На фоне сусветнай глабалізацыі роля міжнароднай журналістыкі ўзрастае шматкратна. Менавіта на супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі СМІ з розных краін зрабіла акцэнт заведуючая кафедрай замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук прафесар Таццяна Дасаева падчас навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Інстытуце журналістыкі БДУ.
Намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч зачытаў прывітальны ліст ад міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. У звароце да ўдзельнікаў канферэнцыі міністр звярнула ўвагу на тое, што сёння сродкі масавай інфармацыі і масавай камунікацыі з’яўляюцца не толькі каналам для перадачы інфармацыі, але і эфектыўным інструментам для фарміравання і праектавання глабальных палітыка-эканамічных рэалій. У такіх умовах адказнасць журналістаў за вынікі сваёй прафесійнай дзейнасці павялічваецца шматкратна і набывае статус важнейшай сацыяльна-палітычнай катэгорыі. Міністр нагадала, як важна для СМІ заставацца ў падобных умовах адкрытымі і праўдзівымі. Правядзенне канферэнцыі не толькі дапаможа падзяліцца вынікамі навуковых даследаванняў у актуальнай сферы, але і знайсці новыя кантакты, устанавіць сувязі для далейшай сумеснай працы.
Ад сябе намеснік міністра пажадаў, каб навуковыя напрацоўкі ўдзельнікаў канферэнцыі былі рэалізаваныя ў практычнай дзейнасці беларускіх і замежных журналістаў.
Вынікам традыцыйнай для БДУ сустрэчы стала выданне зборніка артыкулаў "Міжнародная журналістыка-2017: ідэя інтэграцыі інтэграцый". Плануецца, што гэтая кніга стане дапаможнікам для выкладчыкаў і падручнікам для студэнтаў Інстытута журналістыкі.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ragneda-yurgel
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/instytut-zhurnalistyki-bdu