Вы тут

«Добры вечар, махляр!», або Вучыцца лепш на чужых памылках


Мы сядзелі ў пятніцу вечарам у кавярні ў прыемнай дзявочай кампаніі, размаўлялі пра жыццё. І тут у мяне зазваніў тэлефон. Званок быў на «ватсап», нумар пачынаўся +63 (пасля высветліла, што гэта Філіпіны). «Ціха, дзяўчаты, мне махляры звоняць!» — прыкрыкнула на шумную кампанію. «Махляр, махляр!» — радасна зашапталі сяброўкі і сціхлі. «Добры вечар, махляр!» — урачыста сказала, зняўшы трубку. Махляр спачатку ніяк не збянтэжыўся (можа, добра не пачуў?) і пачаў прафесійна пастаўленым, надзвычай сур'ёзным голасам, звяртаючыся да мяне па імені, расказваць, што ён са следчага ўпраўлення МУС, што на маё імя махляры спрабуюць узяць крэдыт... «Пачакайце-пачакайце, махляр! А чаму вы звоніце на месенджар ды яшчэ з іншай краіны?» Ён зноў не адрэагаваў на маё здзеклівае «махляр» і зноў ну вельмі сур'ёзна пачаў тлумачыць, што ўсё робіцца дзеля таго, каб махляры (так і сказаў!) не прасачылі наш званок і не саскочылі. «Паслухайце, махляр. Я ведаю, хто вы і чаго тэлефануеце. Не трацьце ні свой, ні мой час». «Спрытна ты яго адшыла!» — сказалі сяброўкі. І наш прыемны вечар ператварыўся ў вечар успамінаў пра ашуканцаў і ашуканых.


Што больш за ўсё ўразіла — у кожнай з нас была свая гісторыя камунікацыі з махлярамі. У кожнай, высветлілася, ёсць знаёмыя або сваякі, якія «падзяліліся» з ашуканцамі сваімі грашыма. Прычым гісторыі і выпадкі былі розныя, што сведчыць аб надзвычайнай вынаходлівасці людзей, якія спрабуюць нашы грошы забраць. Я вырашыла гэтыя пачутыя з першых вуснаў гісторыі тут прыгадаць, хоць пра іх пішуць і гавораць ледзь не на кожным кроку. Нават калі адзін ці два чалавекі, прачытаўшы іх, не дазволяць сабе папоўніць спісы ахвяр, можна будзе лічыць, што зрабіла я гэта недарэмна.

Гісторыя першая. Як чорт з куфра. Маці дваіх дзяцей вырашыла прадаць яшчэ добрыя дзіцячыя адзенне і абутак на «Куфры». Выставіла на продаж курткі, красоўкі, боты. Пакупніца знайшлася вельмі хутка, прычым гатова была купіць усё адразу. Адна была загвоздка: пакупніца не магла забраць тавар сама, бо жыла недзе пад Брэстам, таму прапанавала выслаць яго па пошце пасля аплаты. Аплату яна гатова была пералічыць на карту, трэба было толькі рэквізіты гэтай самай карты даць. Што прадаўшчыца і зрабіла і пачала чакаць паступлення. Праз колькі часу прыйшло апавяшчэнне з банка, толькі не пра паступленне, а пра спісанне з карты ўсіх сродкаў (а было там пад тры тысячы рублёў). Жанчына кінулася шукаць «пакупніцу» ў тэлефонных нумарах, ды на «вайберы» (а камунікавалі менавіта па ім, бо нібыта так танней) і следу ад яе не засталося — зніклі і званкі, і перапіска, і, адпаведна, нумар. І з чым было ісці ў міліцыю? З паведамленнем ад банка аб спісанні сродкаў?

Гісторыя другая. Банк, ды не той. Брат сяброўкі вырашыў аплаціць праз інтэрнэт-банкінг падатак. Загнаў у пошукавы радок назву банка, клікнуў першую прапанаваную гуглам спасылку. Трапіў адразу на анлайн-аплату. Не здзівіўся, што банк прапанаваў па-новаму зарэгістравацца, падумаў, што дзеля бяспекі. Увёў і рэквізіты карты, ажыццявіў аплату таго падатка. Прынамсі, так паведамілі на старонцы. Пайшоў у краму купіць цыгарэт, стаў расплачвацца картай. А прадавец яму: «Недастаткова сродкаў на карце». Кінуўся да банкамата, які там жа ў краме стаяў, паглядзець баланс — а на балансе нуль рублёў нуль капеек. Замест пяці з паловай тысячы, якія да гэтага былі. Кінуўся шукаць канцы —
а старонкі той пошук ужо не выдае. Цяпер, ужо дасведчаны, сябе папракае: варта было паглядзець адрас той старонкі, ці няма якой лішняй літары ці кропкі. Ці хоць паспрабаваць перайсці на галоўную — як правіла, на махлярскіх схемах усе астатнія старонкі не актыўныя... Досвед, можа, і карысны, але ж цана за яго завышаная.

Гісторыя трэцяя. «Дапамажыце дзіцяці!» Жанчына «сядзела» ў «Аднакласніках» і прачытала там адну жаласную гісторыю. Пра хлопчыка, які застаўся сіратой пасля пажару ў нейкай палескай вёсцы, а сам моцна абгарэў, і цяпер яму патрэбна аперацыя, якую нашы медыкі зрабіць не могуць — трэба ехаць у Ізраіль. Да паведамлення прыкладаліся фота знявечанага малога і рахунак, на які трэба пералічыць грошы. Тут жа былі дзясяткі каментарыяў: пісалі і тыя, хто пералічыў дапамогу, і тыя, хто яе збіраў, — дзякавалі. Як было застацца ўбаку? Жанчына пералічыла сто рублёў — надта ж жаласнае было фота. Якое ж напаткала здзіўленне, калі ў «Фэйсбуку» ўбачыла тое ж фота, толькі з іншай гісторыяй: забінтаваны па вочы хлопчык, аказваецца, пацярпеў у жудаснай аварыі недзе пад Віцебскам, бацькі загінулі, бабулі не хапае сродкаў, каб яго даглядаць і лячыць... Западозрыўшы нядобрае, жанчына расказала гэта сыну-студэнту, які вучыцца на праграміста. Той вельмі хутка адзваніўся: «Цю-цю твае сто рублёў!» Фота аказалася ўзятым з вядомага інфармагенцтва: на ім хлопчык, што пацярпеў пры землетрасенні ў Турцыі. Рахунак, на які жанчына перавяла грошы, — за межамі нашай краіны...

Гісторыя чацвёртая. «Як пад гіпнозам». Мужу прыяцелькі пазванілі па «вайберы», прыблізна так, як мне па «ватсапе». Што характэрна — чалавек ён сур'ёзны і пра ўсе махлярскія схемы ведае. Але тут... «Ён пасля прызнаваўся, што голас «следчага, які раскрываў махлярскую схему крэдыту» быў настолькі варты даверу, заварожваў, што ён нічога не мог яму пярэчыць. І толькі калі пачаў пераходзіць па спасылцы, якую скінуў яму «следчы», нешта як шчоўкнула ў галаве і ў апошні момант спыніўся. Нумара на «вайберы» ўжо не было, але першыя лічбы ён запомніў. Паглядзеў — гэта быў код Малдовы...»

Што яшчэ дадаць да гэтых гісторый, і без таго павучальных? Будзьце пільнымі! Не размаўляйце па тэлефоне з незнаёмцамі. А калі вельмі карціць даведацца, хто ж гэта і з чым звоніць, зняўшы трубку, павітайцеся: «Дзень добры, махляр!» Лепш папрасіць пасля прабачэння ў сумленнага чалавека, чым кусаць локці і глядзець на нуль на рахунку.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».