Вы тут

Як сустрэць чалавека, з якім будзеш шчаслівы


Хто не марыць сустрэць чалавека, з якім будзеш па-сапраўднаму шчаслівы? Чаму ж шмат у каго гэта не атрымліваецца?

Дзе і як сёння лепей знаёміцца? Пра што трэба памятаць, калі хочаш, каб пасля першага спаткання было наступнае? Якіх спадарожнікаў жыцця сёння жадаюць бачыць побач з сабой жанчыны? Пры якіх умовах можна выбудаваць глыбокія працяглыя адносіны? Гутарым пра гэта з магістрам псіхалогіі Наталі Свірыдавай.


Мы выбіраем, нас выбіраюць

— Зразумела, што і сёння месцам знаёмства мужчыны і жанчыны можа быць навучальная ўстанова, праца, кафэ або фітнес-зала. Але ўсё часцей нашы сучаснікі звяртаюцца да паслуг сайтаў знаёмстваў і сацсетак. Верагоднасць знайсці спадарожніка жыцця ў віртуальнай прасторы вышэйшая?

— Усё больш нашых сучаснікаў аддаюць перавагу знаёміцца спачатку віртуальна, а ўжо потым сустракацца. Пры цяперашнім рытме жыцця, занятасці людзей інтэрнэт дапамагае наладжваць кантакты. І колькасць запытаў наконт таго, як правільна сябе пазіцыянаваць, на што звяртаць увагу пры адборы віртуальных кандыдатаў для знаёмства, расце.

— Якія рэкамендацыі вы звычайна даяце?

— Усё індывідуальна. Але каб пазбегнуць расчараванняў, важна, якую інфармацыю аб сабе паведамляеш, якія фатаграфіі выбіраеш, і вядома, што з сябе ў прынцыпе ўяўляеш. Калі шукаеш сур’ёзных адносін, а выкладваеш фота ў бікіні, тое гэта вядзе да дысанансу ва ўспрыманні. Каб прывабіць псіхалагічна здаровага мужчыну, жанчына сама павінна стаць такой жа: цікавай, самадастатковай, унутрана свабоднай. Адна з маіх галоўных задач як псіхолага — заахвоціць лепш пазнаць сябе, не займацца самападманам.

— Цікавыя і самадастатковыя жанчыны пры жаданні напэўна могуць знайсці партнёраў і без інтэрнэту…

— Безумоўна, у такіх жанчын шанцы знайсці дастойных мужчын значна вышэйшыя. Яны ўсюды (і на аўтазапраўцы, і на прагулцы па парку, у кафэ) прыцягваюць да сябе ўвагу, прыцягваюць, як магніт. Але, скажам, сталыя жанчыны пасля разводу часта не ўяўляюць побач кандыдатаў для перспектыўных адносін; ім хочацца пашырыць круг зносін, і гэта лагічна — скарыстацца для гэтага сайтамі знаёмстваў.

— У камедыі «Самая абаяльная і прывабная» псіхолаг рэкамендуе сяброўцы пачаць пошук ластойнага кандыдата з ліку калег. Гэта добрая парада?

— Калі на працы ёсць свабодныя, сімпатычныя перспектыўныя калегі-мужчыны, то чаму б і не? Службовая субардынацыя паміж кіраўнікамі і падначаленымі не павінна быць каменем спатыкнення ў адносінах, хоць у нейкай ступені і ўскладняе іх фарміраванне. Я б параіла жанчынам, якія шукаюць сур’ёзных адносін, часцей наведваць месцы вялікай колькасці прадстаўнікоў супрацьлеглага полу: мужчынскія пабы, куды прыходзяць паглядзець трансляцыі футбольных матчаў, рознага кшталту спартыўныя мерапрыемствы, выставы тэхнікі, бізнес-трэнінгі, форумы, куды прыязджаюць аўтарытэтныя спікеры. Каб знайсці якасць, патрэбна колькасць: тады ёсць з каго выбіраць.

У чым сіла слабага полу

— На ваш погляд, сучасныя жанчыны могуць праяўляць ініцыятыву пры знаёмстве?

— Думаю так. Важна, каб яе праяўлялі па-жаноцку, ненадакучліва. Можна ж поглядам, усмешкай праявіць інтарэс, даць зразумець, што мужчына заўважаны і цікавы. На жаль, нашы жанчыны мала ўсміхаюцца, часам не ўмеюць какетнічаць, рэдка падахвочваюць мужчын праявіць свае найлепшыя якасці. Стаіце на аўтазапраўцы — папрасіце кагосьці з прадстаўнікоў моцнага полу аб дапамозе. Мужчыны звычайна ахвотна адгукаюцца, ім хочацца адчуваць сябе моцнымі, дасведчанымі, патрэбнымі.

— Што прыцягвае і што адштурхвае мужчын у прадстаўніцах прыгожага полу?

— Перш за ўсё, прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва звяртаюць увагу на знешнасць. Зірнуўшы на жанчыну, яны несвядома ў першыя 6-7 секундаў вырашаюць, ці жадаюць адносін з ёй. Пры знаёмстве з дапамогай сацсетак незадаволенасць мужчын выклікае якраз неадпаведнасць паміж абліччам на фота і ў рэальным жыцці: жанчыну адразу пачынаюць падазраваць у ілжывасці. Мужчын адштурхваюць недзялікатныя, грубыя, неакуратныя, залішне балбатлівыя дамы. Калі жанчына запаўняе ўсе паўзы, то ў мужчыны ўзнікае жаданне ўцячы. Шанцы спадабацца вышэй у тых, хто транслюе лёгкасць, добры настрой, жыццялюбства. Не рэкамендавала б на першых сустрэчах расказваць пра свае праблемы — з былымі партнёрамі, жыллём, здароўем, фінансамі, дзецьмі.

— Уменне казаць кампліменты — сапраўднае мастацтва, якое шматлікімі з нас, нажаль, не асвоена. Якую пахвалу процілегламу полу можна лічыць удалай?

— Кампліменты павінны быць шчырымі і індывідуальнымі. Захапляецеся ўчынкам мужчыны — скажыце пра гэта. Дарэчы спаслацца на трэцюю асобу, якая казала нешта прыемнае ў адрас вашага суразмоўцы. Напрыклад, «наш агульны знаёмы вельмі высока ацаніў тваю дапамогу ў цяжкай сітуацыі». Нельга разглядаць кампліменты як спосаб маніпуляцыі і сродак дасягнення нейкіх прагматычных мэт. Памятаю, кліент, які займае кіруючую пасаду, прызнаўся на кансультацыі: «Калі мне робяць камплімент, адразу падазраю, што ад мяне чагосьці жадаюць». Ліслівасць звычайна распазнаецца.

Два берагі каля адной ракі

— Цікава, а якіх партнёраў сучасныя жанчыны жадаюць бачыць побач з сабой?

— Калі прашу кліентак апісаць мужчыну іх мары, то як правіла, чую: забяспечаны, надзейны, спартыўны, добры, клапатлівы.

— Жанчыны сёння ў сваёй большасці рэалісткі і разумеюць: няма ў жыцці дасканаласці…

— Дастойныя, паспяховыя мужчыны ёсць, і яны маюць патрэбу ў спадарожніцах, якія будуць падтрымліваць іх, трансляваць стан унутранай гармоніі, а не абцяжарваць грузам сваіх праблем і капрызаў. Якога мужчыну хочаш бачыць побач з сабой, такой сама і станавіся, каб адпавядаць. У гэтым ключ да стварэння шчаслівага саюза.

— Але ў рэальным жыцці бачыш дастаткова саюзаў паміж вельмі кантраснымі, не супадаючымі адзін з адным мужчынамі і жанчынамі.

— Такія саюзы рэдка бываюць шчаслівымі. Напрыклад, ёсць катэгорыя мужчын-«выратавальнікаў», якія ў пачатку адносін гатовыя засцерагаць жанчыну, дапамагаць ёй, задавальняць яе запатрабаванні. Але праходзіць час, выбранніца знаходзіць апору пад нагамі, становіцца паспяховай, самадастатковай, і мужчыну гэта не задавальняе, ён імкнецца абясцэніць яе, зрабіць так, каб у ім зноў мелі патрэбу. Той жа тып сустракаецца і сярод прадстаўніц прыгожай паловы. Ведаю прыклад, калі жанчына на працягу многіх гадоў спрабавала выратаваць мужа-алкаголіка. Стамілася ад гэтай барацьбы і развялася з ім. Знайшла такога, які не злоўжывае алкаголем. Але праз паўгода і ён пачаў піць. Жанчыне падабаецца ўвесь час кагосьці ратаваць. А для гэтага партнёр павінен быць «загінулым».

— Нават у наш прагматычны час партнёра часта выбіраюць па каханні. Ёсць тая самая «хімія», якая па-за любым разлікам адразу сігналіць: вось чалавек, якога я шукала…

— Нашы адносіны праходзяць розныя перыяды. У многіх яны пачынаюцца са страсці, калі мужчына і жанчына адчуваюць магутную фізічную цягу адзін да аднаго. Але з часам гармоны цішэюць, адносіны становяцца больш усвядомленымі. І тады важна, ці ёсць у партнёраў інтэлектуальная і духоўная блізкасць. Бо адносіны мужчыны і жанчыны трымаюцца на трох кітах: розуме, душы (пачуццях, эмоцыях), фізіялогіі. Калі хаця б адзін аспект не супадае, то гарманічных працяглых адносін чакаць не даводзіцца.

Фота: pexels.com

— Але супадзенне з партнёрам па ўсіх пунктах — вялікая рэдкасць. Калі людзей звязвае сапраўднае пачуццё, яны як-небудзь адрэгулююць існуючыя нестыкоўкі, хіба не так?

— Калі будуць гаварыць адзін з адным сумленна і адкрыта, то так. Але любая несумяшчальнасць — заўсёды праблема. Скажам, як наладзіць гарманічнае сэксуальнае жыццё партнёрам, калі ў аднаго — слабая палавая канстытуцыя, а ў другога — моцная? Верагоднасць канфліктаў пасля «мядовага месяца» на гэтай глебе вельмі высокая. Некаторыя жанчыны (часцей за ўсё яны) у такіх выпадках заплюшчваюць вочы на загулы мужа. Але далёка не ўсе.

Або, напрыклад, мужчына і жанчына кахаюць адзін аднаго, у іх прыкладна аднолькавы адукацыйны і інтэлектуальны ўзровень. А потым нехта пачынае актыўна развівацца, рухацца наперад, а спадарожнік жыцця не паспявае, адстае. У такіх выпадках напэўна наступіць момант, калі ім стане нецікава разам.

Адносіны — гэта выбар

— Але ёсць пары, якія разам пражылі 40, 50 гадоў, і не абавязкова ва ўсім яны супадаюць. Часам вялікія вучоныя, акцёры, палітыкі прызнаюць, што не дасягнулі б сваіх вышынь, калі б побач не было іх ахвярных жонак (ці мужоў), якія ўзялі на сябе быт і выхаванне дзяцей. Два аднолькава паспяховыя чалавекі на адну сям’ю — хутчэй выключэнне, чым правіла.

— Адносіны — заўсёды выбар. Калі і мужчына, і жанчына адчуваюць, што іх жыццё немагчымае адзін без аднаго, што яны — палоўкі адзінага цэлага, то ўсе іх думкі і дзеянні падпарадкаваны ўмацаванню саюза, іх сэрцы б’юцца ва ўнісон, і ўсе неадпаведнасці пераадольваюцца. Калі ж толькі адзін партнёр шануе абранніка, а другі з часам губляе да яго цікавасць, то растанне непазбежнае. Добры прагноз можна даць адносінам мужчыны і жанчыны, якія пачаліся са страсці, а потым, па меры яе згасання, станавіліся ўсвядомленымі, напаўняліся падтрымкай, цеплынёй і клопатам адзін да другога. Ведаю канкрэтныя прыклады такіх пар, у тым ліку маладых.

— Дапусцім, жанчына імкнецца стварыць сям’ю. Сустракае мужчыну. Кахання з першага погляду не здараецца, але сімпатыя ўзнікае. Як ёй растлумачыць сур’ёзнасць намераў новага знаёмага?

— Трэба ўдакладніць, якіх адносін мужчына хоча, на што настроены, растлумачыць, ці супадаюць іх мэты. Важна, каб пытанні задаваліся далікатна, не нагадвалі допыт. Для мужчын нармальна пачынаць адносіны з сексу. А дзяўчыне, якая імкнецца стварыць сям’ю, трэба пазначыць гэта пры знаёмстве. Часта бывае, што паненка ўступае ў інтымныя адносіны, маючы на ўвазе, што гэта абавязвае партнёра рабіць адказныя крокі, чакаючы ад яго прапановы. А мужчына іх «не плануе». Для яго гэта проста секс.

— Як вядома, «абяцаць — не значыць ажаніцца». Людзі часта хлусяць, маніпулююць, кажуць адно, а маюць на ўвазе іншае…

— Калі мужчына дэкларуе сваёй мэтай стварэнне сям’і, то дастаткова паглядзець, ці пацвярджаецца гэта яго паводзінамі, ці гатовы ён клапаціцца пра дзяўчыну, забяспечваць яе — нават калі яна самадастатковая. Учынкі лепш за любыя словы гавораць пра чалавека, яго намеры.

Часам справа не ў мужчынскім падступстве і ілжывасці, а ў тым, што самі жанчыны дрэнна сябе ведаюць і самі «падманвацца рады». Часам кліентка кажа, што марыць аб шлюбе, сям’і, а пачынаеш з ёй гутарыць і разумееш: унутранага запатрабавання ў мужа і дзецях у яе насамрэч няма, яна баіцца адносін. Калі жанчына ведае свае сапраўдныя жаданні і той тып мужчыны, які ёй блізкі і які яна хоча бачыць побач з сабой, то звычайна дастаткова 2-3 спатканняў, каб зразумець, варта ёй працягваць знаёмства ці не.

— Нельга спазнаць сябе ў тэорыі, чытаючы кнігі па псіхалогіі. Вопытнай жанчына становіцца, правяраючы тэорыю на практыцы, спазнаючы рэальных мужчын, якія вельмі розныя. «Лепш верыць і памыляцца, чым не верыць і не любіць»?

— Любыя кантакты дапамагаюць нам адкрываць сябе. Сёння жанчыны становяцца ўсё больш самадастатковымі. Партнёр ім патрэбны найперш для паўнавартаснага жыцця. Калі хочаш адносін, цікавага лёсу, не трэба баяцца. Цалкам застрахаваць сябе ад памылак немагчыма. Але і яны ідуць на карысць разумным людзям, нечаму нас вучаць, узбагачаюць.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадастаўлена субяседніцай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што важна ўлічваць пры выбары пухавіка

Што важна ўлічваць пры выбары пухавіка

Што ж сёння ў модзе ў дачыненні да пухавікоў? 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.