Вы тут

Як школьны музей у Свіслацкім раёне спрыяе краязнаўчаму досведу вучняў


Гісторыя музея Поразаўскай сярэдняй школы пачалася амаль 40 год таму, а летась яму прысвоена званне «народны». Акрамя збора экспанатаў школьнікі вядуць актыўную пошукавую работу, удзельнічаюць у раскопках, пішуць даследчыя працы. Зараз удзельнікі пошукавага школьнага атрада разам з расійскімі валанцёрамі шукаюць родных тых байцоў, чые медальёны нядаўна знойдзены падчас раскопак з удзелам спецыялізаванага вайсковага батальёна.


Школа ў гарадскім пасёлку Поразава даволі вялікая і прыгожая. Як паведаміла дырэктар Ларыса Паплаўская, два гады таму тут праведзены капітальны рамонт — замянілі вокны, пафарбавалі фасад. Музей — гонар школы! Менавіта тут захоўваецца гісторыя пасёлка, тут праводзяцца ўрокі і факультатыўныя заняткі, конкурсы «Музейныя вандроўкі» і г. д.

— Школьны музей аказвае значны ўплыў у выхаванні патрыётаў, — лічыць дырэктар школы Ларыса Паплаўская. — Па-першае, гэта ўсведамленне таго, адкуль ідзе твой род, па-другое, тут вядзецца летапіс гераічнага мінулага нашага краю. А гісторыя сапраўды багатая, у тым ліку і самой школы. Першае навучанне было арганізавана пры касцёле ў ХVIII стагоддзі, але той будынак не захаваўся. Падчас вайны ўрокі праходзілі ў простай сялянскай хаце. Але і яе зараз няма. У 1945 годзе быў пабудаваны наступны будынак школы, аднак вучняў было так многа, што яна не магла ўсіх размясціць: частка займалася ў будынку, які раней належаў ксяндзу. У 1988 годзе пабудавана новая сучасная школа.

Вучаніца 11 класа Мілана Глякоўская даведалася аб мінулым свайго роднага пасёлка, дзякуючы матэрыялам менавіта музея. А зараз і сама гатова расказаць аб гэтым наведвальнікам. Вядома, узгадваюцца мясцовыя славутасці. Гэта помнікі архітэктуры ХІХ стагоддзя — касцёл Міхаіла Архангела, царква Святой Троіцы, сінагога, шэдэўр драўлянага дойлідства сядзіба Багудзенкі. Як пазней паведаміў старшыня Поразаўскага сельвыканкама Віктар Акудовіч, сядзіба доўгі час стаяла пустая, але нядаўна прададзена з аўкцыёна і будзе добраўпарадкавацца.

Ёсць у наваколлі таксама і магічныя месцы, як, напрыклад, камень-следавік. Па паданні, падчас патопу Поразава засталося незатопленым, дзякуючы Маці Божай, якая стаяла на гэтым камяні. Як расказала Мілана, Поразава з сярэдзіны ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў лічыўся буйным ганчарным цэнтрам. Тут выраблялася чорна-задымленая кераміка мясцовым майстрам Іосіфам Шопікам. Зараз вядзецца работа па адраджэнні традыцый яе вырабу. Вядома і поразаўская банкуха, якая ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

У свой час Поразава стала радзімай вядомых людзей, напрыклад, заснавальніцы яўрэйскага тэатра ў Варшаве Эстэль Камінскай. Выхадзец з гарадскога пасёлка Давід Разенштэйн прысвяціў сваё жыццё журналістыцы і падчас вайны сабраў вельмі шмат матэрыяла, які зараз выкарыстоўваецца на ўроках. Узгадалі ў школьным музеі і пра выпускніка Яўгена Паплаўскага, знакамітага музыканта, выкладчыка Беларускай Акадэміі мастацтваў. Штогод ён запрашае на свой аўтарскі канцэрт вучняў і педагогаў родной школы.

Аб экспазіцыі расказала кіраўнік музея, настаўніца гісторыі школы Таццяна Кухарчык. Як аказалася, тут захоўваецца 630 экспанатаў. Сярод унікальных яна назвала пашпарт з адбіткам пальца часоў першай сусветнай вайны, якія выдавалі немцы мясцоваму насельніцтву. Ёсць нямала старажытных прыладаў працы, кулі часоў вайны 1812 года, царкоўнае пасведчанне аб шлюбе 1897 года. У экспазіцыі прадстаўлены падручнікі розных гадоў: самы старэйшы датуецца 1831 годам, ёсць буквар 1969 года. Этнаграфічная экспазіцыя расказвае пра рамёствы мясцовых майстроў.

Таццяна Кухарчык робіць акцэнт на экспазіцыі, якая прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Тут сабраны матэрыял аб партызанскім атрадзе імя Кірава, які арганізаваў мясцовы жыхар Вікенцій Янушка, падпольная мянушка — Паддубны. У экспазіцыі можна ўбачыць снарады, зброю, нямецкую карту, баявы лісток атрада імя Кірава і нямецкі пропуск.

Нядаўна ў музей прынеслі металічную фляжку, якую школьнікі знайшлі недалёка ад Поразава. Магчыма, гэта таксама ваенны экспанат, лёс якога яшчэ варта ўдакладніць. Трэба сказаць, што ў музеі нямала экспанатаў, якія знойдзены падчас раскопак.

— У камплектацыі музея вельмі дапамагае мясцовы сельсавет, яго старшыня Віктар Акудовіч перадаў даволі шмат экспанатаў музею, ёсць вельмі цікавыя, — паведаміла Таццяна Кухарчык. — У мінулым годзе па інфармацыі сельвыканкама паблізу Поразава, дзе праходзілі баявыя дзеянні, праводзіліся раскопкі пошукавым батальёнам Міністэрства абароны, валанцерамі. Знойдзены астанкі пяці салдат, па двум устаноўлены поўнасцю асобы па медальёнам. Я сама ўпершыню трымала ў руках салдацкія медальёны. Зараз мы шукаем з дапамогай беларускіх і расійскіх валанцераў родных гэтых салдат, яны у нас былі перапахаваны. Сёлета раскопкі будуць весціся зноў. Усе экспанаты, знойдзеныя падчас раскопак, перададзены ў школьны музей.

Цікавая гісторыя звязана з салдацкай флягай, якая захоўваецца ў музеі. Яе ўладальнік, палітрук, служыў у складзе 49 стралковай дывізыі на Аўгустоўскім выступе. Пры адступленні трапіў у засаду і загінуў. Школьнікі знайшлі сына загінулага байца, які жыў у Казахстане. Ён прыязджаў у Поразава, трымаў у руках флягу свайго бацькі, але не стаў яе забіраць. Вучні, дарэчы, напісалі даследчую работу з падрабязнымі картамі баявога шляху 49 стралковай дывізыі, якая гераічна змагалася ў чэрвені 41 года. Іх пошукавая праца заняла прызавое месца на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?