Упершыню пра невядомае раней захворванне, а менавіта запаленне лёгкіх з незразумелых прычын, якое распаўсюджваецца ў кітайскім Ухані, стала вядома ў снежні 2019 года. А ўжо 30 студзеня 2020 года Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб'явіла гэты ўсплёск надзвычайнай сітуацыяй у галіне грамадскай аховы здароўя, якая мае міжнароднае значэнне, а 11 сакавіка — пандэміяй. І толькі 5 мая 2023 года кіраўнік СААЗ Тэдрас Адханам Гебрэесус абвясціў, што COVІD-19 больш не з'яўляецца сусветнай надзвычайнай пагрозай у галіне аховы здароўя.
Пандэмія COVІD-19 стала прычынай сур'ёзных сацыяльна-эканамічных наступстваў, уключаючы найбуйнейшую сусветную рэцэсію пасля Вялікай дэпрэсіі і недаяданне, якое закранула каля 265 мільёнаў чалавек. Яна прывяла да пераносу або адмены мноства спартыўных, рэлігійных, палітычных і культурных мерапрыемстваў, закрыцця прадпрыемстваў і навучальных устаноў. Якія вынікі пандэміі? Ці можна лічыць вірус COVІD-19 біялагічнай зброяй? Якія яго наступствы для здароўя мы адчуваем і будзем адчуваць яшчэ нейкі час? Якія асноўныя ўрокі падчас пандэміі атрымаў увесь свет? Пра гэта гутарым з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.
— Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што COVІD-19 больш не з'яўляецца сусветнай надзвычайнай пагрозай. Давайце падвядзём пэўныя вынікі пандэміі.
— Афіцыйна было заяўлена, што загінула каля сямі мільёнаў чалавек, але, улічваючы адрозненні ў асаблівасцях падліку некаторых краін, гэтую лічбу падымаюць да 20 мільёнаў. СААЗ назвала гэту пандэмію адной з самых смертаносных у гісторыі.
Аднак былі не толькі чалавечыя ахвяры. Пандэмія нанесла вялікі сацыяльна-эканамічны ўрон, людзі страцілі заработную плату, працоўныя месцы. Паступова з'яўляюцца ўсё новыя факты і выяўляюцца новыя ўскладненні. У розных краінах пачынаюць лічыць эканамічны ўрон, з'яўляецца шмат канспіралагічных тэорый. Некаторыя арганізацыі, у прыватнасці ў Амерыцы, абвінавачваюць Кітай у тым, што вірус быў створаны штучна ў лабараторыі і выйшаў з-пад кантролю.
Насамрэч, калі мы імкнёмся разабрацца ў пандэміі, то быццам бы абмяркоўваем слана, якога трымаем у цёмным пакоі: хтосьці памацаў за ногі і сказаў, што гэта слупы, нехта цягнуў за хвост і сказаў, што гэта вяроўка, нехта тузаў за вушы і сказаў, што гэта шторы. Каб бачыць, што гэта слон, варта выцягнуць яго на свет. Пакуль усе факты да канца невядомыя, але сёння мы нашмат больш ведаем пра вірус.
— Вірус нярэдка называюць біялагічнай зброяй...
— Да біялагічнай зброі ёсць пэўныя патрабаванні. Па-першае, вірус мусіць валодаць вялікай патагеннасцю. Маленькая яго колькасць мусіць лёгка заражаць арганізм. Самай патагеннай бактэрыяй з'яўляецца чума. Лічыцца, што дастаткова адной палачкі чумы, каб чалавек заразіўся. Чым адрозніваецца прыродная чума ад той, якая выкарыстоўваецца ў ваенных мэтах? Апошняя больш устойлівая да антыбіётыкаў, каб хваробу цяжэй было лячыць. З іншага боку, яна больш устойлівая ў знешнім асяроддзі. І калі яна знаходзіцца па-за целам чалавека, то не гіне. Пры гэтым лёгка распаўсюджваецца. І, акрамя гэтага, мае працяглы інкубацыйны перыяд — чалавек не адразу памірае, а нейкі час хвароба развіваецца, і ў гэты перыяд ад яго заражаюцца іншыя людзі.
Калі разглядаць з гэтых пазіцый COVІD-19, то ўсе ўмовы біялагічнай зброі прысутнічаюць: адносна доўгі інкубацыйны перыяд, вірус цяжка паддаецца лячэнню, хутка распаўсюджваецца. Але самая галоўная ўмова, калі лічыць яго біялагічнай зброяй, — каб ён знішчаўся разам са сваім носьбітам. Чума ў гэтым плане недасканалая, бо, калі хворыя на яе людзі памерлі, у глебе, на астанках памерлых застаюцца бацылы. І калі пасля на гэтым месцы будуць жыць іншыя людзі, імавернасць заражэння ў іх застаецца. А вось каранавірус гіне са сваім гаспадаром і знікае бясследна. Таму можна сказаць, што ўсе патрабаванні да лёгкай біялагічнай зброі прысутнічаюць. Многія спецыялісты схіляюцца да таго, што яго можна лічыць вірусна-біялагічнай зброяй.
— Пра ўрон COVІD-19 здароўю шмат сказана, але што самае небяспечнае?
— Як толькі мы пачалі змагацца з каранавірусам, лічылася, што вірус пашкоджвае лёгкія і на гэтым усё. Чалавек вылечыў запаленне, выжыў у рэанімацыі — і перамога. Аднак хутка высветлілася, што ёсць і вельмі непрыемны працяг. І нават з'явіліся тэрміны «лонг ковід» і пастковідны сіндром, якія пакідаюць урон нашаму здароўю і эканамічнаму развіццю кожнай краіны. Ёсць такое паняцце, як індэкс здаровага працаздольнага чалавека: чым горшае здароўе працаздольнага чалавека, тым горш будзе развівацца эканоміка. Важным з'яўляецца здароўе чалавека і для дэмаграфічнай бяспекі: калі ёсць пагроза гэтаму паказчыку, дзяржава будзе вымушана ў перспектыве павышаць пенсіённы ўзрост, каб забяспечваць непрацоўных людзей. Гэта законы эканомікі.
— Як праяўляецца пастковідны сіндром?
— Ён яшчэ не вывучаны да канца, няма адзінага пратакола для яго лячэння, гэтак жа як і спецыфічных аналізаў для дыягностыкі. Калі б мы збіраліся ствараць аддзяленне пастковіднага сіндрому і выбіралі туды ўрачоў, усе спецыялісты, якія ёсць у медыцыне, павінны былі б там працаваць, пачынаючы ад псіхіятра і псіхолага, заканчваючы
гінеколагам, уролагам, неўролагам і акулістам. Ковід б'е па ўсіх органах і сістэмах і абвастрае ўсе хранічныя хваробы.
Пакуль нам вядома, што вірус працуе па двух напрамках. Ён пераўзбуджае імунную сістэму, яна перастае праводзіць распазнаванне па сістэме «свой-чужы» і знішчаць толькі шкодныя для арганізма клеткі, а ліквідуе ўсё без разбору. Гэта з'ява носіць назву цытакінавы шторм. Другі напрамак — па ўсім арганізме ўтвараюцца мікратромбы, якія парушаюць кровазварот у капілярах па тыпу мікраангіяпатыі. І гэтыя дзве праблемы могуць мець развіццё дзе хочаце.
Напрыклад, можа пакутаваць нервовая сістэма, што праяўляецца ў пагаршэнні памяці, зніжэнні інтэлекту, галаўных болях, павышэнні раздражнёнасці або, наадварот, вялікай дэпрэсіі, так званым мазгавым туманам, парушэнні кагнітыўных магчымасцяў і нават панічных атаках. Могуць быць знікненне пахаў ці фантомныя пахі, смакавыя парушэнні.
Калі глядзець з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы, можа павысіцца артэрыяльны ціск, пастаянна будуць халодныя рукі і ногі, што звязана з парушэннем мікрацыркуляцыі, з'явіцца арытмія і розныя іншыя захворванні сэрца. З іншага боку, хвароба зніжае імунітэт. Як вядома, кожны дзень у арганізме чалавека выпрацоўваецца вялікая колькасць ракавых клетак, якія наш імунітэт пазнае і знішчае. Пры зніжэнні імунітэту павялічваецца рызыка анкалагічных хвароб.
З боку апорна-рухальнага апарату можа назірацца такая прыватная з'ява, як асептычны некроз тазасцегнавога сустава, рэзкае развіццё артрозу, які хутка прагрэсуе. З боку страўнікава-кішачнага тракта — змяненне мікрафлоры і парушэнне ператраўлівання ежы, дэфіцыт мікра- і макраэлементаў і вітамінаў.
Пашкоджанне лёгкіх выклікае зніжэнне ўзроўню кіслароду ў арганізме, што прывядзе да пэўных наступстваў. З боку эндакрыннай сістэмы можа развіцца цукровы дыябет, а калі ён меўся, то можа рэзка пачаць прагрэсіраваць. Скура рэагуе свербам, алергічнымі рэакцыямі, сверб можа з'явіцца ў вачах. Яшчэ адно наступства — насмарк. З боку выдзяляльнай сістэмы наступствы COVІD-19 праяўляюцца парушэннем работы нырак, з-за чаго ў арганізме застаецца шмат таксічных рэчываў.
Частая з'ява пасля інфекцыі — хранічная стомленасць, а калі яна была, то моцна ўзрастае. Хранічнай можна лічыць стомленасць, калі такі стан цягнецца больш за шэсць месяцаў, пры гэтым сон не дапамагае — вы прачынаецеся ўжо стомленымі, і стан істотна пагаршаецца пасля нязначнай фізічнай ці эмацыянальнай нагрузкі. На жаль, таксама няма канкрэтнага аналізу, які выяўляе хранічную стомленасць. Пасля перанесенага ковіду яна можа прагрэсіраваць.
Рэпрадуктыўнае здароўе таксама можа пагаршацца і праяўляцца найперш бясплоддзем як з боку жанчын, так і мужчын, што пагражае дэмаграфічнай бяспецы. А як перанесеная вірусная інфекцыя ўплывае на працягласць жыцця, мы пакуль не ведаем. Гэта пакажа толькі час.
Раней мы думалі, што пастковідны сіндром характэрны толькі для людзей, якія цяжка хварэлі. Аказалася, што ён сустракаецца і ў тых, хто перахварэў бессімптомна ці ў лёгкай форме. Яшчэ ёсць поствакцынальны сіндром. Ён падобны на пастковідны сіндром, але нашмат мякчэйшы і хутчэй праходзіць.
Кожная нацыя сутыкаецца з гэтымі наступствамі, і таму можна прыраўняць COVІD-19 да біялагічнай зброі.
— Дык усё ж, на ваш погляд, вірус быў створаны ў лабараторыі ці перайшоў да чалавека ад лятучых мышэй?
— Нават калі ўявіць, што вірус быў адмыслова створаны ў лабараторыі і выпадкова ці не выйшаў з-пад кантролю, у гэтым усё роўна ніхто ніколі не прызнаецца, бо ў адваротным выпадку давядзецца плаціць такія кампенсацыі ўсяму свету, якія не пад сілу ніводнай самай багатай краіне.
Пакуль мы бачым, што выгаду атрымалі хіба што фармацэўтычныя кампаніі, якія распрацоўвалі вакцыны, а таксама лекі ад усіх названых сімптомаў і сіндрому пастковіду. На доўгі час ковід пакінуў свой адбітак на эканамічным развіцці, працаздольнасці людзей і дэмаграфічнай бяспецы кожнай краіны. Кожная з іх самастойна будзе імкнуцца з гэтага выйсці. Аднак варта сказаць, што цяпер COVІD-19 муціруе і ўсё больш нагадвае прастуду. І вучоныя вывучаюць, ці выклікаюць больш лёгкія штамы пастковідны сіндром і як ён далей будзе на нас уплываць.
— Ці ёсць цяпер выпадкі цяжкага ходу хваробы або ўсе пераносяць COVІD-19 як звычайную рэспіраторную інфекцыю?
— Калі ўзяць грып, то ад яго таксама штогод паміраюць людзі. Нават калі для большасці ковід праходзіць цяпер у лёгкай форме, то заўсёды будуць людзі, для якіх ён смяротна небяспечны.
— Ці будзе свет лепш гатовы да магчымых пандэмій у будучыні? Якія ўрокі вынесены пасля пандэміі?
— Кожная краіна выбрала свой шлях барацьбы, і гэта вызначалася не толькі работай медыкаў і эпідэміёлагаў, а найперш той палітыкай, якую вяла кожная дзяржава. Беларусь выбрала шлях, каб захаваць эканоміку і працоўныя месцы. Не было жорсткіх абмежаванняў, людзі працавалі, атрымлівалі заработную плату.
Такую ж палітыку выбрала Швецыя. Калі пандэмія скончылася, высветлілася, што ў некаторых краінах, дзе былі строгі масачны рэжым і жорсткія абмежаванні па перамяшчэнні людзей, колькасць смерцяў была вышэйшая, чым у такіх краінах, як Беларусь і Швецыя. Такія даныя прыводзіць «Бі-бісі». Вядома, усе краіны перанеслі эканамічныя і жыццёвыя страты, але і многаму навучыліся. Таму можна спадзявацца, што да будучых магчымых пандэмій мы падрыхтаваны лепш.
Алена КРАВЕЦ
Ваенны карэспандэнт павінен быць гатовы да ўсяго!
Камарын: аб чым маўчыць Днепр.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?