Вы тут

ТОП-5 КНІГ АЎТАРАЎ-ЖАНЧЫН АД ВЫДАВЕЦКАГА ДОМА “ЗВЯЗДА”


 


ТАЦЦЯНА СІВЕЦ “РАЗНЯВОЛЕНАСЦЬ”

У гэтай кнізе – зусім новым зборніку вершаў таленавітай паэткі і перакладчыцы Таццяны Сівец – няма межаў: шчырасці, кахання, болю, нават геаграфічных… Разняволенасць – свабода быць тым, хто ты ёсць. Тым, кім ты мог бы стаць, пазбавіўшыся страху няволі ды небыцця.

Кніга змяшчае ўласныя вершы Таццяны Сівец, глыбока асабістыя і кранальныя, а таксама пераклады аўтараў з Азербайджана, Казахстана, Украіны, Расіі, Славакіі І іншых краін. “…Тут ёсць гульня сэнсаў, слоў, гукаў, але няма гульнi пачуццяў. Пачуццi, дакладней, пачуццё – адкрытае, балючае, як аголены нерв, працiнае творы гэткiм сталёвым стрыжнем, не нiткай, на якой знiзаныя перлiны… Радкi ламаюцца, крышацца ад крыку гераiнi, якая хоча быць пачутай, але разумее, што не дакрычацца... Яна хоча быць свабоднай, парушаць межы, але ранiцца аб iх абломкi” – так піша пра новую кнігу Таццяны Сівец вядомая пісьменніца і літаратурны крытык Людміла Рублеўская (дарэчы, кнігі Людмілы Рублеўскай вы таксама знойдзеце ў нашым спісе).

Словы – вада, ды, калі мы ішлі на дно,

Калі нас прыціскалі долу зіма і ноч,
Я так прасіла кагосьці: “Няхай гэта – мне адной!

Хай мой крыштальны хлопчык стоміцца без мяне

У новай сваёй, маўклівай сваёй вайне!”

І чула ў адказ: “Канечне. Чаму б і не?”

 

Гэта пасля. А тады… Мне не трэба было прасіць:

Гукі самі звіваліся, ткаліся – у паясы…

Я дакладна ведала, да каго будзе падобны мой сын,

Вышывала стужачкі – для дачкі…

І калі ты чытаеш зараз гэтыя пакручаныя радкі,

Ведай, што мне не ўсё роўна,дзе ты і з кім!..


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ЛЮДМІЛА РУБЛЕЎСКАЯ “АВАНТУРЫ ПРАНЦІША ВЫРВІЧА”

Серыя раманаў пісьменніцы Людмілы Рублеўскай “Авантуры Пранціша Вырвіча” – сапраўднае гістарычнае беларускае фэнтэзі. Серыя аб’ядноўвае тры кнігі: “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”, “Авантуры студыёзуса Вырвіча” і “Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча”. Гэтыя “раманы прыгодніцкія і фантасмагарычныя” – так акрэслівае жанр твораў сама пісьменніца – знаёмяць чытачоў з захапляльнымі прыгодамі шляхціца Пранціша Вырвіча і яго вернага спадарожніка доктара Баўтрамея Лёдніка. Падзеі ў творах адбываюцца ў XVIII стагоддзі, у эпоху авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыг і крывавых войнаў... Галоўным героям давялося бываць у сутарэннях Слуцка, Менска і Полацка, ездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе, выблытвацца з магнацкіх інтрыг вакол трона Рэчы Паспалітай, падарожнічаць разам з чорным магам і егіпецкай прынцэсай у адной карэце… Упэўнены: вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш (а можа, і значна больш) захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.


 

ТАЦЦЯНА СУЛІМАВА “ПОСЛУШАЙТЕ ЧТО!”

Памятаеце, якое марожанае было ў СССР? А якія страшылкі расказвалі па начах адзін аднаму дзеці ў піянерскім лагеры? А навошта жанчыны мыюць галаву шампунем для конскай грывы? А дзе жыць добра? І ці ўсе трактарысты – супермэны, а пісьменнікі – лайдакі? Як з нармальным мужчынам пазнаёміцца? І навошта? І што рабіць, калі хочацца плакаць?

Ва ўсіх гэтых пытаннях спрабуе разабрацца Таццяна Сулімава, вядомая радыёвядучая, калумніст цэнтральных выданняў краіны, блогер. Кніга “Послушайте что!” – зборнік яе лепшых аўтарскіх калонак. Лаканічна, дасціпна, трапна Таццяна разважае пра важнае і пра дробязі (якія, па сутнасці, не менш важныя). Ведаеце, што дакладна яна думае? Паслухайце што!

 

 

 

 

 


 

АЛЕНА БРАВА “ИМЯ ТЕНИ — СВЕТ: ПОВЕСТИ, РАССКАЗЫ”

Псіхалогія і ўнутраны свет нашай сучасніцы, якая застаецца “палонніцай дзяцінства”, але спрабуе адстойваць сваё права на каханне і свабоду – галоўная тэма твораў Алены Брава. Сутнасць гераінь пісьменніцы найбольш яскрава праяўляецца ў любові, якая “ёсць мацярынства” і адначасова – “проста долька апельсіна пад нагамі натоўпу”. Бездакорнае пачуццё мовы і стылю, багацце літаратурных алюзій дазваляюць пісьменніцы ствараць аповесці і апавяданні, здольныя задаволіць самы вытанчаны густ. А глыбокае адчуванне болю і абвостранае пачуццё справядлівасці ставяць тэксты Алены Брава ў адзін шэраг з лепшымі ўзорамі беларускай прозы.

    Кніга ўключае ўжо вядомыя чытачу аповесці “Комендантский час для ласточек”, “Прощение”, “Рай давно перенаселен”, а таксама іншыя аповесці і апавяданні ў аўтарскім перакладзе.

 

 

 

 


 

НАДЗЕЯ ДРЫЛА “СУСТРЭЧЫ БЕЗ АБЦАСАЎ”

Сёння прадстаўніцы так званага “слабага” полу ўсё часцей і часцей прыступка за прыступкай уздымаюцца па кар’ернай лесвіцы, займаюць высокія і адказныя пасады. Пра лёсы гэтых упэўненых і рашучых жанчын, пра іх трагедыі,  набітыя “шышкі” і перамогі,  пра шлях кожнай з іх да сябе сённяшняй распавядае гэтая кніга. Тут “пад адным дахам” сабраны самыя цікавыя душэўныя інтэрв’ю, якія на працягу некалькіх гадоў выходзілі на старонках газеты “Звязда” ў межах аўтарскага творчага праекта “Сустрэча без абцасаў”журналісткі Надзеі Дрыла.

Наколькі рэальна жанчыне дасягнуць поспеху адначасова ў прафесіі і сям’і? І пры гэтым не страціць сябе? Падчас сустрэч без абцасаў аўтар Надзея Дрыла даведалася сакрэты, а таксама мары, памкненні і патаемныя перажыванні паспяховых беларускіх жанчын. Дырэктар музея Марка Шагала ў Віцебску, заснавальніца першага на ўсёй постсавецкай прасторы дзіцячага хоспіса, дырэктар адзінай у Беларусі жаночай гімназіі, кіраўніца партала LADY.TUT.BY… “Правілы жыцця” такіх розных гераінь дапамогуць кожнаму з чытачоў глыбей зазірнуць у сябе, зверыць свае думкі, адчуванні, сумненні, страхі і знайсці уласны шлях.

 

 


Гэтыя і іншыя цікавыя выданні вы можаце набыць у Выдавецкім доме “Звязда” (г. Мінск, вул. Захарава, 19), а таксама ў кніжных крамах вашага горада.

Даведкі па тэлефонах:  (8 017) 288 12 94, 284 79 65.

ПРЫЕМНАГА ЧЫТАННЯ!


Іншыя кнігі Выдавецкага дома "Звязда" прадстаўлены ТУТ.


 

Выбар рэдакцыі

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.

Культура

«Лістапад» назваў пераможцаў — усё вяртаецца ў звычайнае кола

«Лістапад» назваў пераможцаў — усё вяртаецца ў звычайнае кола

Поруч з салодкім зачараваннем кіно на «Лістападзе» заўсёды ідзе інтрыга — што і каго міжнародныя склады журы назавуць найлепшымі і з якімі фармулёўкамі.

Спорт

Як беларуска Вера Хвашчынская стала найлепшай на кантыненце ў рускіх шашках

Як беларуска Вера Хвашчынская стала найлепшай на кантыненце ў рускіх шашках

Вера Хвашчынская пачала выступаць у дарослых турнірах па шашках у 15-гадовым узросце.