Што галоўнае ў сонечных акулярах? Колер лінз, модная аправа? Калі вы думаеце так, то памыляецеся. У першую чаргу мэта гэтага аксесуара – абарона вачэй ад шкоднага ўздзеяння ўльтрафіялету.
Прыйшло доўгачаканае лета, і мы з радасцю вымаем з шафы лёгкія сукенкі і басаножкі. Абнаўляем запас сонцаахоўных крэмаў, бо аб уздзеянні дзённага свяціла на скуру чулі ўсё. Не варта забываць і аб такім далікатным, але бясконца важным для нас органе, як вочы. Абараніць іх ад УФ-прамянёў змогуць толькі акуляры з правільна падабранымі характарыстыкамі оптыкі.
Ці ведаеце вы, што пад яркім сонцам можна атрымаць апёк рагавіцы (фотакератыт)? І нават часткова страціць зрок! Калі вам не даводзілася пасля дня на пляжы, праведзенага без сонечных акуляраў, адчуваць боль і «пясок» у вачах, выціраць нечаканыя слёзы, то вам пашанцавала. Аднак празмерныя дозы УФ-апраменьвання, якія вашы вочы атрымалі на працягу жыцця, у старасці могуць адбіцца на вастрыні зроку, а ў найгоршым выпадку прывесці да катаракты. Агрэсіўнае сонечнае апраменьванне часам становіцца прычынай злаякаснага новаўтварэння на тонкай скуры павекаў. І калі лёгкі загар для цела ўсё ж такі карысны, то вачам уздзеянне ўльтрафіялету толькі шкодзіць.
Асабліва небяспечныя УФ-прамяні на поўдні, дзе сонца інтэнсіўнае і нават у хмарнае надвор'е здольнае «дастаць» вашы вочы. Таму, збіраючыся на курорт, паклапаціцеся аб правільнай іх абароне.
Часам можна пачуць сцвярджэнне, што шкляныя лінзы нібыта лепей за палімерныя абараняюць вочы ад сонца. Афтальмолагі развейваюць гэты міф. Справа зусім не ў матэрыяле, з якога зроблены лінзы, а ў катэгорыі ўльтрафіялетавага фільтра. Лінзы з полікарбанату і іншых палімераў, забяспечаныя адмысловымі фільтрамі, якія не прапускаюць небяспечныя для чалавека УФ-прамяні, якраз ідэальна падыходзяць для летняга сезона. Інфармацыю пра ўзровень абароны можна прачытаць на этыкетцы, якая прыкладаецца да акуляраў, або на завушніку.
Вы можаце запярэчыць: да акуляраў, якія прадаюцца вельмі танна, часцей за ўсё не прыкладаецца ніякай інфармацыі. Як бы прыгожа ні выглядаў такі аксесуар, у выпадку з агрэсіўным сонцам ён не проста бескарысны, а нават шкодны. Разбярэмся, чаму.
Прырода забяспечыла нашы вочы натуральнай абаронай: на яркае святло зрэнка рэагуе звужэннем, тым самым памяншаючы плошчу магчымага сонечнага апёку. Калі вы надзенеце акуляры, якія толькі імітуюць абарону, ваша зрэнка адчуе ўяўную бяспеку і пашырыцца. А безабаронная сятчатка атрымае больш сонца, чым калі вы ўвогуле будзеце без акуляраў.
Абсалютна не мае. Колер шкляных ці пластыкавых лінз – пытанне вашага асабістага густу і ўплывае толькі на тое, як вы ўспрымаеце навакольны свет. Падабаюцца ружовыя ці жоўтыя шкельцы ў якасных акулярах? Насіце на здароўе. Лічыцца, што карычневы колер здольны зберагчы вочы ад стомленасці, зялёны спрыяе рэлаксацыі. Шэрыя лінзы даюць натуральную колераперадачу, таму іх рэкамендуюць вадзіцелям.
І няхай вас не ўводзяць у зман практычна чорныя лінзы акуляраў-падробак. Калі яны пазбаўленыя УФ-фільтраў, то не толькі не абароняць вашы вочы, але і нашкодзяць, «ашукаўшы» зрэнку. Насіць такія акуляры – усё роўна што шукаць у цёмным пакоі чорную кошку, якой там няма.
А напаўпразрыстыя лінзы з патрэбным тыпам фільтра ад добрасумленнага вытворцы стануць надзейным бар'ерам на шляху неміласэрных прамянёў свяціла.
Калі вы сабраліся на паўднёвы курорт, звярніце ўвагу на акуляры, якія маюць лінзы з палярызацыйным пакрыццём. Такі фільтр дастаткова надзейны, ён не дазволіць інтэнсіўным светлавым хвалям трапічных шырот траўміраваць вочы. Для лета ў горадзе падыдуць так званыя «хамелеоны», лінзы якіх маюць фотахромнае пакрыццё і могуць мяняць інтэнсіўнасць зацямнення ў залежнасці ад таго, колькі святла на іх падае.
Патрабаванні да аправы акуляраў простыя: не быць занадта цеснай ці, наадварот, занадта свабоднай. Аддайце перавагу лёгкай аправе, у цяжкай вы хутка стоміцеся.
Практычная і даўгавечная аправа з пластыку. Стыльна глядзіцца металічная. Што датычыцца дызайну, выбірайце на свой густ. У трэндзе мадэлі класічныя, спартыўныя, вінтажныя.
Паводле рэкамендацый стылістаў, выбіраючы акуляры, варта арыентавацца на форму твару. Калі прырода ўзнагародзіла вас круглым або авальным тварам, падыдуць акуляры з выразнымі геаметрычнымі лініямі, з завостранымі дагары кутамі, трапецыяпадобныя. Уладальнікам твараў квадратнай або прастакутнай формы пасуюць круглыя, авальныя акуляры, акуляры аверсайз або «авіятары».
Агата СЛАВІНА
Ваенны карэспандэнт павінен быць гатовы да ўсяго!
Камарын: аб чым маўчыць Днепр.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?