Вы тут

У многіх раёнах Брэстчыны працуюць перасоўныя медыцынскія комплексы


На нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя, што адбылася ў маі ў Палацы Незалежнасці, шмат увагі ўдзялялася стану медыцыны на сяле. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў падыходзіць да пытання ўзважана, абдумана, зыходзячы найперш з інтарэсаў людзей. «Закрывайце, аптымізуйце, ніхто ж не супраць, — сказаў Прэзідэнт. — Але спачатку комплексы на колах завязіце, якімі вы хочаце замяніць ФАПы, а потым закрывайце». Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што датычыцца аргументаў наконт эканоміі сродкаў. Паводле яго сцвярджэння, трэба яшчэ паглядзець, наколькі вялікія затраты на ўтрыманне ФАПа, дзе працуюць два чалавекі.


Комплекс замест ФАПа

Пытанне аптымізацыі сельскай медыцыны паўстала на парадак дня не сёння і не ўчора. З памяншэннем колькасці насельніцтва пэўныя ўстановы аховы здароўя ўсё ж даводзіцца закрываць. З улікам гэтых абставін і быў у свой час распрацаваны перасоўны медыцынскі комплекс, які ўяўляе сабой міні-паліклініку на колах. Брэстчына стала адным з першых рэгіёнаў, які атрымаў такую машыну, аснашчаную ўсім неабходным абсталяваннем.

Перасоўны медыцынскі комплекс з'яўляецца амбулаторна-паліклінічным, ён прадугледжаны для правядзення прафілактычных медыцынскіх аглядаў, дыспансерызацыі насельніцтва, а таксама планавай медыцынскай дапамогі. Медработнікі могуць тут праводзіць розныя медыцынскія ўмяшанні, дыягностыку, лабараторныя даследаванні, а яшчэ робяць прышчэпкі, ну і, вядома, праводзяць тлумачальную і асветніцкую работу.

Некаторыя населеныя пункты размешчаны даволі далёка ад амбулаторый, і шэраг людзей, асабліва пажылых, слабых, адзінокіх, не могуць своечасова дабрацца да доктара, каб хоць раз на год прайсці кваліфікаваны медыцынскі агляд. А тут спецыялісты прыязджаюць па месцы жыхарства.

Як паведаміла спецыяліст аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога ЦГЭі ГЗ Таццяна Гапонік, у канцы 2021 года аблвыканкам выдзеліў дадатковыя бюджэтныя сродкі для закупкі трох сучасных медыцынскіх перасоўных комплексаў. Яны паступілі ў Баранавіцкі, Пінскі і Брэсцкі раёны для паляпшэння якасці медыцынскіх паслуг і, галоўнае, іх даступнасці жыхарам нават самых аддаленых вёсак. На такой машыне цяпер медыцынская брыгада перыядычна накіроўваецца ў глыбінку.

Графік — пад патрэбы

Намеснік галоўнага ўрача Брэсцкай гарадской бальніцы № 2 (раней гэта была раённая бальніца Брэсцкага раёна. — Аўт.Яўген Навасадскі расказаў, што крыху больш як за год работы перасоўнага медыцынскага комплексу і спецыялісты, і мясцовая ўлада ўпэўніліся ў эфектыўнасці новай формы работы.

— Напрыклад, у зону абслугоўвання Чарнаўчыцкай участковай бальніцы ўваходзіць 19 населеных пунктаў. У гэтыя вёскі па чарзе комплекс выязджае па два разы на месяц. Урач агульнай практыкі не толькі наведвае пацыентаў свайго ўчастка, але і мае магчымасць зрабіць ЭКГ, узяць аналізы, правесці іншыя патрэбныя маніпуляцыі, — гаворыць Яўген Уладзіміравіч. — За мінулы год машына ажыццявіла 124 выезды, было прынята і агледжана каля паўтары тысячы чалавек. Важна, што 282 пацыенты пасля агляду накіраваны на далейшае даабследаванне. У выніку былі прыняты рашэнні аб шпіталізацыі, амбулаторным лячэнні альбо выдадзены рэкамендацыі пацыенту. Падкрэсліваю гэты факт, бо названыя людзі маглі б самі не звярнуць увагу на сімптомы, якія заўважыў урач, альбо палічыць іх неістотнымі. Гаворка ідзе пра жыхароў не самых блізкіх вёсак, якія не заўсёды самастойна выбіраюцца на прыём.

Выезды перасоўнага медыцынскага комплексу заўсёды рыхтуюцца загадзя. Аб прыездзе медыкаў людзі ведаюць за тыдзень, іх звычайна інфармуюць сельвыканкам і стараста вёскі. «Але цяпер, дарэчы, улічваючы прапановы людзей, стараемся апавяшчаць яшчэ і праз сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы, — дадае суразмоўнік. — Значыць, такая форма абслугоўвання набірае папулярнасць. Аб апошнім сведчыць і зваротная сувязь. На прамыя лініі паступалі прапановы ад жыхароў тых вёсак, дзе медыцынская машына яшчэ не была, — прыехаць да іх».

Галоўны ўрач гарадской бальніцы № 2 Яўген Капылец, які курыруе ахову здароўя Брэсцкага раёна, сказаў, што адначасова з работай комплексу вядзецца пошук спосабаў аптымальнага яго выкарыстання:

Ідзе прыём на ўчастку Меднаўскай амбулаторыі ў вёсцы Рагозна.

— Раней планавалі складаць графік і строга яго прытрымлівацца. Цяпер вырашылі, што галоўная задача — ахапіць як мага больш вёсак, даехаць да самай аддаленай. Таму графік можа быць скарэкціраваны пад надзённыя патрэбы і запыты медыкаў сельскіх устаноў аховы здароўя.

У Казішча — шэсць разоў за год

Год таму перасоўныя медыцынскія комплексы атрымалі Кобрынская, Івацэвіцкая і Столінская цэнтральныя раённыя бальніцы. Як расказала карэспандэнту газеты намеснік галоўнага ўрача Кобрынскай райбальніцы Аксана Сівянкова, летась у сярэдзіне чэрвеня перасоўны медыцынскі комплекс прыступіў да работы. Якраз у гэты час быў скасаваны Казішчанскі фельчарска-акушэрскі пункт. Дык у вёску Казішча, дзе пражывае 103 чалавекі, медыцынская машына заязджала шэсць разоў на год.

— Унутры нашай машыны, як і іншых такіх жа, размяшчаецца некалькі міні-кабінетаў, дзе можа прымаць пацыентаў урач агульнай практыкі альбо вузкі спецыяліст, ёсць магчымасць зрабіць электракардыяграму, правесці забор крыві на аналізы, а таксама жанчынам прайсці агляд акушэра-гінеколага. Людзі ўжо ведаюць і актыўна ідуць на прыём да мабільнага доктара, — расказвае Аксана Алегаўна. — Кожны месяц я складаю графік выездаў. Звычайна на прыём прыязджаюць урач агульнай практыкі і памочнік урача. Урач найчасцей выязджае з той амбулаторыі, у зону адказнасці якой уваходзіць населены пункт. Акушэр-гінеколаг выязджае па асобным графіку. Такім чынам, за год мы ахапілі аглядам і прафілактыкай 1917 жыхароў у 103 населеных пунктах.

«Лічу, што медыцынская дапамога стала больш даступнай для жыхароў малых і аддаленых вёсак. Некаторыя, асабліва пажылыя, хворыя людзі, гадамі не выбіраліся ў медыцынскую ўстанову», — падсумавала Аксана Сівянкова.

Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар Міхалоўскі пракаментаваў:

— У вобласці сёння функцыянуе 345 ФАПаў. У шасці раёнах працуюць перасоўныя медыцынскія комплексы. У гэтым годзе праведзена працэдура закупкі яшчэ чатырох комплексаў. Яны будуць накіраваны ў Іванаўскі, Бярозаўскі, Пружанскі, Ганцавіцкі раёны. Усё пералічанае мае на мэце паляпшэнне якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі насельніцтву маланаселеных і аддаленых вёсак, на правядзенне прафілактычных медыцынскіх аглядаў і дыспансерызацыю работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў без адрыву ад вытворчасці з выкарыстаннем дыягнастычных перасоўных комплексаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».