У Алматы (Рэспубліка Казахстан) з 6 па 8 красавіка пройдзе ІX Міжнародная кніжная і паліграфічная выстаўка «Па Вялікім Шоўкавым шляху».
Да ўдзелу ў свяце кнігі запрошаны і беларускія выдаўцы і паліграфісты. Арганізатар выстаўкі — Асацыяцыя выдаўцоў, паліграфістаў і кнігараспаўсюджвальнікаў Казахстана. Падтрымку ў рэалізацыі праекта аказвае Міністэрства культуры і спорту Рэспублікі Казахстан. Плануецца правядзенне прэзентацый, семінараў, круглых сталоў, прысвечаных актуальным праблемам развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне кнігавыдання, кнігараспаўсюджвання і паліграфіі. У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь перакананы, што нашай краіне будзе што паказаць гаспадарам, наведвальнікам выстаўкі. Апошнімі гадамі ў Мінску пабачылі свет кнігі казахскіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову. Толькі ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшлі тры кнігі вучонага, асветніка, публіцыста Немата Келімбетава — «Не хачу губляць надзею», «Лісты да сына», «Зайздрасць», а яшчэ зборнік вершаў легендарнага Абая «Стэпавы прастор». У беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісах, газеце «Літаратура і мастацтва» надрукаваны паэзія і проза пісьменнікаў Казахстана — Амантая Ахетава, Любові Шашковай, Святланы Ананьевай, Валерыя Міхайлава, Нурлана Аразаліна, Галыма Жайлыбая, Райхан Мажэнкызы і інш. Актыўна супрацоўнічаюць паміж сабой казахстанскі штомесячнік «Простор» і беларускі часопіс «Нёман».
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/ix-mizhnarodnaya-knizhnaya-i-paligrafichnaya-vystauka
[5] https://zviazda.by/be/tags/almaty
[6] https://zviazda.by/be/tags/pa-vyalikim-shoukavym-shlyahu