Асноўная задача знакавай міжнароднай падзеі ў жыцці Гомельшчыны традыцыйна — стварэнне ўмоў для абмену вопытам прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў і інвестараў. Двухдзённая праграма Форума пачалася з урачыстага прыёму кіраўнікоў дэлегацый. У Палацы Румянцавых і Паскевічаў гасцей прывітаў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Конюшка.
— Сёння, калі свет знаходзіцца ў стадыі перафармавання эканамічных, лагістычных, палітычных сувязей, калі пытанні харчовай бяспекі і якасці прадукцыі выходзяць на першы план ва ўсім свеце, Гомельская вобласць гатова прапанаваць самы шырокі спектр тавараў і паслуг, — падкрэсліў намеснік кіраўніка рэгіёну. Ён адзначыў, што Гомельшчынай падпісаны 170 пагадненняў аб супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі розных краін.
— Мы не толькі ўмацоўваем дзеючыя міжрэгіянальныя сувязі, але і знаходзім новыя, у тым ліку пры садзейнічанні дыпламатычнага корпуса, — звярнуў увагу Андрэй Конюшка.
Як падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама, удзел гасцей у маштабнай міжнароднай падзеі на Гомельшчыне надзвычай важны для фарміравання прадстаўлення бізнес-супольнасці краін і рэгіёнаў як аб паўднёва-ўсходнім рэгіёне, так і Беларусі ў цэлым.
Ганаровымі гасцямі сустрэчы на прасторах Форума сталі кіраўнікі дыпмісій замежных дзяржаў у Беларусі, сярод якіх — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Пакістан, Іран, Сірыя, Палестына, Азербайджан.
Як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Алірэза Санеі, для супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы паміж Іранам і Беларуссю існуе значны патэнцыял. Ёсць запатрабаванасць у пастаўках рознай прадукцыі, неабходнай Ісламскай Рэспубліцы Іран з Рэспублікі Беларусь. Размова ў першую чаргу аб імпарце дарожна-будаўнічай, сельскагаспадарчай тэхнікі, прадукцыі дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці і іншых матэрыялаў.
Важнасць развіцця адносін паміж Беларуссю і Пакістанам у гутарцы з журналістамі адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Рэспубліцы Беларусь Саджад Хайдэр Хан.
— Гомель мае горад-пабрацім Карачы. Гэта вельмі важны факт, таму што гэты горад адыгрывае важную ролю ў эканомікі ўсяго Пакістана, можна сказаць што гэта порт эканамічнай актыўнасці ўсёй краіны, — звярнуў увагу Саджад Хайдэр Хан. — Мы ведаем, што Беларусь мае вялікі патэнцыял для развіцця эканамічных адносін з Пакістанам. Адна з самых важных сфер для развіцця ўзаемных адносін — сфера адукацыі.
Так, у Гомельскім медыцынскім універсітэце зараз праходзяць навучанне 19 студэнтаў з Пакістана, што складае палову ўсіх пакістанскіх студэнтаў, якія зараз пражываюць у Беларусі. На думку пасла, таксама перспектыўная сфера для далейшага двухбаковага супрацоўніцтва — гэта развіццё турызму.
Аб зацікаўленасці ў новых сацыяльна-культурных праектах з Гомельшчынай расказаў прадстаўнік дэлегацый Кіраўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Старшыня Заканадаўчага сходу Кіраўскай вобласці Раман Бераснеў нагадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны менавіта іх рэгіён прымаў эвакуіраваныя прадпрыемствы і ўстановы. Сярод іх быў і Гомельскі педагагічны інстытут (цяпер — ГДУ імя Ф. Скарыны). Так, знойдзены дакументы аб чатырох супрацоўніках Гомельскага педінстытута, якія ў час эвакуацыі працавалі ў сферы адукацыі Кіраўскай вобласці. У кастрычніку ў расійскім рэгіёне будзе адкрыта выстаўка архіўных матэрыялаў, прысвечаная гэтай старонцы гісторыі, і для жыхароў вобласці важна, каб хаця б у фармаце відэа-канферэнцыі прадстаўнікі Гомельшчыны прынялі ўдзел у гэтым мерапрыемстве.
Госць з Кіраўскай вобласці нагадаў, што 2023 год у Расіі аб’яўлены Годам педагога і настаўніка. Гомельшчына і Кіраўская вобласць маглі б і ў гэтай тэматыцы арганізаваць цікавыя сумесныя мерапрыемствы, адзначыў Раман Бераснёў. Ён запрасіў кіраўніцтва Гомеля і Гомельскай вобласці на 650-годдзе Кірава, якое горад адзначыць у наступным годзе.
Сёння Гомельскі рэгіён супрацоўнічае ў рамках 36 дагавораў на ўзроўні абласцей Беларусі і Расіі, больш за 80 пагадненняў заключаны паміж тэрытарыяльнымі ўтварэннямі нашых краін. Толькі з пачатку гэтага года прайшло больш за сорак двухбаковых візітаў прадстаўнікоў Гомельшчыны і дэлегацый расійскіх рэгіёнаў.
На палях Гомельскага эканамічнага форума новыя магчымасці ўзаемадзеяння з беларускім рэгіёнам абмяркоўваюць і прадстаўнікі раёнаў Растоўскай вобласці Расіі. Гэты рэгіён — прызнаны лідар па вытворчасці збожжа — зацікаўлены ў партнёрстве ў аграрнай сферы. Дарэчы, у складзе дэлегацыі гэтай вобласці на Гомельшчыну прыехалі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія хочуць бліжэй пазнаёміцца з магчымасцямі вытворчасці беларускага рэгіёна.
— У нашым раёне 11 прадпрыемстваў металургічнага комплексу, самая буйная ў Растоўскай вобласці шахта па здабычы вугалю. Нам цікавы патэнцыял Гомельскай вобласці ў плане вытворчасці сельгастэхнікі, — падкрэсліла кіраўнік адміністрацыі Белакалітвінскага раёна Растоўскай вобласці Вольга Мельнікава.
Між тым шэраг дакументаў аб стварэнні інавацыйных вытворчасцей былі падпісаны падчас пленарнага пасяджэння ХVII Гомельскага эканамічнага форума. Сярод іх дагавор аб стварэнні вытворчасці шматфункцыянальнага абсталявання на базе ААТ «СтанкаГомель», пратакол аб намерах рэалізацыі інвестпраекта па пашырэнні мадэльнага рада гідрапомпаў і гідрааб’ёмных трансмісій ААТ «САЛЕА-Гомель», пратакол аб намерах па стварэнні прамысловай зоны навукова-тэхнічнага парку «Карал» і СЭЗ «Гомель-Ратон».
Далейшая праграма Форума ў сваю чаргу прадугледжвае знаёмства дэлегацый і удзельнікаў з асобнымі тэматычнымі секцыямі — «Вытворчы і будаўнічы патэнцыял», «Турызм і сацыяльная сфера» і «Малы і сярэдні бізнес». Дэлегацыі і ўдзельнікі таксама знаёмяцца з экспазіцыямі выставы «ПрамБудАгра», дзе прадстаўлены звыш 40 прадпрыемстваў і арганізацый Гомельшчыны, і прэзентацыямі навукова-тэхнічных дасягненняў арганізацый рэгіёна.
Дарэчы, у другі дзень Гомельскага эканамічнага форума экспазіцыі выстаўкі «ПрамБудАгра» будуць адкрыты для ўсіх жадаючых. Асаблівую ўвагу арганізатары нададуць прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі старэйшых класаў.
Усяго для ўдзелу ў Форуме зарэгістравалася больш за 370 чалавек.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА
Факты для тых, хто сумняваецца, прышчапляцца ці не.
Ледзяное покрыва яшчэ не акрэпла, а таму выходзіць на яго рызыкоўна і небяспечна.
Яна «змяняе нашу зямлю».
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.