Вы тут

Лукашэнка: Маё галоўнае патрабаванне — гэта справядлівае стаўленне


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па бягучых пытаннях уступнай кампаніі, з-за якіх на мінулым тыдні ўзнялася «цэлая буча». Нагадаем, на мінулым тыдні падчас кадравых прызначэнняў кіраўнік дзяржавы пракаментаваў сітуацыю з цэнтралізаваным экзаменам і раскрытыкаваў сістэму падліку балаў. Усё пачалося з таго, што пасля правядзення ЦЭ па беларускай і рускай мовах сталі паступаць шматлікія звароты ад дзяцей і бацькоў з просьбай растлумачыць, чаму атрыманы бал у некаторых выпадках ніжэйшы, чым падчас рэпетыцыйнага экзамена Прэзідэнтам была пастаўлена задача праверыць арганізацыю цэнтралізаваных экзаменаў удакладніць атрыманыя вынікі. У той жа дзень, 30 мая, была сфарміравана міжведамасная камісія для праверкі карэктнасці апрацоўкі вынікаў першага цэнтралізаванага экзамена. Па выніках яе работы 2 чэрвеня Міністэрства адукацыі паведаміла, што рэзультаты першага цэнтралізаванага экзамена пералічаць па новай методыцы.


Аднак сённяшняя нарада на найвышэйшым узроўні была сабрана не для «разбору палётаў». «Я не хачу слухаць даклады і разбірацца ў нейкай бязладзіцы ўступных іспытаў, асабліва па тых скаргах, якія былі пасля здачы цэнтралізаванага экзамена. Цэнтралізаванае тэсціраванне, цэнтралізаваны экзамен — нахамуталі далей няма куды. Пытанне не ў гэтым, хаця пра гэта мы таксама пагаворым. Але мяне больш цікавіць, як будзем далей жыць. Гэту праблему мы вырашылі. Людзі разумеюць, як мы балы гэтыя лічым, перакладаем не перакладаем. Зрабілі сістэму больш зразумелай», — задаў тон нарады Прэзідэнт. Па яго словах, правядзенне цэнтралізаванага экзамена і падлік балаў — вельмі важнае пытанне. Але пытанне не толькі ў гэтым. «Важна, як мы будзем далей ажыццяўляць набор у ВНУ нашай моладзі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства — міністр адукацыі Андрэй Іванец, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк, прадстаўнікі профільных камісій абедзвюх палат парламента, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі рознага ўзроўню.

«Для чалавека самае галоўнае — гэта здароўе і адукацыя. Няма здароўя, няма адукацыі, няма чалавека. У гэтым аснова маіх перажыванняў па сістэмах аховы здароўя і адукацыі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў пра нядаўнюю нараду па пытаннях сістэмы аховы здароўя, дзе былі вызначаны самыя праблемныя пытанні, пастаўлены канкрэтныя задачы па іх вырашэнні і акрэслены канкрэтны тэрмін выканання даручэнняў. «Да 1 студзеня ахова здароўя павінна прыйсці ў прытомнасць. Пакуль я не бачу, каб там, на поўную моц разгарнуліся і выконваліся гэтыя пытанні. Але я хачу, Ігар Віктаравіч (Петрышэнка — намеснік прэм’ер-міністра — Зв.) вас і прэм’ера папярэдзіць: глядзіце, каб не было балюча. Мы кантралюем выкананне маіх даручэнняў. І ніхто сёння моцна не разгарнуўся. Я вам раю пачаць выконваць мае даручэнні па ахове здароўя», — заўважыў Прэзідэнт. Ён папярэдзіў, што такі ж глыбокі аналіз, як у сістэме аховы здароўя, чакае і сістэму адукацыі. І паступленне моладзі ў ВНУ будзе першым пытаннем да сістэмы адукацыі. 

Тэхнічнага збою не было, была патрэбна зразумелая сістэма

Што да сітуацыі з падлікам балаў цэнтралізаванага экзамена, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ім былі дадзены даручэнні Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Ігару Сергеенку дасканала разабрацца ў ацэньванні вынікаў тэсціравання. Праверка паказала, што тэхнічнага збою не было, сістэма падліку балаў, якая прымяняецца на цэнтралізаваным тэсціраванні з 2019 года, спрацавала правільна. «І я не падвяргаю сумненню тое, як вы там лічылі. Мае прэтэнзіі ў тым, што людзі вас не разумеюць. Ні будучыя студэнты, абітурыенты, ні бацькі, ні іншыя людзі не разумеюць, што вы там нахамуталі, што вы прыдумалі. Ну няўжо нельга было стварыць дакладную зразумелую простую сістэму? Паглядзелі бацькі „а, зразумела. 10 балаў“, іншы паглядзеў — 8 балаў і гэтак далей. А вы пачалі там... Я не кажу, што гэта была няправільная сістэма, але занадта разумная. Вы яе стварылі самі для сябе», — адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што былі разбежкі, нестыкоўкі паміж вынікамі рэпетыцыйнага тэсціравання і цэнтралізаваным экзаменам. «Людзі ж супаставілі і бачаць, што хлопец ці дзяўчына, якія атрымалі больш балаў, апынуліся ў горшым становішчы або як там было. Патрэбна была звычайная нармальная дакладная сістэма», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Да 2024 года жалезабетонна вызначыцца з сістэмай паступлення

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што адным з пытанняў да сістэмы адукацыі стане мэтаназгоднасць таго, што са школы ўбралі выпускныя экзамены. «Я як былы настаўнік разумею, што экзамен у школе — гэта вянец усяму. Ішлі як на свята, настаўнікі задаволеныя. Я прымаў экзамен. Нічога дрэннага там не было», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што раней у школах было больш выпускных экзаменаў, потым сталі спрашчацца — праводзілі чатыры экзамены. «А потым дайшлі да таго, што не трэба ў школах экзамены. Мы здаем адзіны іспыт цэнтралізаваны — ён і туды і сюды. Я не знаходжу нічога станоўчага. Мы прыбралі самы галоўны вынік працы ў школах, вянец гэтага і павезлі дзяцей у нейкія зборна-прыёмныя пункты здаваць цэнтралізаваны экзамен. Само па форме неяк не вельмі», — сказаў ён. Прэзідэнт упэўнены, што дзеці, здаючы школьны экзамен, трэніруюцца і рыхтуюцца здаваць іспыты ў ВНУ, больш сур’ёзныя. «І потым, калі ты 11 гадоў нармальна вучыўся, то ты здасі экзамен у школе», — дадаў ён. 

Адным з аргументам на карысць цэнтралізаванага экзамена і яго перавагамі перад школьнымі выпускнымі экзаменамі было забеспячэнне аб’ектыўнасці ў адзнаках, немагчымасць «падагнаць» адзнаку. Але, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, вынікі цэнтралізаванага экзамена суадносяцца і супадаюць з вынікамі экзамена ў школе. «Дык навошта са школы забіралі экзамены?», — задаў пытанне Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна вызначыцца, як будуць падводзіцца вынікі сярэдняй адукацыі ў школах, якія экзамены будуць здаваць выпускнікі. «Пры паступленні ў ВНУ мы павінны вызначыцца: ці пойдзем шляхам зноў цэнтралізаванага тэсціравання, калі сядзяць і тыкаюць пальцам у неба, або будзем здаваць іспыты, шляхам сумоўя, выкарыстоўваючы тую сістэму, якая добра сябе зарэкамендавала? Ці гэта будзе нейкі сімбіёз, сумесь таго і другога? Мы павінны дакладна вызначыцца, гэта не для гэтага года. Але для наступнага года — жалезабетонна», — канстатаваў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы зноў анансаваў правядзенне вялікай нарады па заяўленай тэматыцы па аналогіі з тым, як гэта было нядаўна па рабоце сістэмы аховы здароўя. Асноўным пытаннем будзе правядзенне ўступнай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры яго абмеркаванні хацеў бы пачуць розныя, няхай нават палярныя пункты гледжання спецыялістаў, каб на іх аснове можна было выпрацаваць узважанае рашэнне. «Нам трэба канчаткова вызначыцца, каб гэта было зразумела бацькам, зразумела абітурыентам будучым. І каб грамадства нас разумела», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Пытанне адукацыі ён назваў найважнейшым, без якога не можа быць краіны. 

«Падкрэслю, памылак ці, не дай бог злоўжыванняў, быць не павінна. Вы маю пазіцыю ведаеце: павінна быць справядліва і зразумела для людзей», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым, па яго словах, не трэба баяцца прызнаваць памылкі, калі яны ёсць. Трэба іх своечасова выпраўляць, а хавацца і нечага баяцца не трэба. 
«Яшчэ раз паўтараю. Маё галоўнае патрабаванне — гэта справядлівае стаўленне. І асабліва справядлівасць пры здачы экзаменаў. Гэта маладыя людзі, будучая эліта, будучыя кіраваўнікі нашай краіны. Яны робяць першы рашучы свядомы крок у нармальнае жыццё. І гэты крок павінен быць без усялякіх праблем і падазрэнняў», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён нагадаў, што на нарадах, калі новая сістэма ўступнай кампаніі абяіркоўвалася, на пытанні Прэзідэнта, ці добрая гэта сістэма, спецыялісты запэўніўнівалі, што ўсё нармальна. «Аказваецца, ненармальна — куча пытанняў. Але калі ёсць пытанні, іх трэба здымаць, іх трэба рашаць», — заўважыў ён. Рашэнне гэтых пытанняў будзе прааналізавана на вялікай нарадзе, прысвечанай сістэме адукацыі. 

Прэзідэнт нагадаў адказным асобам пра неабходнасць кантролю за якасцю школьных падручнікаў: «Не забывайце пра падручнікі. Галоўнае ў школе — гэта падручнікі. Усе задачы некалькі гадоў таму былі пастаўлены. Вывучыце разам з Камітэтам дзяржаўнага кантролю, як вырашаецца гэта праблема».

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуўся да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі, які працаваў міністрам адукацыі да назначэння на гэтую пасаду Андрэя Іванца. «Ты ўчарашні міністр адукацыі. Табе было даручэнне — знаходзіцца год-два побач з міністрам, унікаць у гэтую сістэму і выказваць свой пункт гледжання і пазіцыю. Пакуль я не бачу тваёй пазіцыі. Таму далучайся. Ты усё жыццё ў адукацыі. І ў цябе ёсць людзі, якія многае могуць падказаць, параіць. Трэба прыцягваць, акумуляваць іх меркаванні і таксама ўносіць прапановы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Мэтавікі павінны разумець, што ім прыйдзецца адпрацаваць пэўны час

Таксама Прэзідэнт звярнуў увагу на набор абітурыентаў па мэтавую форму падрыхтоўкі. «Я хачу папярэдзіць па мэтавіках: людзі павінны разумець, што яны атрымліваюць адукацыю і вяртаюцца на канкрэтнае месца работы. Замуж, не замуж — усё роўна адпрацаваць трэба. Вядома, мы па-чалавечы будзем падыходзіць. Але мэтавікі павінны дакладна разумець, што ім давядзецца, паводле дамоўленасці, адпрацаваць пэўны час. І гэты час павінен быць салідным. Не два-тры гады, а мінімум пяць гадоў», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да мэтавікоў будуць падыходзіць па-чалавечы і таму магчымы выключэнні, але ў адзінкавых выпадках. 

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў удзяліць мэтаваму набору сур’ёзную ўвагу: «Ад гэтага мы нікуды не сыдзем, таму што нам патрэбны і настаўнікі, і ўрачы, і аграномы, і заатэхнікі на канкрэтным месцы ў канкрэтным рэгіёне. І людзі, якія жадаюць паступаць у ВНУ і несці абавязацельствы па мэтавым прызначэнні, ёсць. Іх хапае, таму трэба падтрымліваць. У асноўным гэта дастойныя людзі, якія ідуць і працуюць», — адзначыў ён.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што менавіта такіх падыходаў і прытрымліваюцца пры правядзенні ўступнай кампаніі. «Мэтавіком павінен быць не толькі матываваны, але і падрыхтаваны абітурыент», — сказаў ён. Міністр далажыў, што 5 чэрвеня завяршыўся прыём дакументаў на мэтавае навучанне ў ВНУ. Каля 4,7 тысяч абітурыентаў захацелі стаць мэтавікамі. З 6 па 13 чэрвеня іх чакае ўсяго адзін унутраны іспыт па першым профільным прадмеце ў вуснай ці практычнай форме. Залічаць ва ўніверсітэты мэтавікоў па 16 чэрвеня. У кожную прыёмную камісію ўключаны настаўнік-прадметнік. Гэта важнейшы аспект, таму што ў прафесара могуць быць завышаныя патрабаванні да абітурыентаў, адзначыў міністр адукацыі. Забяспечаны камфортныя ўмовы, каб абітурыенты не чакалі некалькі гадзін пад дзвярыма. «Ужо на працягу гэтага тыдня мы ўбачым вынікі прыёму вуснага экзамена і зможам зрабіць прапановы па далейшым удасканаленні гэтага напрамку прыёму дакументаў», — сказаў Андрэй Іванец. Ён таксама расказаў, што існуе толькі тры падставы для таго, каб мэтавік пераразмеркаваўся: стан здароўя, рэгістрацыя шлюбу і выпадак, калі прадпрыемства, якое заказвала мэтавага абітурыента, перастала існаваць. Прычым пераразмекавацца такі спецыяліст можа толькі па ўзгадненні з мясцовымі органамі ўлады. 

Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб рыхтаваць спецыялістаў

Міністр расказаў, што сёлета ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў цэлым плануецца прыняць больш як 50 тысяч чалавек. З іх 28,4 тысяч — на бюджэтныя месцы. «Хацеў бы падкрэсліць, што гэта павелічэнне на 600 месцаў. Сёння дзяржава зацікаўлена ў тым, каб рыхтаваць спецыялістаў. Мы з’яўляемся сацыяльна арыентаванай дзяржавай і забяспечым неабходныя ўмовы», — сказаў Андрэй Іванец. Набор на платную форму навучання ў ВНУ скарочаны на 1,5 тысяч чалавек, сёлета ён складзе 23,5 тысяч. Але пры гэтым мы на тысячу месцаў павялічылі прыём у каледжы на бясплатную форму навучання. «Калі малады чалавек хацеў паступіць ва ўніверсітэт на платнае, мы сёння даём магчымасць паступіць у каледж. Пасля каледжа — калі ласка, паступай у універсітэт», — падкрэсліў міністр адукацыі. Сярод новаўвядзенняў — і зніжэнне набору ў сталічныя ВНУ. Ён скараціўся больш як на 500 месцаў. Аднак разам з тым на 10 працэнтаў павялічаны набор на медыцынскія спецыяльнасці, на 4,5 працэнта — на педагагічныя.

Што да цэнтралізаванага экзамена, яго Андрэй Іванец назваў у першую чаргу формай выніковай атэстацыі за курс сярэдняй школы. Па яго словах, ЦЭ дазваляе фактычна ўбачыць зрэз ведаў кожнага выпускніка. «І гэта для нас вельмі сур’ёзны і важны інструмент кіравання сістэмай школьнай адукацыі. Для нас гэты інструмент выразна адказаў на тры пытанні: чаму вучым, як вучым і хто вучыць», — расказаў міністр адукацыі. «Усе звароты, якія паступілі ад грамадзян, у пераважнай большасці датычыліся аднаго пытання: як падлічваліся балы. Скаргаў на складанасць заданняў не паступіла», — дадаў ён. 

Сістэма адукацыі павінна быць зразумелай

У размове з журналістамі Андрэй Іванец расказаў, што Прэзідэнтам пастаўлена дакладная, зразумелая задача правесці гэту ўступную кампанію па тых правілах, якія былі ў мінулым годзе вызначаны, даведзены да грамадскасці. Восенню Міністэрства адукацыі прааналізуе вынікі ўступнай кампаніі і па выніках будзе прынята рашэнне, у якім напрамку рухацца далей.

«Тая колькасць навацый, якую сёлета мы апрабуем, гэта не толькі пытанне правядзення цэнтралізаванага экзамену, а яшчэ асаблівы парадак прыёму мэтавікоў (калі яны здаюць унутраны вусны экзамен), пашыраны набор адораных, таленавітых рабят, якія з’яўляюцца пераможцамі не толькі рэспубліканскіх, міжнародных прадметных алімпіяд, але і ўніверсітэцкіх алімпіяд (прайшлі ва ўсіх рэгіянальных ВНУ), гэта выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку, вядома, патрабуе сур’ёзнага аналізу», — адзначыў Андрэй Іванец.

«Прэзідэнт даў усім дакладны і ясны пасыл: сістэма адукацыі павінна быць зразумелай, празрыстай, прынцыпы справядлівасці і роўных умоў павінны быць вытрыманы для ўсіх — і для навучэнцаў, і для бацькоў», — падкрэсліў міністр.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».