З першага погляду дом Іны Родак абудзіў маю даўнюю асацыяцыю: менавіта такой некалі ўявіла сабе аграсядзібу, калі толькі пачула гэтае слова. Да слова «сядзіба» не надта пасуюць цяперашнія гмахі-катэджы з усімі суперсучаснымі выгодамі, з банкетнымі заламі на падворку, дзе з лёгкасцю можа размясціцца сотня чалавек, з асобнымі кухнямі і іншымі падсобнымі пабудовамі. Сядзіба — гэта пра старую хату з бабулінымі ручнікамі і саматканымі ходнікамі, з чыгунамі на прыпечку і дымам з коміна.
Скажаце, пералічанае на аматара, бо сучасныя турысты аддаюць перавагу высокага ўзроўню камфорту? Ды і для гаспадароў агратурызм нярэдка становіцца бізнесам з усімі яго законамі. Не магу не пагадзіцца. Але добра, што ўсё ж трапляюцца людзі, якія робяць акцэнт не столькі на заробку, колькі на вывучэнні і папулярызацыі гісторыі, народных традыцый, звычак, кухні. Ёсць людзі, для якіх гэта не столькі работа, колькі хобі. Як выглядае, Іна адна з такіх.
Гэты дом яна купіла зусім выпадкова, тады ёй так падавалася, а цяпер яна лічыць, што лёс настойліва вёў сюды, у невядомую раней невялікую вёску Драгічынскага раёна. Яна, мінчанка ў трэцім пакаленні, ніколі не чула пра тое Закляценне, ні сваякоў тут не было, ні знаёмых.
Паводле слоў Іны, нарадзілася і вырасла ў Мінску, там вучылася, там працавала. У яе быў свой невялікі бізнес, па яго справах нейкі час працавала ў Расіі. Але крызіс 2010 года паўплываў на стан спраў не лепшым чынам, а тут яшчэ дабавіліся асабістыя праблемы. Адным словам, крыху больш за дзесяць гадоў таму яна разышлася з мужам, засталася з даўгамі-крэдытамі, дачкой-студэнткай і дэфіцытам душэўнай раўнавагі. Казала, што яшчэ з пачатку 2000-х з'явілася адчуванне, што мегаполіс не яе стыхія. А тут быццам бы і нагода нешта перамяніць. Адным словам, вырашыла з'язджаць з Мінска, заадно ратаваць астаткі бізнесу ў Белаазёрску (раней там было ў яе невялікае прадстаўніцтва).
— Я зняла кватэру ў гэтым невялікім горадзе і з галавой акунулася ў справы, — расказвае Іна. — Мая суседка, Любоў Паўлаўна Брашко, сталая жанчына, стала мне добрым сябрам. Неяк Любоў Паўлаўна мімаходзь спытала, ці не хачу я сабе хаціну ў якасці дачы, усяго за 25 кіламетраў ад Белаазёрска. Дом прапаноўваўся фактычна ў падарунак. Як высветлілася, хата ў Закляценні стаяла зачыненая ўжо чвэрць стагоддзя, а гаспадыня вельмі не хацела, каб дом яе дзяцінства знеслі. Ну і з'ездзіла тады паглядзець, не столькі з цікаўнасці — найбольш, мабыць, з ветлівасці.
Разгледзець пабудову ў зарасніку за сотняй дзікіх сліў (калі карчавалі, іх палічылі), паваленымі дрэвамі, непралазным хмызняком, старымі яблынямі аказалася не так проста. Потым, калі прыйшла ў сельсавет афармляць участак, там здзівіліся: «А хіба ў тым месцы ёсць дом?»
А тады, неяк праціснуўшыся па тых джунглях, літаральна застыла перад аграмадным, раскошным, векавым дубам. Ён быў як увасабленне нечага сапраўднага, непахіснага. Той дуб, мабыць, усё і вырашыў. Раптам адчула, што вось тут ёсць будучыня, тут абавязкова чакае нешта добрае. Ну і ўзялася за афармленне дома.
Найперш давялося расчышчаць участак, карчаваць лішнюю расліннасць, ачышчаць ад хламу сам дом. Важна, што хата была сухая, нідзе не назіралася слядоў сырасці або цвілі. Падлога, столь, сцены — усё захавалася ў здавальняльным стане. «Наогул, дом мае вельмі добрую энергетыку, — кажа гаспадыня. — Цяпер і госці мае нярэдка заўважаюць. На гэтым месцы дом стаіць з 1960-х гадоў. Але, як высветлілася, яго аднекуль перавезлі. Магчыма, у кампанію перасялення хутароў. Па ўсім відаць, што хата пабудовы пачатку ХХ стагоддзя, двухметровая столь, планіроўка — усё на тое ўказвае. Куфар вось застаўся аўтэнтычны...
А яшчэ хата мне, як ні дзіўна, нагадала пра бабулю. Бабуля Вольга Ціханаўна — адно з самых цёплых успамінаў дзяцінства. Яна была вялікай майстрыхай, рукадзельніцай, што дапамагло ёй выжыць у вайну. Яна ткала, шыла, вышывала, вязала пуховыя хусткі... І тут адчувалася атмасфера ўмелай гаспадыні. Адсюль, думаю, і энергетыка дома, у ім жылі нястомныя працаўнікі».
Адным словам, Іна жыла ў Белаазёрску і пакрысе ўладкоўвала гэтую хату. Наймала людзей: дапамагалі расчышчаць, зносіць лішняе. Так набываў абрысы падворак, з'явілася агароджа. Некаторыя суседзі назіралі за ўсім гэтым з пэўнай доляй іроніі. Адзін нават прама сказаў: «Яна адсюль праз год уцячэ». Ды, як высветлілася, яны глыбока памыляліся. Потым давялося прызнаваць сваю памылку.
Неяк па рэкамендацыі суседа яна папрасіла вяскоўца паставіць агароджу. Віктар дапамог гэта зрабіць, потым прыходзіў зноў пакасіць, яшчэ нешта зрабіць па гаспадарцы. Як кажа Іна Леанідаўна, ён стаў прыглядацца да яе, ну і яна прыглядалася. Чым скончыліся тыя агледзіны, цяпер вядома. Родак — гэта іх агульнае прозвішча. Узнікла каханне, стварылі сям'ю, пасяліліся ў гэтым доме. Пражылі ў ім два гады. Вада была з калодзежа, ніякіх выгод. «Як я перажыла столькі часу ў такіх спартанскіх умовах, не ведаю, — смяецца жанчына, — не заўважала нават, усе клопаты на дваіх дзялілі, цешыліся адно адным». Цяпер яна ведае, што позняе каханне самае трывалае.
Потым муж з жонкай купілі другі дом, больш дыхтоўны, уладкавалі яго, цяпер жывуць там. Ён на адной вуліцы, тры мінуты хадзьбы, а гэты рашылі ператварыць у аграсядзібу. Віктар Яўгенавіч па-ранейшаму працуе ў музычнай школе, а яна цалкам займаецца сваім праектам.
— Мне гэта цікава, я зразумела, што гэта маё, што ў гэтай справе таксама ёсць магчымасць самарэалізацыі. Ну і муж задаволены, што я заўсёды дома, а не занятая сваім бізнесам у рэжыме: 24/7. Мы разумеем, што вялікіх грошай не заробім, і мэту такую не ставім. Мне цікава, каб усё было так, як мы хочам, як уяўляем сабе.
Яна з задавальненнем ездзіць па вёсках, купляе старыя ручнікі, пакрывалы, вышытыя рэчы. У краі бездзежскіх фартушкоў знайсці такую прыгажосць нескладана. Пакой у хаце яна ўладкавала цалкам у вясковым стылі. Усе ручнікі, сурвэткі, посцілкі тканыя, зробленыя рукамі ўмеліц, рэстаўрыравалі нават старыя крэслы. Бацькі мужа падарылі старадаўні ложак, які арганічна ўпісаўся ў інтэр'ер.
Цяпер тут на пачэсным месцы вісіць вышыванка бабулі Іны. Яе маці вельмі даражыла ёю, паўсюль вазіла з сабой, а калі пабывала ў дачкі, наведала музей «Бездзежскі фартушок», то выняла з шафы сваю дарагую рэліквію і аддала дачцэ.
Тыя ружы, вышытыя бабуляй Вольгай, калі ёй было 75 гадоў, цяпер змешчаны за рамкай насупраць увахода. Нядаўна тут зрабілі вялікі драўляны стол, падвялі на кухню цёплую ваду. У планах — абсталяваць санвузел з былой каморы. А пакуль турысты абыходзяцца летнім душам. Да яе едуць тыя, хто шукае цішыні, спакою, сузірання прыроды. Кампаніі для п'янак тут не прымаюць. Асноўны кантынгент сядзібы «Паветра» — людзі з пэўным узроўнем адукацыі і культуры. Нярэдка бываюць сталічныя айцішнікі, якія могуць і папрацаваць, і адпачыць на свежым паветры. За хатай ёсць невялікі закуток, дзе паставілі канапку і столік, тут можна выпіць кавы. Дык госці назвалі той закуток «Балі», бо там папараць расце. Ад іх пачула: «Пойдзем на Балі». Самой спадабалася, цяпер будзе казаць гасцям, што на Купалле на тым «Балі» папараць-кветку можна пашукаць.
Ходзім з гаспадыняй па вялікім падворку, і не перастаю здзіўляцца, як тут усё цікава арганізавана: кветнік па прынцыпе саду няспыннага цвіцення, далей невялікі малады грушавы сад, за ім — плантацыя вішань, некалькі кустоў малін і буякоў — усё для турыстаў. Пасярэдзіне вялікі кусцісты ядловец не парушае агульную карціну, а, наадварот, глядзіцца вельмі нават да месца. Аказалася, тут быў напаўразвалены хлеў, яго знеслі, а гаспадыня ў першы ж год пасадзіла куст ядлоўцу. На месцы былога хлява, дзе стаяла карова, расліна пачувае сябе вельмі камфортна.
Ну, і вянец гэтага прыроднага царства — дуб. У сярэдзіне мая, калі ўсё кругом буяла зялёнай лістотай, гэты гмах яшчэ і не думаў распускацца. Як растлумачыла гаспадыня, дуб зімовы, ён толькі леташняе лісце скінуў у сакавіку, а цяпер вось няспешна збіраецца выпусціць з пупышак зеляніну. Іна ўсё вывучае, усім цікавіцца. Спецыяліста лясгаса прыводзіла, каб дапамог вызначыць узрост дуба. Сказалі, што дакладна больш за сто гадоў дрэву. Як высветліла, тут раней былі спрэс дубровы. Пасля актыўнай фазы меліярацыі раслінны свет стаў мяняцца, дубоў значна паменела.
А муж таксама захапіўся садаводствам, аднаўляе старыя яблыні. Яна вырошчвае розныя сарты ружаў, сказала, што мае намер павялічваць прысутнасць ружаў на падворку. Адным словам, старая хата ў такім цудоўным садзе зайграла нейкімі новымі краскамі і адценнямі. Гэта ацанілі многія, хто пабываў. Адна турыстка са сталіцы ўжо чацвёрты раз прыязджала: спачатку — адна, потым з сястрой, з маладым чалавекам, з сябрамі. Іна ўсіх ахвотных возіць на экскурсіі. Недалёка музей Напалеона Орды, Моталь з яго музеямі. «Тут зусім побач — Спораўскі заказнік, мы акружаныя балотамі. Цяпер я актыўна занялася вывучэннем экаінфраструктуры, экалагічных сцяжын, на гэта ёсць попыт у сучаснага турыста, важна валодаць інфармацыяй, — лічыць гаспадыня аграсядзібы. — Побач з намі ўнікальны музей «Бездзежскі фартушок». Для тых, хто хоча ўбачыць нешта новае, праграма знойдзецца».
Таксама ў планах гаспадыні зрабіць у хаце невялікую выстаўку рэпрадукцый з альбомаў Луізы Бойд. Гэта вядомая падарожніца, што вывучала жыццё Палесся ў пачатку ХХ стагоддзя. Там жа бездань інфармацыі пра жыццё гэтага краю ў пачатку стагоддзя, пра рамёствы, побыт, святы. «У мяне ёсць не толькі кніга, але здымкі ў электронным выглядзе, іх толькі трэба належным чынам аформіць. Вось сюды, на кухню, — паказвае, — думаю павесіць ілюстрацыю працэсу выпечкі хлеба. Будзе нагляднасць для экскурсій».
Цяпер ёй і мама парады дае па ўладкаванні аграсядзібы. Маме ідзе 87-ы год. Яна прадала кватэру ў Мінску, для яе купілі кватэру ў Белаазёрску, цяпер яна жыве побач з дачкою. Любіць беларускую літаратуру, чытае па-беларуску і прозу, і вершы. Радуецца, што дачка знайшла сябе ў новай справе.
Яшчэ Іна паспяхова рэалізоўвае сябе як гаспадыня, яна цудоўна гатуе. Апельсінавы кекс, якім мы частаваліся, у роце раставаў. Разыначку прыдаваў яе фірмовы травяны чай. Здольнасці, відаць, ад прабабулі-францужанкі. Некалі прадзед у Польшчы пазнаёміўся з прыгажуняй Канстанцыяй і прывёз яе ў Беларусь. Гэта асобная цэлая гісторыя. Але сямейнае паданне гаворыць, што Канстанцыя ўмела ўсё. Па ёй пайшлі, як відаць, і дачка, і ўнучка, і праўнучка.
Чаму «Паветра»? — пытаюся пра назву аграсядзібы. «Ведаеце, — расказвае, — ляжу ў гамаку, гляджу ў нябёсы, думаю пра лёсы сусвету, і раптам такім лёгкім прыемным ветрыкам павеяла на твар — проста адчула смак паветра. Яно ж тут чыстае, празрыстае. І так хораша на душы зрабілася. Нібы хто прашаптаў гэтую назву».
Святлана ЯСКЕВІЧ
Драгічынскі раён
Фота аўтара і з архіва гераіні
Ваенны карэспандэнт павінен быць гатовы да ўсяго!
Камарын: аб чым маўчыць Днепр.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?