Як паведамілі ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва горада Гродна, адкрыццё дзіцячай дашкольнай установы ў мікрараёне Паўднёвы-5 намечана на чэрвень. Яе праект такі ж, як і пабудаванага дзіцячага садка на 230 месцаў у сталічным жылым раёне Каменная Горка.
Узводзіць аб'ект Гроднапрамбуд. Цяпер на будоўлі задзейнічана каля ста чалавек. У будынак пасля ўстаноўкі шклопакетаў і вонкавых дзвярэй пададзена цяпло — гэта дазволіла распачаць тынкавальныя работы, заліўку падлогі, мантаж электраправодкі. На тэрыторыі дзіцячага садка ўстанаўліваюцца ценявыя навесы.
У мікрараёне Паўднёвы-3 таксама ідуць работы па будаўніцтве аналагічнага дзіцячага садка, адкрыццё якога запланавана на канец года.
Увогуле ж, у Гродзенскай вобласці ў 2016 годзе дадаткова створана больш за 1,2 тыс. месцаў у дзіцячых садках. Пра гэта, каментуючы выступленне Прэзідэнта на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, паведаміў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Сёння на Гродзеншчыне ўсе дзеці ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў забяспечаны месцамі ў дашкольных установах. Зроблена гэта не толькі за кошт узвядзення новых аб'ектаў, але і дзякуючы перапрафіляванню памяшканняў, аптымізацыі існуючых груп, адкрыццю груп на базе іншых устаноў адукацыі. Прычым ствараліся гэтыя месцы з такім разлікам, каб ніякім чынам не ўшчаміць дзяцей у камфорце.
Мікалай ШЛЫК
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-shlyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachy-sadok
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodna