Вы тут

У Брэсце прайшоў штогадовы кніжны фестываль


Традыцыйна ў першыя выхадныя школьных канікул гарадская бібліятэка імя А. С. Пушкіна збірае каля сваіх сцен прыхільнікаў чытання. Маштабны фестываль «Бульвар, які чытае» адбыўся сёлета ўжо ў чатырнаццаты раз. 


Аб гэтым нагадала прысутным арганізатар першага кніжнага фэсту, цяперашні начальнік аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама Святлана Сямашка (Святлана Мікалаеўна тады кіравала бібліятэкай). Яна згадала, як разам з калегамі шукалі шляхі да чытача, тады і нарадзілася ідэя фестывалю. Вырашылі вынесці мерапрыемства за сцены бібліятэкі, такім чынам, прыцягнуць увагу большай колькасці людзей. З той пары нямала памянялася ў форме правядзення фэсту, а сутнасць яго застаецца. На свята прыходзяць юныя чытачы з бацькамі і настаўнікамі, пісьменнікі, бібліятэкары — усе, хто любіць кнігу. Тут ёсць магчымасць пазнаёміцца з тымі, хто кнігі піша, а таксама з тымі, хто іх выдае, хто прасоўвае, прапагандуе кнігу. 

Васіліна — сімвал свята

Пра Біблію Радзівіла Чорнага, выдадзеную у Брэсце амаль 500 гадоў таму, згадаў у прывітальным слове намеснік старшыні Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Валерый Тарасаў: «З той пары Брэст можна лічыць самым чытаючым горадам. Віншую вас са святам і жадаю ўсім адчуць асалоду ад чытання, умець чэрпаць веды з кніг і карыстацца імі». 

Бліжэй да поўдня бульвар Шаўчэнкі абласнога цэнтра ператварыўся ў яркі кірмаш кніг, малюнкаў, разумных забаўлянак. Кругом размясціліся майстар-класы па розных цікавостках. Дзеці размалёўвалі кніжкі, стваралі самі сюжэты, нават разгадвалі рэбусы за сталом, які арганізала інспекцыя па падатках і зборах. Цяперашні дырэктар фестывалю, дырэктар бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Святлана Гарадзецкая адзначыла адметнасць гэтага фестывалю ў яго рухомасці: «Кожны можа свабодна перамяшчацца, знаходзіць для сябе цікавае. Хто смялейшы, падыходзіць да пісьменнікаў, задае пытанні, пры жаданні можа атрымаць аўтограф». Дарэчы, Святлана Гарадзецкая на фэсце была ўзнагароджана граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі. Такім чынам, адзаначана вялікая работа Святланы Іванаўны ў галіне папулярызацыі айчыннай кнігі. 

Брэсцкія пісьменніцы

Пісьменнікі сталі, несумнена, героямі «Бульвара». Дваццаць паэтаў і празаікаў з Брэста, сталіцы, іншых абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў прынялы ўдзел ў мерапрыемстве. Міхась Пазнякоў, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза, расказаў пра новы цікавы праект «Сямейнае чытанне», які прайшоў нядаўна ў Мінску, калі вершы класікаў чыталі вядомыя людзі. Міхась Паўлавіч лічыць, што падобны праект павінен пракрочыць па ўсіх рэгіёнах краіны. На яго думку, прыцягнуць да чытання юных грамадзян можа толькі сям’я, во як тут, калі на фэст прыйшлі з бацькамі, дзядулямі і бабулямі. 

Гродзенская пісьменніца Людміла Кебіч пажадала ўсім юным чытачам, каб канікулы іх праходзілі з цікавай кнігай. Пісьменнікі знаёмілі чытачоў са сваімі героямі, чытачам расказвалі пра сакрэты звяроў птушак, нават пра адметнасці насення васілька. 

Дарэчы, васількоў на свяце было шмат. А сімвалам фестывалю стала дзяўчынка Васіліна. Менавіта яна, паводле сцэнарыя, сабрала сяброў на гэтае свята. Кніжнай сяброўкай Васілінай насамрэч аказалася вучаніца школы № 21 Брэста. Па сакрэту яна сказала аўтару гэтых радкоў, што кнігі чытае ў электронным варыянце, але цяпер пастараецца больш чытаць папяровых кніг. 

Былі на фэсце аўтограф сесіі, арганізаваныя выдавецтвамі, у тым лікуі выдавецкім домам «Звязда». Былі песні і танцы ад самадзейных калектываў, былі конкурсы і ўзнагароды. «Галоўнае, што тут лунае дух кнігі» — падсумавала старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».