У сталіцы Стартавалі сезонныя сельскагаспадарчыя кірмашы — традыцыйная прыкмета восені ў буйных гарадах. Рэгіянальныя восеньскія кірмашы па традыцыі стартуюць, з 23 верасня. У першыя выхадныя, кажуць прадаўцы, наплыў пакупнікоў не занадта вялікі, пачатак бойкага гандлю яны чакаюць у гэтыя суботу і нядзелю. Сезонныя сельгаскірмашы працягнуцца да канца лістапада, так што ў прадаўцоў ёсць час прадаць, а ў пакупнікоў — купіць усё, што яны намецілі.
— Я шукаю каб і цэны былі меншыя, і выбар большы, — кажа пенсіянерка ў чарзе за гароднінай.— Разумна трэба купляць.
Што праўда, то праўда — цэны на кірмашах сёлета сапраўды значна ніжэйшыя, чым на пастаянных рынках: на 20 рублёў можна запоўніць свежымі вітамінамі і прысмакамі дастаткова аб’ёмную сумку. Асартымент сельгаскірмашоў сёлета таксама багаты: ад гародніны і садавіны да мёду, сала, мясных разнасолаў, салёных агурочкаў, ягад і грыбоў, свежых і ўжо закатаных у слоікі. Год ураджайны, гавораць прадаўцы, а значыць, восень шчодрая, як і спяваецца ў песні. Яшчэ адзін плюс — шырокая геаграфія. Больш за ўсё сельгаспрадукцыі прыехала ў Мінск з Брэстчыны, але прадстаўлены і Віцебшчына, Гродзеншчына, Гомель, Магілёў, сталічная вобласць. Акрамя таго, «кірмашовы» фармат надае банальным пакупкам нейкую святочную нотку, цікавасць і азарт: знайсці што-небудзь таннейшае або цікавейшае. Дарэчы, у доўгім шэрагу бульбачкі, яблыкаў і памідораў часам можна адшукаць і зусім незвычайныя прадукты. Але пра гэта пазней. Усяго ў сталіцы ў гэтыя суботу і нядзелю пачалі працаваць 105 пляцовак, дзе да 26 лістапада кожныя выхадныя будзе рэалізоўвацца сезонная прадукцыя. Адзначым, што некаторыя пляцоўкі будуць працаваць аж да 4 снежня. Акрамя самых знакамітых мінскіх сезонных пляцовак (напрыклад, каля «Чыжоўка-Арэны»), у Заводскім раёне гандаль, у прыватнасці, разгорнецца на стаянцы ГЦ Sіmax (вул. Несцерава, 49), у Ленінскім — на пр. Ракосаўскага, 114, у Маскоўскім — на пр. Любімава, 17. У Кастрычніцкім раёне гандлёвыя рады арганізаваны побач з комплексам ЗАТ «Інвабуд» на вул. Асаналіева, 44. У Першамайскім раёне самы вялікі кірмаш будзе праходзіць на Русіянава, 1, у Савецкім — у парку Дружбы народаў, у Цэнтральным — каля кінатэатра «Кіеў», а ў Фрунзенскім — на пляцоўцы каля Лядовага палаца (Прытыцкага, 27). Менавіта да Лядовага палаца мы і накіраваліся, каб паглядзець, што пачым, і акунуцца ў атмасферу багатага восеньскага кірмашу.
Як сезонныя кірмашы — адна з беспамылковых прыкмет восені, так, паводле традыцыі, галоўная задача наведвання такіх кірмашоў — назапасіцца бульбай на доўгую халодную зіму. Узімку бульба, па-першае, даражэйшая, па-другое, у найбліжэйшых да дому крамах можа быць горшай па якасці. Ды і наогул з авоськамі бегаць кожны раз, калі захочацца зварыць суп або зрабіць пюрэ — такі сабе варыянт. Прасцей замовіць пару мяшкоў бульбы ўвосень (асабліва калі ёсць дзе яе захоўваць) — і, што б ні здарылася, прынамсі пытанне з гарнірам будзе вырашанае надоўга. Ураджай бульбы сёлета выдатны, гэта адбіваецца і на асартыменце, і на цэнах.
— Ад дзвюх сетак дастаўка бясплатная, — заахвочвае пакупнікоў малады чалавек. — Даставім да пад’езда або непасрэдна ў кватэру, па жаданні пакупніка.
Суразмоўца прывёз у Мінск бульбу з Брэсцкай вобласці (Лунінецкі раён). Наогул на іншых кірмашах «другі хлеб» прадаюць па 80 капеек за кіло, але каля Лядовага палаца — па 70.
— У мінулым годзе пачатковая цана на кілаграм бульбы была рубель усюды па Мінску. На Чыжоўцы даходзіла да рубель дваццаць! Я фермер, сваю бульбу прыводжу кожную восень. У гэтым годзе ўраджай добры, і мне няма сэнсу па рублі бульбу ставіць — я яе не прадам проста. А па 70 капеек усю ўжо разабралі. «Каралевы Ганны», «Галы» і «Вектара» па апошняй сетцы засталося, астатняе ўсё зарэзервавана, трэба людзям даставіць, — дадае ён.
Сетка ўмяшчае недзе 30–32 кілаграмы. Такім чынам дзве сеткі (мінімум, які даставяць бясплатна) вырашаюць пытанне мінімальнай харчовай бяспекі сям’і з трох чалавек аж да будучай вясны. Каштаваць гэтае задавальненне (усё тыя ж дзве сеткі, каля 65 кг) будзе менш за 45 рублёў. Таксама ў продажы ў фермера з Лунінца капуста па 80 капеек за кіло, гарбуз — рубель дваццаць за кілаграм: прыгожы, аранжавы, буйны. Што з яго прыгатаваць, мужчына гатовы падказаць: і як гарбузовую кашу з пшонкай зварыць, і як супчык па канонах правільнага харчавання прыгатаваць.
Бульбы на сельгаскірмашах сёлета ўвогуле вельмі шмат. Ёсць салатная і разварыстая, на суп і на пюрэ. Прадаўцы ахвотна раскажуць пра кожны сорт і падзеляцца «біяграфіяй» сваёй бульбы: як расла, як перажыла чэрвеньскую засуху, што з яе гатаваць і як лепш захоўваць. Таргавацца ў прынцыпе можна, але пакупнікі не таргуюцца: цэны і так цалкам прымальныя.
Наступны па папулярнасці пакупальніцкі запыт на сельгаскірмашах гэтай восенню — памідоры і салодкі перац. Прапанова тут таксама вялізная. І калі з перцам усё ясна (2,20–2,50, танней не знойдзеце), то цэны на памідоры вагаюцца ў шырокім дыяпазоне. Ад 4,50 рубля за вялізныя, сакавітыя і мясістыя бурыя ці жоўтыя да рубля, 80 і нават 50 капеек за злёгку памятыя: іх бяруць на леча і іншыя закаткі. І раз ужо гаворка зайшла аб закатках, то сярэднія цэны на тое, без чаго не абыходзіцца ніводная з іх, такія: морква — 1,20, лук — у межах рубля-паўтара. Востры перац таксама ў шырокім асартыменце. Чырвона-аранжавы чылі (абяцалі, што вельмі пякучы) вырас у Асіповічах, яшчэ буйнейшы — прывезлі з самага поўдня Брэсцкай вобласці. Сярэдняя цана на востры перац — 5 рублёў за кілаграм. Калі вы, як і я, дадаяце яго ў многія стравы, то заўважыце, што такая цана на дадзены прадукт у параўнанні з любым гіпермаркетам — гэта вельмі бюджэтна. Яшчэ адно прыемнае адкрыццё ў сэнсе эканоміі сямейнага бюджэту — цэны на зеляніну. Ліставую салату тут можна купіць па рублі за 100 г, важкі пучок кропу — таксама рубель. Базілік і рукала — 3 і 4 рублі адпаведна за 100 г (тут ужо цэны супастаўныя з рынкамі). Цана часнаку дастаткова высокая ў параўнанні з іншымі цэнамі сезоннага рынку, але сумленная — 10 рублёў за кіло (для параўнання: у «Еўраопце» — амаль 14). Працягваючы тэму запраў і смакавых акцэнтаў, на кірмашы можна набыць спрадвечныя беларускія заправы: каляндра, кмен, сухая трава, корань хрэну. На ўсё цэны да чатырох рублёў не дацягваюць. Пакуль у асартыменце кірмашоў адносна мала буракоў, а таксама кабачкоў (2 рублі за кіло). На першыя яшчэ не сезон, на другія сезон ужо завяршаецца.
Шмат гэтай восенню ў продажы і мёду. Каштуе ён, вядома, адчувальна, але ў параўнанні з іншымі месцамі продажаў — танней. Цана пачынаецца ад 13–15 рублёў за літр.
— Сёння нармальна нагандлявалі, — кажа пчаляр з Глыбокага. — У мяне мёд добры, мяне пчолы любяць. І пакупнікі, хто мой мёд адзін раз набыў, заўсёды вяртаюцца.
Мёд прапаноўваецца сёлета самы розны: і традыцыйныя віды (ліпавы, лясны, лугавы, грачышны), і нязвыклыя (напрыклад, глогавы — дапамагае пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, або фацэліевы — найлепшы сродак для лячэння і прафілактыкі хвароб вачэй). «А таксама падтрымлівае работу печані», — дадае ўладальнік пчальніка ў Віцебскай вобласці.
Віктар Віктаравіч прывёз з Іўеўскага раёна, акрамя іншага, яшчэ і крэм-мёд з рознымі дабаўкамі — брусніцы, чарніцы, чорныя парэчкі, мята, лімон, пярга... Просіць 18 рублёў за паўлітра. На заўвагу, маўляў, дорага, тлумачыць:
— Гэта ж не проста ўзяў і намяшаў. Для вытворчасці такога мёду неабходна спецыяльнае абсталяванне. У мяне крэмавалка, яна даволі дарагая, з праграмным кіраваннем. Загружаеш свежы вадкі мёд, задаеш праграму. На другія суткі дадаеш 10% мёду з дробнымі крышталямі, на пятыя — напрыклад, сухія ягады.
Словам, працэс доўгі. Затое такі мёд увесь час будзе крэмавай тэкстуры, не засохне і не закрышталізуецца. А смак!.. Плюс вялізная карысць для імунітэту.
З салодкіх і карысных прысмакаў на кірмашы — у першую чаргу ягады. Журавіны, напрыклад, па восем рублёў за кіло (на бачнае месца прадаўцы выкладваюць сертыфікат аб бяспецы), маліна — сем. Можна знайсці нават клубніцы з Брэсцкай вобласці — 7,5 рубля за кілаграм. З костачкавых-семачкавых вельмі шмат сёлета сліў (у сярэднім 4-4,5 за кіло) і яблыкаў. Каштуюць яблыкі 2-2,5 рубля за кілаграм, самая распаўсюджаная цана — 2,20. Купляюць іх вельмі актыўна: на сокі, варэнне і проста паесці.
Тут жа паблізу гандлююць мяснымі прысмакамі. У асартыменце — сала салёнае і не салёнае, запечаныя ў печцы рулеты і, вядома, пальцам пханая каўбаска, вэнджаная, вяленая і сырая.
— Пакаштаваць можна? — цікавіцца пакупнік.
— Трэба! — запэўнівае жанчына-прадавец і тут жа адмахвае нажом лусту калбасы. — Ешце на здароўечка.
— Мы са Столінскага раёна, ужо шэсць гадоў кожную восень у вас у Мінску гандлюем, — распавядае яна. — У нас свае парасяты. Вось глядзіце: вэнджаная рулька — 10 рублёў за кілаграм, рэбры — таксама 10, каўбаска — 16 сырая, 20-22 вэнджаная.
Дададзім, што паўлітровы слоік хатняй тушонкі на кірмашы каштуе ад 5 рублёў (хоць, магчыма, лепш выкласці 10 — тут усё залежыць ад складу).
У прыярытэце ў пакупнікоў — у першую чаргу салёнае сала. Каштуе яно ў гаспадыні са Століна 23 рублі за кіло. Задаўшыся мэтай і прайшоўшыся па сталічных кірмашах, можна знайсці «такое ж» і па 18. Зрэшты, асабліва тоўстае, высокае сала («як сметанковае масла, пакаштуйце!») прадаюць па 25 рублёў.
Да сала лагічна выбраць што-небудзь рэзкае і салёнае. Салёнага, квашанага і марынаванага на сезонных кірмашах гэтай восенню таксама ў дастатку. Ад бочкавых салёных агуркоў да марынаваных грыбоў. Каштаваць, зноў жа, не толькі дазваляецца, але і вітаецца.
— Я агуркі салёныя па ўсім кірмашы каштавала, у вас самыя смачныя, — кажа пакупніца. — Вашы мне спадабаліся, вось я да вас і вярнулася.
— А позна! Скончыліся! — разводзіць рукамі дзядзечка за прылаўкам. — Пачакайце, пайду да жонкі схаджу. Калі ў яе яшчэ не раскупілі, прынясу вам.
Свежая рыба таксама ёсць на сезонных рынках. Жывога карпа прадаюць па 8 рублёў за кіло.
З нечаканых знаходак майго паходу на кірмаш каля Лядовага палаца — «вясёлка». Гэта, аказваецца, грыб: ён жа смарчок падагрычны, ён жа «яйка ведзьмаў», ён жа «земляное масла». Не ведаеце, што гэта такое?
Я таксама была не ў курсе…
— Гэта лячэбны грыб, — тлумачыць прадавец. — Яго яйка ўнутры як жэле, таму і называюць земляным маслам. У народнай медыцыне выкарыстоўваюць настойку гэтага грыба, водную ці спіртавую. Настойка вясёлкі дапамагае пры захворваннях стрававальнай сістэмы, лечыць падагру, рэўматызм, здымае нырачныя болі.
А яшчэ паскарае загойванне ран. Увечары ранку памазалі кавалачкам вясёлкі, раніцай яна практычна загаілася.
Суразмоўца запэўнівае, што, акрамя ўсяго іншага, цудадзейная настойка падаўляе анкаклеткі. А яшчэ, распавядае ён, у старажытнасці гэты грыб лічыўся найлепшым сродкам, каб выклікаць пачуццё кахання да вас, скажам так, у вызначанага аб’екта. Што для гэтага з грыбам трэба зрабіць практычна і які абрад правесці, прадавец не ведае — сказаў, маўляў, хлусіць не стану, не ў курсе. Затое распавёў, як зрабіць гаючую настойку: на літровы слоік дастаткова ўсяго тры вясёлкі. Грыбы мужчына прадае паштучна, штучку за 2 рублі.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».