Вы тут

«Балетнае лета» пачнецца ў Вялікім тэатры 8 чэрвеня


Гэта фестываль, які дазваляе наталіцца балетам перад доўгімі тэатральнымі канікуламі. Насамрэч аматары балета ведаюць, што разам з беларускімі спектаклямі ў гэты час ёсць магчымасць паглядзець пастаноўкі, якія адмыслова прывозяць госці. Вядома, восем балетных фэстаў прайшло, ёсць разуменне, што гэта падарунак для гледачоў, асабліва для тых, хто выдатна ведае афішу нашага тэатра і хоча чагосьці іншага. Вось, напрыклад, цягам сезону была магчымасць паглядзець і «Лебядзінае возера» на сцэне Вялікага тэатра Беларусі, і дзве прэм’еры — «Жызэль» і «Дон Кіхот» (а хто не паспеў, зараз ёсць выдатная магчымасць гэта зрабіць). Але сёлета да нас упершыню завітаюць госці з Расіі, якіх мы дагэтуль не бачылі, — Варонежскі і Башкірскі дзяржаўныя тэатры оперы і балета. Заяўленыя імі спектаклі прыцягваюць. 


8 чэрвеня на адкрыццё запланавана сустрэча з артыстамі балета з Варонежу. Балет «Прадавец цацак» кампазітара Аляксея Шалыгіна створаны паводле рамана сучаснага пісьменніка Віктара Дабрасоцкага. Харэограф-пастаноўшчык — народны артыст Расіі Андрэй Пятроў. Спектакль пра сучасных людзей, якія жывуць у розных гарадах, сустракаюцца, знаёмяцца, кахаюць. А яшчэ адчуваюць сувязь паміж мінулым і будучым праз выяву далёкага продка. Цуды, што адбываюцца з героямі, узмяцняюць адчуванне свята, якое дораць Каляды. 

У наступны дзень балетная трупа Варонежскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета прадставіць два аднаактавыя спектаклі. «Арлекінада.NEW» — балет Аляксея Айгі ў харэаграфіі Соф’і Гайдуковай распавядае пра каханне, якое прыйшло ў жыццё чалавека. Другі балет нібыта пра тое ж, але тут зусім іншыя жарсці. «Кармэн.NEW» на музыку Жоржа Бізэ таксама паставіла харэограф Соф’я Гайдукова, задаўшыся пытаннем: чаму закаханая жанчына здольная на забойства? Трэба думаць і, вядома, глядзець. 

У наступныя два дні на сцэне Вялікага тэатра Беларусі будуць панаваць артысты Башкірскага тэатра оперы і балета. І тут казка сыходзіцца з каханнем, бо балет Уладзіміра Купцова «Аленькая кветачка» (паказ 10 чэрвеня) — насамрэч харэаграфічнае ўвасабленне вядомай з дзяцінства казкі. Таму ў гэты вечар можна смела ісці ў тэатр з дзецьмі — ім будзе цікава вучыцца разумець мастацтва харэграфіі і балет наогул праз вядомых герояў, адносіны якіх разгортваюцца ў маляўнічых дэкарацыях. 

Балет азербаджанскага кампазітара Арыфа Мелікава «Легенда пра каханне» (11 чэрвеня) дасць магчымасць беларускім гледачам пазнаёміцца з харэаграфіяй славутага Юрыя Грыгаровіча. Вядома, ён майстар, які вымагаў ад артыстаў выключнай тэхнікі, поўнай акцёрскай аддачы. Тым больш, калі трэба паказаць сапраўдныя ўсходнія жарсці, бо ў аснове балета паэма Нізамі Гянджэві, якую турэцкі паэт Назым Хікмет перастварыў у драму, стаўшую лібрэта. Гэта адзін з легендарных балетаў з савецкіх часоў, які ахвотна ставілі ў розных тэатрах свету. Варта ведаць і глядзець, бо спектакль увайшоў у гісторыю сусветнага харэаграфічнага мастацтва разам з імем яго пастаноўшчыка. 

Дарэчы, у нас таксама ёсць свае балетныя легенды. І зноў у актыўнай працы народны артыст Беларусі Валянцін Елізар’еў. Парадуемся і адзначым узровень працы трупы ў «Лебядзіным возеры» Чайкоўскага (13 чэрвеня), якое ідзе ў нашым тэатры ў пастаноўцы Елізар’ева. Але ж у нас фестываль, таму варта чакаць сюрпрызаў: партыю Адэты-Адыліі выканае прыма-балерына Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) Аксана Скорык. А ў пары з ёй у партыі Зігфрыда аматары беларускага балета будуць рады бачыць (нашага!) Эвэна Капітэна, які цяпер з’яўляецца першым салістам «Марыінкі». 

Наступны дзень зноў падорыць сустрэчу з елізар’еўскай трактоўкай балета Людвіга Мінкуса «Дон Кіхот». Праўда, партыі Кітры і Базыля выканаюць народныя артысты Башкартастана Валерыя Ісаева і Рустам Ісхакаў.

І яшчэ адна прэм’ера сзона, які сыходзіць, — балет «Жызэль» Адольфа Адана ў пастаноўцы галоўнага балетмайстара Вялікага тэатра Беларусі, заслужанага артыста Расіі Ігара Колба. 15 чэрвеня да беларускіх артыстаў балета далучацца запрошаныя зоркі з Берлінскага дзяржаўнага балета Ксенія Аўсянік і Дзіну Тамазлакару, якіх мы ўбачым у галоўных партыях. 

На развітанне «Балетнае лета» звычайна прапануе Гала-канцэрт зорак балета (16 чэрвеня). Яркія ўрыўкі са спектакляў і харэаграфічныя кампазіцыі разам з беларускімі артыстамі прадставяць госці з расійскіх тэатральных калектываў – Аксана Скорык, Эвен Капітэн, Дзмітрый Сабалеўскі, Булган Рэнцэндорж і Алег Мангадаеў, Кацярына Пярвушына. «Балетнае лета» ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі складаецца так, каб да адкрыцця новага сезона можна было жывіцца вытанчанымі эмоцыямі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?