Сёлета беларускаму хакею на траве спаўняецца 45 гадоў. У 1978-м Савецкі Саюз актыўна рыхтаваўся да Алімпійскіх гульняў, якія ў 1980-м прымала Масква, і спартыўнае кіраўніцтва СССР хацела выставіць на хатнюю Алімпіяду моцныя каманды, у тым ліку — па хакеі на траве. У той час гэты від спорту яшчэ не меў такіх багатых традыцый і моцных школ, як іншыя гульнявыя віды. Таму ўсе саюзныя рэспублікі рынуліся развіваць хакей на траве. Асновай былі, як не складана здагадацца, прадстаўнікі хакея на лёдзе і рускага хакея. У Беларусі першымі памянялі лёд на траву гомельскія хакеісты. У Гомелі раскрыўся талент Аляксандра Якіменкі, цяперашняга старшыні Беларускай федэрацыі хакея на траве. Гэты від спорту развіваўся на яго вачах і пры яго непасрэдным удзеле. Яны разам мацнелі і дабіваліся поспехаў. За 45 гадоў хакей на траве прарабіў каласальны шлях, а яго сям'я папоўнілася новымі відамі — індархакеем і Hockey5s. І сёння «летні хакей» з упэўненасцю глядзіць наперад. Пра мінулае, сучаснасць і будучыню беларускага хакея на траве Аляксандр Якіменка распавёў у інтэрв'ю «Звяздзе».
— Аляксандр Леанідавіч, напэўна, не памылюся, калі выкажу здагадку, што вы свой спартыўны шлях пачыналі з хакея на лёдзе.
— Не памыліцеся. Я як тыповае савецкае дзіця з першага класа займаўся хакеем з шайбай у Генадзя Барысавіча Аляхновіча. У 16 гадоў я ўжо гуляў за каманду майстроў «Экран». У 1982 годзе першы раз узяў у рукі клюшку для хакея на траве. Набліжалася Спартакіяда народаў СССР, і каманду па хакеі на траве збіралі з «традыцыйных хакеістаў». Новы хакей мне спадабаўся не менш за стары. І досыць працяглы час раніцай я хадзіў на трэніроўку па хакеі з шайбай, увечары — па хакеі на траве. У перапынку паміж трэніроўкамі вучыўся.
— Што стала вырашальным у вашым выбары на карысць хакея на траве?
— Від спорту толькі развіваўся, канкурэнцыя сярод гульцоў была значна ніжэйшая, адкрываліся вялікія перспектывы. Для спартсмена што галоўнае? Правільна, спаборніцтвы. У той час праводзілася шмат турніраў па хакеі на траве, праходзілі нават асобныя чэмпіянаты СССР сярод гульцоў пэўнага ўзросту. Наша гомельская каманда «Лакаматыў» была базай для зборнай БССР, і я зразумеў, што хакей на траве адкрывае мне больш перспектыў. Мы актыўна выступалі на Спартакіядах народаў СССР, шматлікіх турнірах. У 1985 годзе наша зборная выйграла чэмпіянат СССР сярод гульцоў 1967 года нараджэння. Калі мне было 18 гадоў, я атрымаў запрашэнне выступаць за каманду СКА-Свярдлоўск, адну з наймацнейшых у Савецкім Саюзе. Да таго ж у Свярдлоўску я мог гуляць у хакей і служыць у арміі. У мяне ўжо быў набыты білет, але трэнер Уладзімір Жмакін пераканаў мяне застацца ў Мінску, тут патрэбны былі моцныя гульцы. Я пераехаў у Мінск, стаў гуляць за «Буравеснік». Наша каманда вельмі годна выступала. Мы нават даходзілі да фіналу Кубка СССР, дзе сустрэліся са СКА-Свярдлоўск. Мы, на жаль, прайгралі, але, тым не менш, дайшлі да фіналу, дзе сустрэліся з моцным сапернікам. Магчыма, калі б я паехаў у Свярдлоўск, то ўвайшоў бы ў зборную СССР, выступаў на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету. Але і без гэтага я ўваходзіў у зборную СССР, быў на заключным зборы перад Алімпійскімі гульнямі 1992 года. У Барселону не паехаў не з прычыны спартыўнага майстэрства. Аднак тое, што я гуляў у складзе зборнай СССР, лічу сваім вялікім дасягненнем. У дзяцінстве маімі кумірамі былі браты Плешаковы, зоркі савецкага хакея на траве. Яны прыязджалі да нас на зборы, і кожны марыў стаць такім жа спартсменам. А праз 10 гадоў я гуляў з імі ў адной камандзе і па-вар'яцку ганарыўся, што дайшоў да ўзроўню майстэрства сваіх куміраў.
— Як вядома, у часы перабудовы і наступнага развалу Савецкага саюза спорту было вельмі несалодка. Як гэты складаны перыяд перажываў хакей на траве?
— Многія гульцы пайшлі на рынак прадаваць машыны, таму што трэба было за нешта жыць. Сярэдні заробак складаў 12 долараў. Як хакей на траве выжыў — незразумела. Думаю, уся справа ў любові да гэтага віду спорту і энтузіязму, які кіпеў у трэнерах і спартсменах. Толькі дзякуючы гэтаму мы пераадолелі ўсе цяжкасці і нават прымножылі свае поспехі. Далёка не ўсім постсавецкім краінам гэта ўдалося, нават тым, у каго традыцыі ў хакеі на траве нашмат багацейшыя. Я ўдзячны людзям, якія нас вучылі, якія стваралі і развівалі гэты спорт. І гэта не прыгожыя словы. У 1992 годзе, пасля распаду СССР, наша зборная выйграла ў Маскве турнір за права прадстаўляць СССР ва ўсіх спаборніцтвах пад эгідай міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый па хакеі на траве. У 1994 годзе ў Аўстраліі мы выступалі на Кубку свету, дзе занялі 1 месца. А ў 1997 годзе каманда Мінска заняла чацвёртае месца ў розыгрышы Кубка ўладальнікаў Кубкаў еўрапейскіх краін. Менш як за 20 гадоў развіцця хакея на траве мы дайшлі да такіх поспехаў. Гэта сапраўды дарагога варта.
— У чым сакрэт?
— З намі працавалі трэнеры, горача ўлюбёныя ў свой від спорту. Уладзімір Жмакін, Генадзь Аляхновіч, Валерый Клімовіч, Канстанцін Карыцкі, Аркадзь Лябедка і многія іншыя — усе прафесіяналы і фанаты сваёй справы. Характар і талент кожнага спартсмена — заслуга яго трэнера, асабліва першага. Калі б Генадзь Аляхновіч не заклаў патрэбныя якасці, у мяне не было б ні спартыўных, ні адміністрацыйных дасягненняў. Таму я вельмі ўдзячны ўсім трэнерам, якія са мной працавалі. І не стамляюся ўсім паўтараць, што любое дзіця ідзе на трэнера. Менавіта трэнер спачатку павінен зацікавіць гэтым відам спорту, а затым ужо выхаваць прафесіянала.
— Напэўна, такі падыход вам дапамагаў, калі вы былі трэнерам?
— Так, але я быў дзяржаўным трэнерам, а гэта больш адміністрацыйная праца. Я стаў дзяржаўным трэнерам у 1996 годзе, вельмі складаным для хакея на траве: былі закрыты дзіцячыя школы, стадыёнаў было вельмі мала. Вялікае шчасце, што на хакей на траве звярнуў увагу Прэзідэнт, ён даў даручэнне адрадзіць яго. Зноў пачалі адкрывацца аддзяленні ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах, быў адроджаны хакей у Гомелі, пабудавалі стадыёны ў Гомелі, Оршы, рэканструяваны палі ў Гродне і Брэсце. У 2003 годзе было адкрыта знакамітае поле ў мінскім парку Горкага. Яго адкрываў асабіста Прэзідэнт, і на адкрыцці мы ўручылі яму клюшку як сімвал адраджэння гэтага віду спорту. Сёння заняткі хакеем на траве бясплатныя, што, вядома, прываблівае дзяцей. Засталіся ў мінулым праблемы з інвентаром. Нават цяпер, калі мы адхіленыя ад міжнародных стартаў, атрымалі ад міжнароднай федэрацыі 400 клюшак і 13 камплектаў варатарскай формы для дзіцячых школ. У нас у цэлым выдатныя адносіны з кіраўніцтвам міжнароднай федэрацыі, мы не раз атрымлівалі гранты. Яны бачаць, колькі дзяцей у нас займаецца — толькі ў сістэме дзіцяча-юнацкага спорту 1,5 тысячы. І мы бяром не колькасцю, а якасцю. У 2020 годзе хакейны клуб «Мінск» заваяваў «бронзу» Кубка клубных каманд Еўропы. У 2019 годзе нашы дзяўчаты выступалі ў фінале чэмпіянату Еўропы па хакеі на траве, куды адбіраюцца восем наймацнейшых каманд кантынента. У Еўропе 44 краіны развіваюць хакей на траве, і мы былі ў васьмёрцы наймацнейшых. Пазіцый не здаём і зараз, упэўнена ідзём да сваіх мэт.
— І якія ж яны?
— Як і ўсіх людзей спорту — выступіць на Алімпійскіх гульнях. Я разумею, што жаночай зборнай гэта больш рэальна, чым мужчынскай. Цяпер наша жаночая зборная займае 20-е месца, на Алімпійскіх гульнях выступае 12 каманд. За год-два гэта ўсё не вырашаецца, але пры нармальнай сістэме праз пэўны час мы маем шанц на алімпійскую пуцёўку. Нам трэба стварыць сваю сістэму: удасканаліць існуючую, узяць нешта ад замежных калег, і мы атрымаем свой высокі вынік. Беларускія хакеісты вельмі ўпартыя, нашы каманды вельмі згуртаваныя. Але я думаю, што нам яшчэ трэба знайсці сваю разыначку. А яна ёсць, і дапаможа абыгрываць найлепшыя каманды свету.
— Аляксандр Леанідавіч, нараўне з хакеем на траве паспяхова развіваецца яго «малодшы брат» індархакей. Якія перспектывы гэтага віду вы бачыце?
— Гэта не малодшы брат, а паўнавартасны від спорту, які развіваецца ў нас з сярэдзіны 1980-х гадоў. У 1985 годзе гродзенская каманда «Рытм» прымала ў «Стайках» Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў дывізіёна В. Гэта было першае спаборніцтва па індархакеі, якое прайшло ў Беларусі. З 1999 года нашы дзяўчаты пяць разоў станавіліся чэмпіёнкамі Еўропы да 21 года. Восем гадоў з жаночай зборнай працаваў галандскі спецыяліст Круіс Херман, які даў штуршок не толькі жаночай зборнай, але і ўсяму беларускаму хакею на траве, навучыў трэнераў і спартсменаў думаць, тварыць і дзейнічаць.
— І як жа забыцца тую перамогу нашай жаночай зборнай на чэмпіянаце Еўропы 2020 года...
— Гэта сапраўды было неверагодна. На хатнім чэмпіянаце Еўропы абыграць грандаў сусветнага індархакея немак і галандак — гэта фантастыка. За перамогай стаяла велізарная праца ўсяго калектыву, усіх трэнераў, лекараў. Тая перамога і збоку выглядала вельмі прыгожа. Але калі бачыш, якая праца стаіць за ёй і ведаеш, чаго варта было прыйсці да перамогі, то эмоцыі немагчыма выказаць словамі. На ўсіх міжнародных кангрэсах Беларусь прыводзілі ў прыклад як краіну, здольную дабівацца высокіх вынікаў і якая пры гэтым не мае вялікай колькасці тых, хто займаецца. І тая перамога ў 2020 годзе паказала, што не ўсё вырашаюць грошы. У нямецкай і галандскай федэрацый хакея на траве бюджэты значна большыя, чым у нас. Але залатыя медалі былі ў беларускіх дзяўчат. І гэта, вядома, дало штуршок у развіцці нашага спорту. У 2018 годзе мы з шасці школ не маглі набраць 10 класных перспектыўных ігракоў. А цяпер у нас па кожным узросце самавітая лаўка запасных, мінімум па 25 моцных гульцоў.
— У жніўні ў рамках ІІ Гульняў краін у Гродне прайшлі спаборніцтвы па новай праграме хакея на траве Hockey5s, беларускія спартсмены сталі пераможцамі. Наколькі перспектыўным вам бачыцца гэты від хакея?
— Ён сапраўды перспектыўны, дынамічны і сучасны. Перавага Hockey5s у тым, што яго могуць развіваць краіны, якія не маюць магчымасцяў для вялікага хакея на траве ці індархакея, бо ў каманду трэба ўсяго 10 чалавек. Гэта відовішчны, цікавы від, у якога вялікая будучыня.
— Аляксандр Леанідавіч, як асабіста вам быць на чале вялікай сям'і хакея на траве?
— Я шчаслівы, што ёсць людзі, якія дапамагаюць нашаму любімаму віду спорту жыць і развівацца. Я буду толькі рады, калі будуць прыходзіць людзі з новымі ідэямі. Спадзяюся, што хакею на траве не нашкодзіў, а дапамог у яго развіцці. Сёння ў кожным рэгіёне ёсць стадыёны, у нас няма праблем з інвентаром. Вядома, калі б нашы папярэднікі не ўзяліся развіваць малавядомы від спорту, нічога б гэтага не было. Яны стварылі нам вельмі моцны падмурак, на якім сёння камфортна працаваць. Спадзяюся, наша цяперашняя дзейнасць гэтак жа будзе ў дапамогу наступным пакаленням. Мы стараемся з кожнай паразы рабіць высновы і працягваем тварыць і імкнуцца наперад. З 45-гадовай гісторыі хакея на траве я правёў у гэтым спорце 42 гады. І мне не сорамна за іх.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Лізаветы ГОЛАД
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».