацыі», — адзначыў Прэзідэнт. Па яго словах, фактычная інфармацыйная манаполія Захаду, а менавіта кантроль над Інтэрнетам, асноўнымі сацыяльнымі сеткамі і міжнароднымі СМІ, гэтаму толькі спрыяе.

«Адметна, што гэту манаполію, а таксама сваё маніякальнае імкненне не дапусціць стварэння шматпалярнага свету яны прыкрываюць лозунгам барацьбы за дэмакратыю. Нічога за гэтай дэмакратыяй не стаіць. Ніякай там дэмакратыі няма. Дзякуй богу, мы ўжо ў гэтым пераканаліся. Мы бачылі, як дзейнічаюць у Амерыцы і што яны спрабуюць нам падсунуць. Пад гэтым лозунгам заходнія эліты зробяць усё, каб сарваць любыя інтэграцыйныя працэсы, прымусіць нашыя дзяржавы да адмовы ад партнёрскіх стасункаў, штучна стварыць кропкі напружання на прасторы СНД і вакол яго. Самы красамоўны прыклад — цяперашняе становішча Украіны, якую ў геапалітычных гульнях выкарыстоўваюць для размену», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, разведінфармацыя, якая паступае ў тым ліку па каналах партнёрскіх сувязяў — спецслужбаў, сведчыць, што пералічаныя пагрозы ў агляднай перспектыве будуць толькі нарастаць.

У спакоі нас не пакінуць

«Калі хтосьці з нас думае, што атрымаецца адсядзецца, — дарма. Красамоўны таму прыклад — нядаўнія падзеі ў Казахстане. Там і ўнутраны элемент, як заўсёды. Проста ж на голым месцы не бывае. Заўсёды бывае нейкі ўнутраны элемент. Ёсць сілы, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі, вяртанні да ўлады, яшчэ нечага. Але потым вакол гэтага ўнутранага элемента хутка замежныя спецслужбы ствараюць цэлую кучу гэтых элементаў, якія садзейнічаюць дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашых рэспубліках. Але прыклад Казахстана і ў тым, што мы тады ўсё аб’ядналіся. І, здаецца, нічога не зрабілі, але толькі ўбачылі нашу рашучасць — адступілі. Таму нам трэба быць адзін да адного бліжэй», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. 

У дачыненні да Беларусі, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у Польшчы, Літве і Украіне вядзецца навучанне членаў незаконных узброеных фарміраванняў, робяцца спробы стварэння спячых экстрэмісцкіх ячэек непасрэдна ў краіне. Пра гэта сведчаць нядаўнія факты. Ён нагадаў пра нядаўнія сумесныя аперацыі з Расіяй, у выніках якіх былі прадухілены тэракты ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэта сведчыць аб тым, што ў спакоі нас не пакінуць. 

«Баевікі рыхтуюцца ва Украіне, яны абкатваюцца на фронце. Некаторыя гінуць там з ліку збеглых беларусаў. Рыхтуюцца атрады ў Польшчы, Літве, Чэхіі для таго, каб у патрэбны момант перакінуць у Беларусь. І гэта ўжо не 2020 год, калі дзяўчынкі хадзілі ў белых кароткіх спаднічках з кветачкамі на дэманстрацыі. Людзі ўжо гатовыя прыйсці сюды са зброяй у руках. Таму нам даводзіцца шмат увагі надаваць абароне нашых рубяжоў», — адзначыў ён. 

Як заўважыў Прэзідэнт, раней заходнія куратары фінансавалі збеглую апазіцыю за заявы ў СМІ, а зараз патрабуюць актыўных і рашучых дзеянняў. Гэта значыць, грошы ў абмен на тэракты, толькі пад узброеную барацьбу. Аляксандр Лукашэнка параіў усім дзяржавам звярнуць на гэта ўвагу, паколькі гэта датычыцца ўсіх. 

«Гэта значыць, у нас рыхтуюць сілавы сцэнарый змены ўлады. Мы гэта бачым. І мы гэтага не дапусцім. Вам добра вядома, у той ці іншай ступені пагрозы датычацца ў тым ліку і вас. Падстаў для правакацый і націску не дапускайце. Любыя дзеянні і рашэнні дзяржаў Садружнасці, якія не адпавядаюць чаканням Захаду, могуць стаць падставай для абвінавачанняў і санкцый. Ваша роля ў гэтай сітуацыі шматразова ўзрастае», — сказаў беларускі лідар. 

Адной з пляцовак для выпрацоўкі мер рэагавання на такую палітыку злоснікаў з’яўляецца Савет кіраўнікоў органаў бяспекі і спецслужбаў краін СНД. «Я абсалютна ўпэўнены, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць гэтай агрэсіўнай атацы і справіцца з любымі пагрозамі. Мы сёння ў стане гэта зрабіць, і на такім узроўні нам трэба трымацца», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Калектыўны Захад узяў курс на дэстабілізацыю краін Садружнасці

Дырэктар ФСБ Расіі Аляксандр Бортнікаў расказаў, што на папярэднім пасяджэнні савета ў мінулым годзе быў зроблены прагноз, як зменіцца аператыўная абстаноўка. Па яго словах, тыя ацэнкі пацвердзілі падзеі гэтага года. «Калектыўны Захад узяў курс на дэстабілізацыю краін Садружнасці і Саюзнай дзяржавы шляхам рэзкага павышэння канфліктнага патэнцыялу на ўсёй прасторы СНД і каля яе межаў», — расказаў ён. На заходнім напрамку паскоранымі тэмпамі нарошчваецца ваенная прысутнасць НАТА. У Польшчу, прыбалтыйскія краіны і Румынію перакідваюцца буйныя воінскія кантынгенты, цяжкая тэхніка і баявая авіяцыя. «Украіна стала плацдармам для вайны супраць Расіі і вядзення падрыўной дзейнасці супраць Беларусі. Да ўдзелу ва ўкраінскім канфлікце заходнікі актыўна падцягваюць Малдову, падбухторваюць яе да сілавой зачысткі Прыднястроўя і Гагаузіі. Паблізу граніцы Саюзнай дзяржавы рэгулярна праводзяцца вучэнні і баявое зладжванне сіл НАТА, а таксама ўкраінскіх і малдаўскіх спецслужбаў, — адзначыў Аляксандр Бортнікаў. Па яго словах, Альянс каардынуе дыверсійна-тэрарыстычную дзейнасць узброеных фарміраванняў і спецслужбаў кіеўскага рэжыму, папаўняе шэрагі ВСУ замежнымі наёмнікамі і баевікамі міжнародных тэрарыстычных арганізацый, ажыццяўляе разведвальнае і тэхнічнае забеспячэнне баявых вылазак украінскіх дыверсантаў і агентуры ў адносінах да ваенных і грамадзянскіх аб’ектаў. Аляксандр Бортнікаў таксама звярнуў увагу на спробы атакаваць аб’екты ядзернай энергетыкі і паліўна-энергетычнага комплексу.

«Разам з гэтым Злучаныя Штаты Амерыкі і Вялікабрытанія актыўна працуюць на раз’яднанне краін Садружнасці. Сіламі разведсупольнасці і дыппрадстаўніцтваў вядуць работу з палітычнымі і эканамічнымі элітамі дзяржаў СНД. Гэта сённяшняя сітуацыя, яна рэальна складваецца. Мы гэта ўсё бачым. Пад пагрозай другасных санкцый або абяцаннем прэферэнцый імкнуцца ўбіць клін паміж нашымі краінамі, навязваюць пазарэгіянальным гульцам выгадныя фарматы супрацоўніцтва ў сферы абароны і бяспекі», — расказаў Аляксандр Бортнікаў. Па яго словах, пацверджанне таму — частыя візіты кіраўніцтва сілавых ведамстваў блока НАТА ў краіны СНД. Паводле яго слоў, амерыканская і брытанская разведкі пры падтрымцы масмедыя і падкантрольных некамерцыйных арганізацый разгарнулі маштабную дзейнасць па падрыхтоўцы ўмоў гвалтоўнай змены ўлады ў краінах СНД. «Мы гэта бачым і прымаем меры, каб нейтралізаваць гэтыя пагрозы», — заявіў дырэктар ФСБ.

«Мы канстатуем, што ўзровень эскалацыі расце»

У размове з журналістамі старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Беларусі Іван Тэртель заявіў, што абстаноўка, якая застаецца складанай, будзе ўскладняцца і ў далейшым. «Таму патрэбна выпрацоўка дадатковых сумесных мер нашых дружалюбных спецслужбаў для купіравання пагроз, якія фарміруюцца цяпер», — адзначыў ён. У ліку пагроз застаюцца такія традыцыйныя, як тэрарызм, наркатрафік, а таксама з’яўляюцца новыя, звязаныя з ваенна-палітычнай абстаноўкай у рэгіёне. Гэтыя і іншыя пытанні, паводле слоў Івана Тэртэля, абмяркоўваюцца сярод спецслужбаў краін СНД, выпрацоўваюцца агульныя меры. «Нягледзячы на ўсе абставіны, мы дапамагаем вырашаць розныя праблемы, здабываем інфармацыю, якая дакладваецца кіраўнікам дзяржаў і на падставе якой прымаюцца ўзважаныя неабходныя стратэгічныя рашэнні ў сферы гарантавання нацбяспекі нашых незалежных дзяржаў», — расказаў ён. 

Старшыня КДБ нагадаў пра намер прыняць дадатковыя меры па ўзмацненні контрразведвальнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі. Па яго словах, гэта мера рэалізуецца цяпер па ўсім перыметры нашай граніцы. Яна накіравана на своечасовае выяўленне і лакалізацыю дзейнасці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненні адносна Беларусі. Па словах Івана Тэртэля, КДБ атрымлівае інфармацыю аб наяўнасці рэальных планаў сярод асоб з баявых груп, сфарміраваных на тэрыторыі Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, некаторых іншых краін, аб учыненні тэрактаў у Беларусі. І па яго словах, узмоцнены кантроль на граніцы — толькі адзін са складнікаў, які дае магчымасць ажыццяўляць пэўнае фільтраванне гэтага кантынгенту і не дапускаць на нашу тэрыторыю злачынцаў. Красамоўны нядаўні прыклад — прадухіленне спробы тэракту да 9 мая, калі ў Беларусь пад выглядам бытавой тэхнікі накіроўваліся выбуховыя рэчывы. «На жаль, гісторыя не завершана. Мы актыўна працуем па ўсіх напрамках. Думаю, што нашы грамадзяне па даручэнні кіраўніка дзяржавы праз пэўны перыяд даведаюцца і аб іншых новых фактах», — адзначыў Іван Тэртэль. 

Паводле яго слоў, у асноўным нядобразычліўцы Беларусі цяпер сканцэнтраваны за мяжой і абапіраюцца на тых збеглых, якія знаходзяцца ў Вільнюсе, Варшаве. Нядаўна КДБ атрымана інфармацыя з Заходняй Еўропы аб чарговых фінансавых запытах збеглых. Яны запыталі на бліжэйшы час 230-250 мільёнаў долараў на сваю падрыўную дзейнасць адносна Беларусі. «Некаторыя з заходніх палітыкаў і службовых асоб іх падтрымліваюць, іншыя абураюцца, паколькі фінансавыя рэсурсы, якія могуць выдзеліць, запатрабаваны ў гэтых краінах на іншыя нацыянальныя мэты. Я б, карыстаючыся выпадкам, раіў фіскальным і кантрольным органам ЗША, Польшчы, Літвы, Германіі, некаторых іншых краін вельмі ўважліва паглядзець на пытанні фінансавання з бюджэту фондаў, якія з’яўляюцца пракладкай для фінансавання падрыўной дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Вакол іх склалася цэлая праслойка людзей, якія прафесійна займаюцца адмываннем грошай. Гэта, напэўна, прадмет для ацэнкі праваахоўных структур гэтых дзяржаў», — сказаў кіраўнік КДБ. Ён падкрэсліў, што органы дзяржбяспечнасці Беларусі гатовы процідзейнічаць пагрозам, у тым ліку сумесна з калегамі з краін СНД.

Таксама Іван Тэртэль па просьбе журналістаў пракаментаваў атакі беспілотнікаў на Маскву. Але ён папярэдзіў аб закрытасці работы органаў бяспекі і немагчымасці ў сувязі з гэтым раскрываць усю вядомую яму інфармацыю. Ён зазначыў, што органы дзяржбяспекі Беларусі і Расіі працуюць у цесным супрацоўніцтве. «Мы гэтую работу праводзім, валодаем інфармацыяй. Нават падказваем нашым расійскім сябрам і калегам, здабываючы пэўную інфармацыю», — сказаў кіраўнік КДБ. Ён заўважыў, што спроб атакі беспілотнікаў значна больш, чым аб гэтым гаворыцца ў публічнай прасторы. Іх мэта — перш за ўсё пасеяць паніку. 

«На жаль, мы канстатуем, што ўзровень эскалацыі расце. І мы да гэтага рыхтуемся як спецслужба. Хачу запэўніць нашых грамадзян, што Прэзідэнт нам ставіць задачы дакладна, па сутнасці, глыбока. Мы дзейнічаем рашуча. КДБ Беларусі працуе, як СМЕРШ — мы вагацца не будзем, настроены рашуча, нас нішто не спыніць. Але мы заклікаем усіх, і ў тым ліку нашых апанентаў, якія за мяжой, — трэба адумацца, вырашаць праблемы мірным шляхам, прыходзіць да кансенсусу па розных аспектах», — падкрэсліў Іван Тэртель. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».