Вы тут

Што робяць айчынныя прафсаюзы для камфортнага аздараўлення дзяцей


Летам у Беларусі будзе працаваць 5,9 тысячы дзіцячых лагераў, дзе, як мяркуецца, адпачне звыш 377 тысяч малых. Аздараўленчая кампанія для непаўналетніх, пачатку якой папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа, стартавала 1 чэрвеня. Як зрабіць пуцёўку для дзіцяці больш таннай і на што звяртаюць увагу пры падрыхтоўцы да пачатку сезона, расказалі спецыялісты Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.


Фота: БелТА.

На спартпляцоўцы, у пакоі, душавой

Асаблівую ўвагу прафсаюзы аддаюць бяспецы знаходжання дзяцей у аздараўленчых установах і прафілактыцы траўматызму. Тэхнічная інспекцыя працы праводзіць праверку абсталявання дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак, іх адпаведнасці стандартам бяспекі, стану ўсіх памяшканняў — ад пакояў адпачынку да душавых і сталовых.

— Мэта маніторынгу, які праводзіцца тэхнічнай інспекцыяй працы ў маі-ліпені ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем і лагерах з дзённым прабываннем дзяцей сістэмы адукацыі, — упэўніцца, што ўмовы знаходжання дзяцей і працы персаналу адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, — акрэсліла Марына Лясун, галоўны тэхнічны інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. — Сярод найбольш частых парушэнняў — неналежны стан спартыўнага і гульнявога абсталявання, а менавіта тут дзеці могуць атрымаць большасць траўмаў. Згодна з патрабаваннямі новага ДАСТа па выпрабаванні і эксплуатацыі дзіцячага і гульнявога абсталявання, які ўступіў у сілу ў 2020 годзе, мы абследуем надзейнасць мацавання абсталявання, адсутнасць шчылін і іншых няспраўнасцяў, наяўнасць актаў абследавання на кожны від абсталявання (арэлі, каруселі, футбольныя вароты). З апошнім найбольшыя праблемы, ажно да смяротных выпадкаў.

Як сведчыць інспектар, на жаль, фізкультурна-спартыўнае абсталяванне абследавана не ўсюды. Адсутнічаюць таксама парэнчы, што выключаюць падзенне дзіцяці пры карыстанні душавымі паддонамі. Не ва ўсіх лагерах распрацаваны патрабаванні бяспекі, якія забяспечваюць страхоўку дзяцей пры выкананні імі фізічных практыкаванняў.

— Сёлетні маніторынг паказаў, што ў многіх з аздараўленчых лагераў часткова замененая мэбля, набыты бяспечныя абагравальнікі ў пакоі, зроблены капітальны рамонт туалетаў, закуплены электраводанагравальнікі для падагрэву вады ў душавых і рукамыйніках, — дадала спецыяліст.

Правяраецца таксама санітарны стан пакояў. Каб у халодны перыяд дзеці маглі пагрэцца, павінны прысутнічаць абагравальнікі — лета бывае рознае. Звяртаюць увагу на наяўнасць гарачага харчавання і адпаведнага абсталявання сталовых.

Загарадны, палатачны, працоўны

Правяраюць спецыялісты і ахову працы работнікаў у загарадных і школьных лагерах. Ці праводзяцца ўводны і асноўны інструктажы з работнікамі пры прыёме іх на работу, ці распрацаваны службовыя інструкцыі для супрацоўнікаў, а для асоб рабочых прафесій — інструкцыі па ахове працы.

— Напрыклад, кухар і кухонны рабочы — прафесіі, якія аднесены да работ з павышанай небяспекай, паколькі яны працуюць побач з пастаянна дзеючымі небяспечнымі фактарамі: награвальнымі паверхнямі і электраабсталяваннем, — удакладніла Марына Лясун. — Таму перад пачаткам сезона мы правяраем, каб усё абсталяванне на кухні было выпрабавана і праверана спецыялізаванай арганізацыяй і каб дырэктар лагера меў адпаведныя пратаколы вырабаванняў, а таксама загад аб прызначэнні адказных асоб па ахове працы.

У верасні 2022-га Мінадукацыі зацвердзіла правілы бяспекі адукацыйнага працэсу пры аздараўленні дзяцей, згодна з якімі правяраюцца і прапускны рэжым, і рэчы: што можна праносіць у лагер; іншыя акалічнасці. Інспектары высвятляюць таксама, ці правяралася санстанцыяй тэрыторыя на наяўнасць кляшчоў у траве. Перад пачаткам сезона ў лагеры павінны быць апрацаваныя трава і кусты. Правярае аздараўленчыя дзіцячыя ўстановы па сваім кірунку і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, інспектары сочаць, каб у лагеры былі перазараджаныя вогнетушыцелі, пажарныя шчыты, укамплектаваныя рыдлёўкамі і вёдрамі.

Правілы бяспекі ў палатачных лагерах таксама правяраюцца. Палаткі павінны размяшчацца на пэўнай адлегласці ад вады, ліній электраперадачы і высокіх дрэў, а ў кожнай мусіць прысутнічаць дарослы выхавацель.

У лагерах працы і адпачынку палову часу падлеткі з 14 гадоў адпачываюць, а палову працуюць (з пісьмовай згоды бацькоў).

— Інспектары ў такіх лагерах правяраюць наяўнасць дагавораў на працоўныя адносіны, каб падлеткі выконвалі толькі лёгкія работы, прадугледжаныя для непаўналетніх, сочаць за іх забяспечанасцю сродкамі індывідуальнай аховы. Дзеці могуць, напрыклад, працаваць у арганізацыях Зелянбуда на праполцы, у лясгасе на пасадцы дрэў і кустоў, у гандлёвых пунктах раскладваць тавары, — падзялілася спецыяліст. — Кантралюем, ці праводзіцца з падлеткамі інструктаж па ахове працы, бо ў наймальніка яны лічацца не дзецьмі, а работнікамі. А яшчэ сочым за страхаваннем ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і выплатамі наймальнікам адпаведных страхавых унёскаў.

Галіновая інспекцыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі штогод правярае каля 50 лагераў. Праверкі, дарэчы, могуць праводзіцца і падчас функцыянавання лагера, калі ў ім ужо адпачываюць дзеці.

Дарослым — амаль напалову, дзецям — амаль утрая

Акрамя праверак, галіновыя прафсаюзы аказваюць лагерам дапамогу па патанненні пуцёвак. Практычна ў кожным калектыўным дагаворы ў арганізацыях прадугледжана норма аб тым, што пры наяўнасці фінансавых магчымасцяў бакі бяруць удзел у патанненні кошту пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры для дзяцей работнікаў адукацыйных устаноў — універсітэта, садка, школы і іншых, расказала Алена Вярбіла, загадчыца аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:

— Са сродкаў парфсаюзнага бюджэту дапамога аказваецца згодна з Палажэннем аб фондзе дапамогі, якое кожны калектыў прымае самастойна. У кагосьці кампенсацыя складае тры базавыя велічыні, у кагосьці пяць і г. д.

Цікавая практыка склалася ў прафсаюзных арганізацыях НАН Беларусі. Ад агульнага кошту пуцёўкі (напрыклад, 706 рублёў), акрамя дзяржаўнай датацыі (сёлета — 224 рублі), вылічваюцца яшчэ 200 рублёў, якія наймальнікі кампенсуюць супрацоўнікам, яшчэ 80 рублёў пакрывае аб'яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыя Акадэміі навук, што кампенсуецца са сродкаў прафсаюзнага бюджэту канкрэтнай першаснай прафсаюзнай арганізацыі Нацыянальнай Акадэміі навук. У выніку супрацоўнік плаціць за пуцёўку 160—180 рублёў. Ёсць і такая практыка, што наймальнік цалкам аплачвае кошт пуцёўкі або прадугледжвае долевы ўдзел (наймальнік і прафкам). Аднак можна быць упэўненымі, што кожны супрацоўнік — член прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі атрымае паменшаны кошт пуцёўкі, растлумачыла спецыяліст.

— Прафкамы і наймальнік садзейнічаюць таксама санаторна-курортнаму аздараўленню і работнікаў, — удакладніла загадчык аддзела. — Набываючы пуцёўку ў адзін з 12 санаторыяў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), член прафсаюза аўтаматычна атрымлівае скідку на 25 % яе кошту. Акрамя гэтага, прадугледжаны і іншыя магчымасці для змяншэння кошту. Напрыклад, настаўнік Брэста можа напісаць у прафкам сваёй школы заяву з просьбай аказаць матэрыяльную дапамогу ў сувязі з набыццём пуцёўкі ў санаторый ФПБ. Прафкам аказвае дапамогу ў памеры 10 % ад кошту пуцёўкі і піша хадайніцтва ў гарадскую прафсаюзную арганізацыю, якая кампенсуе яшчэ ад 10 да 20 % кошту ў залежнасці ад перыяду запатрабаванасці пуцёвак, і, у сваю чаргу, звяртаецца ў гарадскую ці абласную прафсаюзную арганізацыю, што пакрывае яшчэ 5 %. А цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза на рэспубліканскім узроўні — яшчэ 5 %. У выніку работніку кампенсуецца ад 45 % і больш ад кошту пуцёўкі.

Апошнім часам у санаторыі на адпачынак беларусы сталі ехаць часцей (толькі ў прафсаюзных санаторыях са 130 тысяч адпачывальнікаў 90 тысяч — нашы грамадзяне). Пры гэтым попыт расце, і пра летнюю пуцёўку лепш паклапаціцца ўжо зімой. У дачыненні да непаўналетніх членаў сям'і таксама аказваецца матдапамога. А праз арганізацыі, пуцёўкі якім выдзяляюцца за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацабароны, дзецям да 18 гадоў пуцёўкі ў санаторыі выдаюцца бясплатна.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.