Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, стартуе ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі 20 лютага.
У гэты дзень у інстытуце адбудзецца сустрэча са школьнікамі — пераможцамі ІІІ этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.
21 лютага будзе праведзены круглы стол на тэму «Мова ў навуцы, адукацыі, заканадаўстве» з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выкладчыкаў профільных навучальных устаноў сталіцы, журналістаў, вядучых супрацоўнікаў і маладых вучоных НАН Беларусі.
22 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя аднатомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы», які быў падрыхтаваны калектывам лексікографаў інстытута. Ён змяшчае больш як 65 тысяч слоў і адлюстроўвае змяненні ў напісанні слоў паводле прынятага ў 2008 годзе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Новае выданне паказвае сучасны стан лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы і дынаміку развіцця сучаснай беларускай мовы. На прэзентацыю запрошаны студэнты навучальных устаноў, выкладчыкі, настаўнікі, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі краіны, аматары жывога беларускага слова.
У гэты ж дзень член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец сустрэнецца з курсантамі і выкладчыкамі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў і раскажа ім пра сучасную моўную сітуацыю ў краіне і дасягненні айчынных вучоных.
23 лютага на вучоным савеце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі абмяркуюць тэму «Актуальныя напрамкі сучаснага беларускага мовазнаўства».
На наступны дзень у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры прачытаюць лекцыю на тэму «Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры».
Таксама на працягу тыдня вядучыя вучоныя-філолагі выступяць перад грамадскасцю, па радыё і на тэлебачанні, прымуць удзел у імпрэзах і святочных мерапрыемствах, што будуць арганізаваны дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі нашай краіны.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/tydzen-rodnay-movy
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-mova