Вы тут

І зноў рыбін тлушч. У чым яго карысць, і як выбраць эфектыўныя капсулы?


Кожны год навукоўцы знаходзяць новую суперсілу амегі. Яна і сэрцу падмога — зніжае рызыку сардэчнага прыступу, — і мозг абараняе ад старэння, і вочы ўвільгатняе, захоўваючы зрок. Увогуле, без амегі ніяк, але адкуль менавіта яе ўзяць? Прылаўкі аптэк і супермаркетаў завалены пачкамі капсул, і ўсе яны нятанныя. Якія надпісы на ўпакоўках падкажуць, што амега-3 усярэдзіне эфектыўная і прыгатаваная з па-экалагічнаму чыстай рыбы? А можа, можна абысціся без аптэчных пілюль?


Фота: pexels.com

Фарэль разрэзаць, прыбраць косткі і падзяліць на кавалачкі вагой роўна 33 грамы кожны. І гэта не кулінарны рэцэпт, а медыцынскі. Бо даросламу чалавеку трэба прыкладна 33 грамы. Гэта сутачная норма кіслаты амега-3. І каштоўнае рэчыва ёсць не толькі ў дарагой фарэлі, а яшчэ ў значна больш бюджэтных скумбрыі, сардзінах, селядцы. Зрэшты, у апошнім — самая вялікая яе канцэнтрацыя.

Але статыстыка спажывання рыбы ўсё роўна ў нас вельмі прэсная. Ахвоту гатаваць рыбу адбівае тое, што яе трэба скрэбці і патрашыць. А калі купляць гатовае да абсмажвання філе, то цана часта вышэйшая, чым на кураціну, свініну і ялавічыну. У выніку дэфіцыт амегі б'е па здароўі.

Зрэшты, каштоўных кіслот часам не хапае і тым, у каго морапрадукты — абавязковы пункт меню. Бо рыбы, як і людзі, амегу не выпрацоўваюць, а атрымліваюць з ежай. Ласосі сілкуюцца рачкамі, багавіннем, малюскамі — састаў гэтага набору залежыць ад раёна, сезона, глыбіні. Увогуле, нават у дзвюх рыбін з адной зграі колькасць кіслот можа не супадаць. І ўжо тым больш яно рознае ў ласосяў розных парод.

І тлушчу ў іх таксама розная колькасць. Напрыклад, празрысты булён з тлустымі бурбалкамі на паверхні атрымліваецца з сёмгі, а з гарбушы — жаўтлявы і дыетычны. А яшчэ бывае аквакультурная рыба, якую вырошчваюць на плывучых фермах, і колькі ў філе назапасілася амегі — залежыць ад саставу камбікорму.

Увогуле, у падліках нормы амегі тонуць нават спецыялісты. Часам здаецца, што прасцей купіць гатовыя вітаміны з гэтымі амінакіслотамі. Падрабязнасці вытворчасці амегі, гледзячы на ўпакоўку і чытаючы састаў, спазнаць нельга. Але важныя падказкі ёсць. Значкі ХАССП і GMP гарантуюць, што вытворчасць адладжана па строгіх міжнародных санітарных стандартах. Ёсць і адмысловая маркіроўка «Халяль», якая паказвае на вытворчую чысціню, а яшчэ на тое, што абалонку капсул прыгатавалі не са свінога жэлаціну. І ўсе гэтыя сертыфікаты трэба рэгулярна пацвярджаць.

Але крыніцай амегі можа быць не толькі рыба ці БАДы з яе. Вытворцы шматлікіх соусаў і алеяў акцэнтуюць, што іх тавар таксама амегакарысны. У нерафінаваным ільняным алеі сапраўды шмат амега-3. Вось толькі раслінная амега-3, расчароўваюць урачы, іншая.

А, акрамя амега-3, ёсць яшчэ два сямействы кіслот: амега-6 і амега-9. Іх таксама ярка прэзентуюць на этыкетках біядабавак і маянэзаў. Толькі вось дэфіцыту амега-6 і амега-9 у нас няма! Амега-9 арганізм выпрацоўвае сам, няма ні найменшай патрэбы дадаткова яе прымаць. А амега-6 ёсць у самых будзённых прадуктах: хлебе, кураціне, любым раслінным алеі.

Таму ў многіх з нас ёсць лішак шостай амегі. Мы ўжываем яе занадта шмат — недзе ў чатыры-пяць разоў болей. Між тым перадазіроўка гэтых кіслот звужае сасуды і забівае іх тромбамі. А лепшы антыдот ад шкоднай дозы амега-6 — усё той жа рыбін ці рыбны тлушч. На ўпакоўках пішуць па-рознаму. І ўсе артыкулы пра амегу пачынаюцца з таго, што гэтая розніца прынцыповая. Маўляў, пісаць «рыбін» могуць толькі тыя, хто фасуюць тлушч, атрыманы з печані ў асноўным траскі — у ім больш вітамінаў А і D, а амегі-3 паменей. А «рыбны» — які робяць з мышцаў ці галоў, якія амегай якраз багатыя. Але праўда ў тым, што законам такая тэрміналогія не замацавана і ні да чога не абавязвае. Адны вытворцы яе прытрымліваюцца, а іншыя могуць пісаць на ўпакоўках любое з гэтых слоў, якое прыцягвае больш пакупнікоў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Пнеўманія пасля COVІD-19 развіваецца ў 3-5%, пасля грыпу — у 30%!

Пнеўманія пасля COVІD-19 развіваецца ў 3-5%, пасля грыпу — у 30%!

Факты для тых, хто сумняваецца, прышчапляцца ці не.

Грамадства

Першыя ахвяры ледзяной вады. Як пазбегнуць трагедыі?

Першыя ахвяры ледзяной вады. Як пазбегнуць трагедыі?

Ледзяное покрыва яшчэ не акрэпла, а таму выходзіць на яго рызыкоўна і небяспечна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.