Вы тут

Дзясятка найбольш запатрабаваных айчынных выданняў сеткі кнігарняў «Белкніга»


Ключавое месца ў дзейнасці любога кнігагандлёвага прадпрыемства займаюць кнігі. Што ні кажы, а кнігі — гэта і асноўны капітал, і «нясучая канструкцыя» падобных арганізацый. Багацце асартыменту — гарантыя паспяховасці кніжнай крамы… Ад неўміручай класікі да апошніх навінак, ад легкаважных гісторыка-геаграфічных атласаў да сур’ёзных дакументальна-публіцыстычных даследаванняў — вашай увазе прапануецца дзясятка найбольш запатрабаваных айчынных выданняў апошніх месяцаў сеткі кнігарняў «Белкніга».


На першым месцы сярод самых папулярных — выданне, пра якое мы пісалі і згадвалі неаднойчы, — «Генацыд беларускага народа». Кніга, што пабачыла свет летась у выдавецтве «Беларусь», уключае ў сябе даведачна-аналітычныя і дакументальныя матэрыялы аб генацыдзе беларускага народа як у часы Вялікай Айчыннай вайны, так і ў пасляваенны перыяд. Амаль двухсотстаронкавае ілюстраванае выданне ў цвёрдай вокладцы ўяўляе асаблівы інтарэс для гісторыкаў, навуковых і музейных супрацоўнікаў, даследчыкаў, педагогаў, студэнтаў, для ўсіх, хто цікавіцца нацыянальнай гістарычнай спадчынай.


«Апошняя аповесць “Сямейных паданняў роду Яноўскіх”, расказаная Андрэем Беларэцкім», — адзін з тых твораў, пра якія кажуць: «Класіка на ўсе часы». Сапраўдны бестселер Уладзіміра Караткевіча па праве лічыцца найлепшым пунктам уваходу ў айчынную класічную літаратуру, і не аднаму пакаленню беларускіх чытачоў пашчасціла ўвайсці ў яе праз гэтыя дзверы. Дзякуючы мінулагодняй кнізе выдавецтва «Беларусь» з гісторыка-дэтэктыўнай аповесцю аб страшным лёсе асуджанага на гібель высокага роду Яноўскіх, сюжэт якой разыгрываецца ў адным з глухіх куткоў старой Беларусі, пазнаёміцца яшчэ больш людзей. Амаль дзвесце шыкоўна аформленых (мастаком выступіў вядомы Міхаіл Басалыга) старонак нікога не пакінуць раўнадушнымі.


Побач з выбітнай мастацкай прозай у топе продажу кнігагандлёвай сеткі «Белкніга» знайшлося месца і гісторыка-геаграфічнаму атласу для дзяцей «Мая Беларусь» выдавецкага прадпрыемства «Белкартаграфія». З дапамогай яркага выдання на 44 старонках, выпушчанага ў 2023 годзе, дзеці змогуць атрымаць базавыя веды па геаграфіі і гісторыі нашай краіны, даведацца аб яе архітэктурнай і культурнай спадчыне, народных рамёствах, геральдыцы і знакамітых ураджэнцах. Атлас пазнаёміць чытачоў з жывёльным і раслінным светам Беларусі. Для кожнай вобласці і Мінска рэдактарамі падрыхтаваны асобныя развароты, якія ўтрымліваюць падрабязную даведачную інфармацыю.


У выданне, якое пабачыла свет пазалетась у межах маладога кніжнага праекта «Народная бібліятэка» выдавецтва «Мастацкая літаратура», увайшлі самыя знакамітыя аповесці Васіля Быкава. Змест двухтомніка склалі «Знак бяды», «Абеліск», «Жураўліны крык», «Альпійская балада», «Дажыць да світання» і «Сотнікаў» — ваенныя творы, якія праславілі пісьменніка на ўвесь свет, стаўшы класікай літаратурнага экзістэнцыялізму. Творчасці аўтара ўласцівы глыбокая рэфлексіўнасць, аналітычнае даследаванне чалавечага быцця. З кожным новым творам пяро пісьменніка набывала моц, сталела, а почырк яго станавіўся ярчэйшым, у чым дазваляе пераканацца двухтомны зборнік.


Другая частка дакументальна-публіцыстычнай дылогіі «Генацыд беларускага народа», якая пабачыла свет летась у выдавецтве «Беларусь» пад эгідай Генеральнай пракуратуры, прапануе новыя і раней невядомыя шырокай грамадскасці звесткі аб лагерах смерці на тэрыторыі БССР у перыяд нацысцкай акупацыі. На старонках кнігі вы знойдзеце матэрыялы крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе, а таксама вытрымкі з работ айчынных і замежных даследчыкаў. Кніга служыць напамінам будучым пакаленням пра тое, якую цану нашы дзяды і прадзеды заплацілі за перамогу, і будзе карыснай усім, хто цікавіцца гісторыяй.


Два гады таму менавіта гэтай кнізе выпала адкрываць новы кніжны праект ад выдавецтва «Мастацкая літаратура» — «Народная бібліятэка». Канцэпцыя маладой серыі простая: змест кніг, якія ў ёй выходзяць, фарміруецца самой аўдыторыяй. Чытачы, сярод якіх ёсць і настаўнікі, і студэнты, і літаратары, і навукоўцы, і бібліятэкары, могуць праз асабістыя апытанні альбо інтэрнэт-галасаванні прапанаваць упадабаны імі твор таго ці іншага пісьменніка для ўключэння ў наступны зборнік. Гэтак і з’явілася кніга выбраных твораў Песняра зямлі беларускай Максіма Багдановіча. Пад прыгожай ціснёнай вокладкай вас чакаюць паэтычныя творы, пераклады і проза гэтага вялікага творцы.


Сярод найбольш запатрабаваных выданняў апошніх месяцаў і вострасюжэтны раман Івана Шамякіна «Сэрца на далоні», што лішні раз пацвярджае вечную актуальнасць класікі. Адзін з галоўных раманаў беларускай літаратуры мінулага стагоддзя, які з часам не страціў сваёй мастацкай вартасці, у 2021 годзе папоўніў серыю «Scripta manent. Напісанае застаецца» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Маючы абвостраны сацыяльна-псіхалагічны і маральны зрок, Іван Шамякін пільна ўглядаўся ў свой час. Спрабуючы асэнсаваць імгненне, пісьменнік змог застацца ў вечнасці.


Гэтая выдатна ілюстраваная кніга знаёміць чытачоў з 99 гісторыка-культурнымі, прыроднымі і ландшафтнымі славутасцямі Беларусі. Як сцвярджаюць складальнікі, 99 — лічба адкрытая і сакральная, яна падштурхоўвае да дзеяння, таму кожны чытач зможа дапоўніць рэйтынг уласным варыянтам. Хіба сціплая каплічка, вясковая цэркаўка ці касцёл, сустрэтыя ў вандроўцы, не вартыя таго, каб увайсці ў такі спіс? Альбо старадаўні дом, які ўтульна прымасціўся на вузкай вулачцы, цудам ацалелай падчас вайны? Ці малая радзіма, у рэшце рэшт? Кожны куток нашай краіны нясе гісторыю, і альбом «99 знакамітых мясцін Беларусі», выдадзены ў 2021-м выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне», гэта наглядна пацвярджае.


У кнізе «Смак беларускай гісторыі», якая выйшла летась у выдавецтве «Беларусь», традыцыйныя нацыянальныя стравы адаптаваны пад сучасны прадуктовы асартымент і тэхналогіі, каб любы змог лёгка паўтарыць іх на сваёй кухні. Кожны рэцэпт суправаджаецца падрабязнай гісторыяй паходжання стравы, рэкамендацыямі па гатаванни і, галоўнае, указаннямі, якія змены былі ўнесены ў рэцэптуру. У двух раздзелах — «Гістарычнае беларускае меню XVIII—XIX стст. у сучаснай адаптацыі» і «Гістарычныя беларускія дэсерты XVIII—XIX стст. у сучаснай адаптацыі» — чытачоў чакае захапляльная гісторыя беларускай кухні і яе таямніц.


Увенчвае дзясятку найбольш запатрабаваных выданняў апошніх месяцаў чарговы шэдэўр — прыгодніцкая аповесць «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра ў суправаджэнні найлепшых апавяданняў патрыярха беларускай літаратуры: «Багіра», «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «Максімка», «Бунт звяроў» і інш. У 2019 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» адкрыла гэтыя творы новаму пакаленню чытачоў. Маўр, адкінуўшы псеўдарамантыку, захапленне экзотыкай далёкіх заморскіх краін, звярнуўся да свайго роднага краю. Ён прадэманстраваў, што і пад беларускім небам ёсць свая рамантыка і свая прыгажосць, кожны раз новая і нечаканая.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».