Вы тут

Што такое страх і чым ён небяспечны?


Усе мы, пачынаючы з дзяцінства, аказваемся літаральна прасякнутымі самымі рознымі страхамі. Іх ініцыіруюць бацькі, сябры, настаўнікі — наша найбліжэйшае асяроддзе. А з часам і сам чалавек, гэтага не ўсведамляючы, пачынае баяцца ледзь ці не кожнага свайго рашэння і зробленага кроку.


У моцных цісках

Як тлумачыць псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Мая Аляксеева, наяўнасць страхаў — з'ява дастаткова натуральная. Але пачуццё страху мае над чалавекам такую моцную ўладу, што можа стаць як рухавіком яго развіцця, так і, наадварот, паралізаваць на шляху дасягнення мэты. І зразумець, сустрэцца твар у твар са сваімі страхамі — вялікі і сур'ёзны крок на шляху да таго, каб вылечыць страх.

Дык што ж такое страх і чым ён небяспечны?

— Страх — гэта эмацыянальна афарбаваная кароткачасовая эмоцыя або адносна працяглы псіхічны стан, пачуццё ўнутранай напружанасці, якія спараджаюцца перажываннем рэальнай або чаканай небяспекі, — кажа Мая Аляксеева.

Пры страху ў арганізме адбываецца шэраг фізіялагічных змен і рэакцый. У работу ўключаецца гіпаталамус, гіпофіз і кара наднырачнікаў. У выніку актывацыі гіпаталамуса выпрацоўваецца корцікатрыпін. Ён у сваю чаргу ўключае нервовую сістэму і гіпофіз. Той запускае наднырачнікі і выпрацоўвае пралакцін. Наднырачнікі вылучаюць картызол. Разам з гэтым выпрацоўваецца адрэналін і норадрэналін. Вонкава і ўнутрана ўсё гэта праяўляецца ростам ціску, пачашчэннем пульсу і дыхання, раскрыццём бронх, «гусінай скурай», зніжэннем паступлення крыві да органаў стрававальнай і рэпрадуктыўнай сістэмы, пашырэннем зрэнак, выкідам у кроў глюкозы, хуткім згараннем тлушчаў, павышэннем кіслотнасці ў страўніку і зніжэннем выпрацоўкі ферментаў, адключэннем імуннай сістэмы.

Пры рэальнай небяспецы гэта дазваляе хутчэй думаць, лепш бачыць, біць мацней і бегчы хутчэй.

Але калі страх уяўны і пастаянны, то арганізму не ідзе на карысць усё, што адбываецца з ім у гэты момант. Менавіта таму на фоне страху развіваюцца псіхасаматычныя захворванні: парушэнні стула, ацёк бронхаў, задышка, боль у грудзях.

Такім чынам, узнікае замкнёнае кола. Напрыклад, вы баіцеся захварэць, але на фоне страху захворваеце. Акрамя таго чым часцей вы адчуваеце страх ці стрэс, тым горш вы ацэньваеце сітуацыю, што і выліваецца ў розныя хранічныя фобіі.

На ўзроўні псіхікі ўсё гэта суправаджаецца турботай, трывогай, паніжэннем настрою.

Што прыняць, а з чым змагацца?

Страхі дзеляць на тры групы: сацыяльныя, біялагічныя, экзістэнцыяльныя.

Да біялагічных адносяць тыя страхі, якія наўпрост звязаныя з пагрозай для жыцця чалавека. Самым папулярным страхам дадзенай групы з'яўляецца страх хваробы.

Усе сацыяльныя страхі выкліканы сітуацыямі, якія могуць падарваць сацыяльны статус, панізіць самаацэнку. Напрыклад, страх перад навакольнымі. У аснове гэтага страху ляжыць крытыка, прытым наша ўласная найперш.

— Для пераадолення гэтай праблемы пастарайцеся самі сябе не крытыкаваць, а больш хваліць. Чалавеку ўласціва праецыраваць свае недахопы ці праблемы на іншых, гэта значыць у людзях мы заўважаем і лаем тое, што не прымаем у сабе. І як бы гуляем на апярэджанне, пакуль гэта не заўважылі ў нас. Гэта значыць, мы баімся, што нашы недахопы — прыдзірлівасць, крыўдлівасць, помслівасць, канфліктнасць, ілжывасць, нядобрасумленнасць, нерашучасць — заўважаць. На гэтай жа падставе ўзнікае страх падацца смешным, трапіць пад злы настрой кагосьці. Для вырашэння гэтай праблемы неабходна навучыцца самому дэманстраваць тое, што вы хочаце бачыць у навакольных, — раіць псіхолаг.

Экзістэнцыяльныя страхі выклікаюцца разважаннямі над пытаннямі, якія закранаюць праблемы жыцця, а таксама смерці і самога існавання чалавека. Напрыклад, самым папулярным страхам дадзенай групы з'яўляецца страх смерці — сваёй ці блізкіх. Гэта самы неадназначны феномен. З аднаго боку, ён можа дасягаць такіх маштабаў, што чалавек зачыніцца ў чатырох сценах і будзе проста адмотваць адведзены тэрмін. Але з іншага боку, гэта нармальны страх, які прымушае нас глядзець па баках, калі мы пераходзім дарогу.

— Справіцца з ім можна толькі адным шляхам — прыняць. Усе людзі смяротныя. Няма сэнсу перажываць смерць некалькі разоў у думках і азмрочваць сабе гэтым усё жыццё, — кажа Мая Аляксеева.

Як пазбавіцца страхаў?

Вось некалькі парад.

  • Для пазбаўлення ад страху першапачаткова неабходна яго прызнаць. Гэта самы сур'ёзны крок. Амаль у кожнага з нас ёсць нейкія асцярогі, але яны хаваюцца недзе ў глыбіні нашай свядомасці, часта незаўважаныя, непрызнаныя, паколькі мы ігнаруем іх і робім выгляд, што яны не існуюць. Але яны ёсць і ўплываюць на нас кожны дзень на працягу ўсяго нашага жыцця. Такім чынам, прызнайце вашы страхі.
  • Запішыце іх. Чаго вы баіцеся? Выкладзіце гэта на паперы. Запіс будзе азначаць прызнанне і пралье святло на вашы асцярогі. Калі вы выклалі іх на паперы, можаце зрабіць з імі што-небудзь, што вам па душы. Напрыклад, спаліць ці разарваць, сімвалізуючы знішчэнне, а можна павесіць на халадзільнік як напамін пра вашых ворагаў.
  • Адчуйце свой страх. Усвядомце, што вы не адзін такі, што ўсе мы адчуваем рознага роду асцярогі. Многія маюць тыя ж страхі, што і вы. Няма нічога няправільнага ў тым, каб адчуваць страх. Адчуйце свой страх максімальна поўна і глыбока. Гэта частка вас, але яна вамі не кіруе.
  • Спытайце сябе: што самае горшае, што можа здарыцца? Часта гэта не так страшна, як мы думаем спачатку. Вы баіцеся правалу на новай рабоце? Што будзе, калі такое здарыцца? Вы знойдзеце іншую работу. І будзеце жыць далей. Вы баіцеся, што вас адштурхне хтосьці супрацьлеглага полу? Вы знойдзеце кагосьці больш прыдатнага для вас. Вы баіцеся фінансавага краху? Вы скароціце вашы выдаткі, магчыма, папросіце сям'ю ці сяброў выручыць у гэты складаны для вас час. Вы знойдзеце спосаб зарабіць грошы і справіцеся.
  • Каб перамагчы страх, вы павінны проста рабіць тое, чаго баіцеся. Не трэба доўга думаць над гэтым — трэба дзейнічаць. Калі вы зробіце так, вы адчуеце ўзбуджальныя адчуванні.
  • Часцей смейцеся і ўсміхайцеся. Глядзіце камедыі ці гумарыстычныя шоу, чытайце анекдоты, шукайце ў інтэрнэце розныя смешныя гісторыі. Добра рабіць гэта ў кампаніі сяброў. Так вы зможаце ўдосталь пасмяяцца, зняць напружанне і на час забыцца аб сваіх страхах.
  • Будзьце ў сучаснасці. Страх пацярпець няўдачу (ці які-небудзь іншы) — гэта страх адносна будучыні. Мы захопленыя турботамі аб тым, што можа здарыцца. Адганіце ўсе думкі аб будучыні. Праганіце нават думкі аб мінулых памылках і няўдачах. Засяродзьцеся на сучаснасці. Рабіце прама зараз нешта, што можа пераадолець вашы страхі, і забудзьцеся аб тым, што можа здарыцца. Жывіце сучаснасцю. Калі вы ўсведамляеце, што думаеце пра мінулае ці будучыню, вяртайце сябе ў сучаснасць і факусіруйцеся на тым, што вы робіце прама зараз.
  • Невялікія крокі. Пераадоленне страхаў можа здавацца страшным і гнятлівым. Рабіце невялікія крокі. Нешта, што можаце зрабіць і ў чым вы ўпэўнены. Затым адчуйце прыемныя адчуванні і зрабіце іншы маленькі крок. Працягвайце ў тым жа духу.
  • Святкуйце кожны поспех, нават невялікія дасягненні. Выкарыстоўвайце гэта пачуццё поспеху для таго, каб рушыць наперад далей і зрабіць наступны крок.

Зразумела, што часта мы залежым ад абставін, але стаўленне да іх залежыць толькі ад нас. Каб не даць страху авалодаць намі і перайначыць наша жыццё, трэба перагледзець свае адносіны да гэтай натуральнай і малапрыемнай рэакцыі нашага арганізма, — рэзюмуе псіхолаг.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не дайце страху перамагчы вас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».