Вы тут

Прадстаўнікі ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ пабывалі на экскурсіі ў Палацы Незалежнасці


Група з прадстаўнікоў афіцэрскага і выкладчыцкага складу ваенна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта наведала з экскурсіяй Палац Незалежнасці, паведамляе БелТА. Магчымасць пабываць на галоўнай дзяржаўнай афіцыйнай пляцоўцы стала для іх своеасаблівым падарункам і дапаўненнем да шэрага святочных мерапрыемстваў з выпадку 90-годдзя ўтварэння факультэта, якое адзначаецца 11 чэрвеня.


Удзельнікі экскурсіі, як і тысячы іншых, хто пабываў тут да іх, змаглі на свае вочы пераканацца, што Палац Незалежнасці — гэта не закрытая і не строга афіцыйная пляцоўка, як можа здацца па сюжэтах навін або знешнім абліччы будынка. На самай справе яго залы напоўнены рознымі экспанатамі, інтэр’ернымі аб’ектамі, што стварае асаблівую атмасферу і настрой. Напрыклад, у Зале ўрачыстых цырымоній, куды ў першую чаргу трапляюць экскурсанты, рэгулярна выстаўляюцца прадметы мастацтва. Цяпер тут прадстаўлена экспазіцыя карцін «У святле подзвігу», якая прысвечана Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне і ўключае 25 работ беларускіх мастакоў. А яшчэ ўсюды шмат фатаграфій — як афіцыйных, з важных мерапрыемстваў рознага ўзроўню, так і вельмі атмасферных здымкаў з разнастайных сустрэч, падзей, у тым ліку з асабістага архіва кіраўніка дзяржавы.

Многія дэталі інтэр’ера шчодра дэкарыраваны нацыянальнымі арнаментамі, што падкрэслівае асноўны тэзіс пра палац — ён зроблены беларусамі і з беларускага.

«Вельмі западае ў душу шматграннасць нашых беларускіх майстроў, якія паказалі тут усё сваё ўменне, увасобілі яго ў метале, дрэве, камені. Палац Незалежнасці — гордасць усёй нашай беларускай нацыі, народа», — падкрэсліў у размове з журналістамі начальнік факультэта Андрэй Пачобыт.

На яго думку, асабліва каштоўная магчымасць наведаць палац і паказаць яго маладому пакаленню. «Пабываўшы тут, насычаешся асаблівай энергетыкай, умацоўваешся ў сваіх патрыятычных пачуццях. Я ўпэўнены, што наш калектыў, наведаўшы Палац Незалежнасці, яшчэ больш прасякнецца пачуццём гордасці да сваю краіну, больш зразумее, якія цяжкія задачы тут вырашаюцца на ўзроўні дзяржавы. І ўсё гэта ў канчатковым выніку паўплывае на выхаванне моладзі, слухачоў нашага факультэта», — дадаў начальнік факультэта.

«Дакрануцца да навейшай гісторыі нашай дзяржавы — гэта вельмі ганарова. Знаходзячыся тут, у палацы, мы ганарымся сваёй краінай, яе дасягненнямі ў сусветнай палітыцы, якія былі і будуць, — падкрэсліў намеснік начальніка факультэта па вучэбнай і навуковай рабоце — першы намеснік начальніка Ігар Янкоўскі. — На мой погляд, сюды ў першую чаргу трэба прыводзіць моладзь. Бачачы гэту прыгажосць, неверагодныя па прыгажосці і творчасці рэчы, дзеці будуць разумець, да чаго трэба імкнуцца, і будуць правільна вызначаць мэты для свайго далейшага развіцця. Таму што менавіта тут, у цэнтры нашай краіны, у цэнтры нашай сталіцы, закладзена, як сказаў кіраўнік дзяржавы, аснова для далейшага развіцця беларусаў як нацыі. Мець такі цудоўны будынак! Мяне перапаўняе гонар за сваю краіну. Гэта падкрэслівае статус нашай рэспублікі, яе незалежнасць, самастойнасць. А тое, што зроблена гэта беларускімі спецыялістамі, надае яшчэ большую значнасць Палацу Незалежнасці».

Даведаўшыся ў час экскурсіі, у якія сціслыя тэрміны ўзводзіўся палац і як зладжана трэба было працаваць розным падраздзяленням і спецыялістам, каб не дапусціць памылак на такім адказным аб’екце, Ігар Янкоўскі зрабіў для сябе выснову, што гэты вопыт можна ставіць у прыклад таго, як трэба працаваць усім. «Я горды за нашых будаўнікоў, інжынераў, за наша кіраўніцтва і грамадзян краіны», — сказаў ён. Спецыяліст запэўніў, што на факультэце ў размове з курсантамі, студэнтамі абавязкова пастараецца перадаць свае эмоцыі ад наведвання палаца, але лепш прыкладзе намаганні, каб усе яны таксама змаглі пабываць у гэтым будынку.

«Мы, беларусы, можам ганарыцца тым, што ў нас ёсць такое грандыёзнае збудаванне, і тым, што мы самі яго стварылі, у тым ліку яго напаўненне. Радасна, што ў гэтых сценах вырашаюцца лёсы людзей, прымаюцца адказныя рашэнні на сусветным узроўні. Я ганаруся, што пабывала ў такім месцы, якое мае гістарычнае значэнне для нашай краіны», — сказала выкладчыца факультэта Ганна Бальшакова.

Ваенна-тэхнічны факультэт створаны ў 2003 годзе на базе ваеннай кафедры Беларускага політэхнічнага інстытута, якая вядзе сваю гісторыю з 1933 года. Афіцэраў (пераважна інжынернага профілю) рыхтуюць для ўзброеных сіл, іншых сілавых структур і ведамстваў. Навучанне на факультэце праходзіць па трох спецыяльнасцях: «Эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў», «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў» і «Эканоміка і кіраванне».

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?