Вы тут

З карысцю правесці выхадныя дома — падборка айчыннай дзіцячай кінакласікі


Здаецца, лепшага выпадку, каб пагаварыць пра дзіцячае кіно, яго гісторыю, межы і складаныя ўзаемасувязі з кіно «дарослым» і «сямейным», можа і не надарыцца. Як-ніяк, учора ў паўночным паўшар’і сустракалі лета, а на ўсёй планеце адзначалі надзвычай важнае свята — Міжнародны дзень абароны дзяцей. З гэтай нагоды ў розных гарадах па ўсёй нашай краіне ладзіліся адмысловыя мерапрыемствы, нярэдка — з паказам фільмаў. Спецыяльна для аматараў бавіць канікулы перад экранам зрабілі падборку айчыннай дзіцячай класікі, куды ўвайшлі як неўміручыя шэдэўры, знаёмыя ўсім і кожнаму, так і больш сціплыя карціны, таксама вартыя ўвагі.


Ранні перыяд

Перш чым брацца за складанне якіх заўгодна рэйтынгаў, варта разабрацца, а што такое ўвогуле дзіцячае кіно і ў чым яго прынцыповае адрозненне ад недзіцячага, чаму ёсць кіно для дзяцей і кіно пра дзяцей, але апошняе, тым не менш, наўрад знойдзе жывы водгук у малалетняй аўдыторыі? Пакідаючы за дужкамі асабліва спрэчныя моманты, даследчыкі кінематографа ў масе сваёй сыходзяцца на думцы, што дзіцячае кіно — тое, у якім цэнтральнае месца займае вобраз дзяцінства (усё, што належыць толькі яму і характарызуе толькі яго), сугучнага ўзросту гледачадзіцяці і пададзенага ў дзіцячым ракурсе.

Дарэчы, калі, будучы за мяжой, вы зададзіцеся мэтай схадзіць у кіно на «дзіцячы фільм», то, з вялікай верагоднасцю, застаняцеся ні з чым альбо, у лепшым выпадку, будзеце вымушаны задавольвацца кіно «сямейным». Словазлучэнне «дзіцячы фільм» сустракаецца, як ні дзіўна, толькі ў афішах краін — спадчыннікаў сацыялістычнага мінулага. Прыжылося яно і ў Беларусі, чый кінематограф некалі праславіўся на ўвесь свет менавіта фільмамі для дзяцей. Айчыннае дзіцячае кіно мае пад сабой багатую традыцыю і каранямі сягае ажно ў «нямую» эпоху. Тады, у 1928 годзе, у адказ на рашэнні Наркамасветы, быў зроблены першы беларускі дзіцячы фільм — «Грышкасвінапас». Зманціраваная з фрагментаў, якія не ўвайшлі ў стужку «Лясная быль», і дапоўненая спецыяльна дазнятымі сцэнамі, прыгодніцкая карціна да нашых дзён не захавалася.

Затое амаль цалкам (без 5-й і 6-й частак) захавалася іншая — «Храманожка» 1930 года рэжысёра Юрыя Вінакурава. У аснове сюжэта — гісторыя беспрытульнай кульгавай дзяўчынкі Ількі, якую на выхаванне аддаюць прыёмнаму бацьку ў вялікі чужы горад. Гераіні давядзецца прайсці праз непрыманне равеснікамі, бацькоўскае п’янства і гвалт, каб стаць у выніку актыўнай піянеркай і, «узяўшы дарослых на грамадскі буксір», заняцца перавыхаваннем старэйшага пакалення. Як відаць, у цяперашнім разуменні да дзіцячых фільм можна аднесці толькі з вялікай нацяжкай. Дарэчы, на гэты конт у водгуку тагачаснага часопіса «Кіна-фронт» меліся, сярод іншага, такія красамоўныя радкі: «Паняцце “дзіцячыя фільмы” носіць абсалютна адцягнены характар. Ніхто толкам не ведае, што гэта такое і для каго прызначана».

Вандроўкі ў сне і наяве

Першай значнай вяршыняй у гісторыі беларускага дзіцячага кіно па праве лічыцца «Міколка-паравоз», пастаўлены Львом Голубам у 1956 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» па матывах аднайменнай аповесці Міхася Лынькова. У ціхае, абмежаванае адной чыгуначнай станцыяй, жыццё шасцігадовага Міколкі, сына машыніста, урываецца рэвалюцыя, а за ёй — кашмарная грамадзянская вайна. Гэтыя падзеі, калі прывычны свет сыходзіць з-пад ног і перакульваецца, прымушаюць хлопчыка хутка пасталець: можна канстатаваць, што да Міколкі дзеці ў беларускім кіно не сталелі, хіба толькі дачасна і імгненна. «Міколка-паравоз» стаў сапраўднай падзеяй у савецкім кінапракаце. Даследчыкі звяртаюць увагу таксама на асаблівае мастацкае значэнне карціны для беларускага кіналетапісу, называючы яе, у прыватнасці, першай работай, якая выйшла за межы рэалізму, выплюхнуўшы на экран падсвядомае — сны.

Паўтарыўшы поспех другі раз — у стужцы 1959 года «Дзяўчынка шукае бацьку» паводле аднайменнай п’есы Яўгена Рыса, — Леў Уладзіміравіч засведчыў свой бясспрэчны аўтарытэт і ў момант пераўтварыўся ў класіка, на якога раўняліся ўсе дзіцячыя пастаноўшчыкі. Паводле сюжэта, маці пяцігадовай Леначкі гіне пад бомбамі, а дзяўчынку выратоўвае ляснік і забірае да сябе ў лес. Разам яны бяруцца шукаць бацьку дзяўчынкі, пра якога вядома, што ён пайшоў на вайну. Няхай на шляху ім сустрэнецца шмат выпрабаванняў, канец у фільма ўсё ж такі шчаслівы. Іначай і быць не магло, бо на нашых вачах рэалістычная ваенная гісторыя ператвараецца ў казку, а што за казка без шчаслівага канца? Леў Голуб умеў рабіць казачнымі нават самыя бытавыя і трагічныя сюжэты, азнаменаваўшы цэлую эпоху ў беларускім дзіцячым кіно. Майстру таксама належаць такія вядомыя работы, як «Пушчык едзе ў Прагу» (1965), «Анюціна дарога» (1967), «Маленькі сяржант» (1975) ды многія іншыя кінатворы.

Кадр з фільма «Дзяўчынка шукае бацьку», 1959 г.

Творчыя манеўры

Пераход у новую эпоху азнаменаваў выхад у 1965 годзе кінаказкі «Горад майстроў» рэжысёра Уладзіміра Бычкова. Узятая за аснову п’еса Тамары Габэ «Горад майстроў, альбо Казка аб двух гарбунах» была апрацавана для экранізацыі Мікалаем Эрдманам. «Радасным і шчаслівым было жыццё вольнага горада майстроў. Але аднойчы, заспеўшы жыхароў знянацку, на яго нападаюць чужаземцы», — даводзіць сцэнарная заяўка фільма. Знаходліваму гарбуну Караколю выпадае шанс праявіць сябе, і ён, заручыўшыся падтрымкай гараджан, абводзіць захопнікаў вакол пальца, перамагае злоснага герцага і, на радасць грамадзе, дамагаецца сэрца першай прыгажуні Веранікі. Ужо толькі гэтых слоў дастаткова, каб зразумець, які рэзкі паварот — ад рэалістычнасці ў бок гранічнага эскапізму — зрабіла тагачасная індустрыя дзіцячага кіно менш чым за дзесяцігоддзе. Пра вобразны лад «Горада» ў «ЛіМе» пісалі так: «Стваральнікам фільма ўдалося вышыць найбагацейшае расквечанае думкаю, фантазіяй і майстэрствам палатно сапраўднага экраннага і казачнага дзеяння…»

Па пратаптанай Уладзімірам Бычковым у фільме «Горад майстроў» дарожцы ішлі ўсе наступныя пакаленні кінематаграфістаў, якія адрасавалі сваю творчасць дзецям. Без гэтага арыенціру немагчыма ўявіць і іншага важнага (для кагосьці, безумоўна, самага важнага) дасягнення беларускага дзіцячага кіно — музычных тэлефільмаў Леаніда Нячаева. Трыумфальнае шэсце аўтара пачалося з «Прыгод Бураціны», пастаўленых па заказе Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў СССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні ў 1975 годзе па матывах казкі Аляксея Талстога «Залаты ключык, альбо Прыгоды Бураціны». Гісторыя драўлянага хлопчыка займае пачэснае месца ў залатым фондзе беларускага кіно побач з іншай неўміручай класікай, у тым ліку — з фільмаграфіі Нячаева. Так, большага поспеху дасягнулі хіба што толькі наступныя работы майстра, сярод якіх асабліва вылучаюцца «Пра Чырвоны Капялюшык» паводле Шарля Перо і «Казка аб Зоркавым хлопчыку» паводле Оскара Уайльда. Апошняя, дарэчы, нядаўна атрымала другое жыццё дзякуючы рэстаўрацыі на кінастудыі.

Кадр з фільма «Прыгоды Бураціны», 1975 г.

Зразумела, многія дастойныя творы былі намі апушчаны (напрыклад, шматсерыйная сага аб піянерах «Бронзавая птушка» 1974 года рэжысёра Мікалая Калініна альбо мазаічны камедыйна-прыгодніцкі тэлефільм «Па сакрэце ўсяму свету» 1976 года цэлай кагорты пастаноўшчыкаў), іншыя — адкінуты на парозе, але галоўнае тое, што дзіцячае ігравое кіно ў Беларусі працягвае жыць і стварацца, абапіраючыся на вопыт былых творчых здзяйсненняў. Прыкладам таму могуць служыць стужкі «Рыжык у Залюстрэччы» (рэж. Алена Турава; 2011), «Неверагоднае перамяшчэнне» (рэж. Аляксандр Анісімаў; 2014) і іншыя.

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.