Вы тут

У Брэсце праходзіць ΙII Форум медыйнай супольнасці Беларусі


Сёлета яго назва — «Крос-медыйная журналістыка: тэхналогія і інструментарый». Кіраўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, вядомыя журналісты і маладыя аўтары, прэс-сакратары органаў дзяржаўнага кіравання, ідэалагічная вертыкаль і эксперты ў сферы масавай камунікацыі абмеркавалі актуальныя пытанні, якія паўстаюць перад сучаснай медыясферай. Якой сёння павінна быць журналістыка, як паспяхова прасоўваць кантэнт на шматлікіх камунікацыйных пляцоўках, якія формы работы сучасных медыя найбольш запатрабаваныя ў аўдыторыі, як ажыццяўляць пошук новых механізмаў прыцягнення аўдыторыі і выбудоўваць работу на недружалюбных лічбавых платформах, на што ідуць кадравыя і фінансавыя рэсурсы — гэта яшчэ не ўвесь спектр пытанняў, якія абмеркавалі прадстаўнікі масмедыя.


Як падкрэсліў міністр інфармацыі Уладзімір ПЯРЦОЎ, форум традыцыйна аб’ядноўвае таленавітых журналістаў, медыямэнеджараў, аўтарытэтных экспертаў і з кожным годам становіцца ўсё больш знакавым і запатрабаваным. «У апошні час узмацніўся грамадскі запыт на якасную інфармацыю, узнікла вострая неабходнасць барацьбы з фэйкамі, пісьменна і прафесійна і пры гэтым аператыўна супрацьстаяць бясконцай плыні хлусні і фальсіфікацыі, якая запаланіла ўсю інфармацыйную прастору, — адзначыў кіраўнік ведамства. — Новыя рэаліі ставяць перад медыясферай новыя задачы, ад рашэння якіх будзе залежыць наша будучыня. Форум дае цудоўную магчымасць абмеркаваць актуальныя тэндэнцыі, падыходы і падзяліцца вопытам».

Міністр інфармацыі звярнуў увагу, наколькі паскорыўся працэс лічбавізацыі. «Хутка мяняюцца перавагі аўдыторыі, з’яўляюцца новыя формы падачы інфармацыі, трансфармуюцца сацыяльныя сеткі, — канстатаваў Уладзімір Пярцоў. — Для большай папулярнасці нашага чытача, гледача і слухача патрэбен новы шматаспектны падыход».

Па словах міністра інфармацыі, за апошні год СМІ сталі больш аператыўнымі і ўпэўненымі. «Сталі больш разнастайнымі матэрыялы і, нарэшце, многія звярнулі ўвагу на праблемы, якія хвалююць нашых грамадзян, — звярнуўся да медыясупольнасці Уладзімір Пярцоў. — Вынік такой работы вы самі адчулі. Гэта не толькі заўважны рост колькасці праглядаў вашых рэсурсаў і іх цытуемасць. Галоўнае, ваша аўдыторыя застаецца з вамі, вам давяраюць і спадзяюцца на вашу падтрымку і дапамогу».

Кіраўнік ведамства заўважыў, што традыцыйныя медыя сталі больш заўважнымі ў сетцы інтэрнэт. «Калі ў снежні мінулага года інтэрнэт-аўдыторыя рэгіянальных СМІ складала каля 2,8 мільёна чалавек, то ў лютым бягучага года — звыш 3,1 мільёна. Прырост — амаль 10% за літаральна два з паловай месяцы. Адна з задач, якую ставіць перад сабой міністэрства інфармацыі, — запуск нацыянальнай сістэмы вымярэнняў у сетцы інтэрнэт. Добры плён прынёс і працэс аптымізацыі асобных рэдакцый СМІ, прычым гэта датычыцца не толькі паляпшэння знешняга выгляду выданняў, але і іх зместавай часткі. Паспяховая работа створаных медыяхолдынгаў яшчэ раз усім даказала, што неабходнасць прыняцця такіх мер прадыктавана часам».

Аднак, па словах Уладзіміра Пярцова, нямала і нявырашаных праблем. Перш за ўсё яны звязаны з работай у сетцы інтэрнэт і кадравым патэнцыялам.

Прывітаўшы ўдзельнікаў форуму на гасціннай брэсцкай зямлі, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый ШУЛЕЙКА пажадаў, каб Брэстчына стала кропкай прыцягнення інтэлекту і журналісцкага падыходу. «Вострай і добрай літарай вы пішаце гісторыю нашай краіны, — звярнуў увагу губернатар. — Ваша слова адной коскай можа ўзарваць або патушыць любую вайну, любы факт. Мы сёння жывём і развіваемся ва ўнісон з усёй краінай. Шмат задач і імкненняў, каб добрыя словы журналістаў знаходзілі адлюстраванне ў рэпартажах, якія гучаць пра Брэсцкую вобласць. Мы вельмі ганарымся сваёй гісторыяй і нясём асаблівую адказнасць, каб гэты рэгіён быў заўсёды знакавым для нашай краіны».

Кожнае выступленне спікераў, агучанае падчас форуму, — свайго роду рэкамендацыі, па якіх павінны развівацца сучасныя СМІ. У прыватнасці, намеснік галоўнага рэдактара Медыягрупы «Россия сегодня» Наталля ЛОСЕВА падзялілася вынікамі сацдаследавання, праведзенага расійскімі спецыялістамі. «Скараціўся час, які людзі праводзяць у інтэрнэце, — канстатавала спікер. — У параўнанні з 2021 годам у 2022 годзе людзі сталі праводзіць час у інтэрнэце на 20 хвілін менш. Пры гэтым мы бачым рост часу, які карыстальнікі праводзяць у сацыяльных сетках. Звыш 2,5 гадзін у дзень тыпічны карыстальнік марнуе на сацсеткі. Гэта на 30% больш, чым на прагляд традыцыйнага тэлебачання. За тры гады звыш мільярда карыстальнікаў прыйшло ў сацыяльныя сеткі. Гэта паказчык таго, што карыстальнік сыходзіць з мацярынскіх старонак сродкаў масавай інфармацыі».

У размове з журналістамі Наталля Лосева заўважыла, што для яе вялікі гонар удзельнічаць у форуме медыйнай супольнасці Беларусі. «Мы разглядаем беларускі рынак як той, які хутка, гнутка і высокатэхналагічна развіваецца, — акцэнтавала ўвагу яна. — Тыя медыйныя рашэнні, напрацоўкі, якія мы бачым на беларускім рынку, ацэньваюцца як перадавыя. Мы ведаем аб высокім узроўні вашых ІТ-спецыялістаў. І мой удзел у форуме — гэта перш за ўсё абмен вопытам і меркаваннямі. Бо сёння казаць аб тым, што ёсць пэўныя вывераныя карты, рэцэпты, як развівацца медыя, дзе шукаць аўдыторыю, каго ацэньваць як канкурэнта, нельга. Усе гэтыя пытанні і праблемы не маюць дакладнага і зразумелага адказу. Сёння мы знаходзімся ў стадыі абмеркавання і рэфлексіўнага рэагавання, таму важны абмен вопытам». 

Менавіта гэта і ёсць адна з задач медыяфоруму. Замежныя госці, журналісты з усёй краіны, кіраўнікі рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ абмеркавалі сучасныя падыходы ў развіцці медыяхолдынгаў, асаблівасці выкарыстання штучнага інтэлекту ў рэдакцыйнай дзейнасці, патрабаванні да блогераў, пытанні стварэння і адаптацыі кантэнта для сацыяльных сетак і сайтаў. Вядома, не абышлося і без пастаноўкі вострых пытанняў: як сучасным СМІ супрацьстаяць сучасным выклікам і пагрозам у інфармацыйным асяроддзі.

Па выніках форуму была прынята рэзалюцыя. У ёй, у прыватнасці, адзначаецца, што для ўстойлівага развіцця нацыянальнай беларускай прасторы неабходна прыкладаць намаганні, каб СМІ выконвалі не толькі інфармацыйную функцыю, а станавіліся пляцоўкай для дыялогу, кансалідацыі грамадства, меркаванняў неабыякавых грамадзян, садзейнічалі рэалізацыі сацыяльна значных ініцыятыў. Адзначана, што варта выкарыстоўваць патэнцыял СМІ для паляпшэння медыяадукаванасці аўдыторыі, а таксама ўцягнення яе ў працэс стварэння інфармацыйнай прасторы, умацоўваць партнёрства журналістаў-практыкаў з навуковай і экспертнай супольнасцю і іншае.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».