Знешнія фактары аказваюць прамое ўздзеянне на наш ўнутраны стан. Трапіў у няўтульны шэры калідор паліклінікі — дрэнна, сядзіш у любімым доме пад пледам — лепш.
У кіно, як і ў жыцці: рэжысёры часта выбіраюць канкрэтнае месца, каб падкрэсліць неабходныя эмоцыі. Прапанаваны спіс прысвечаны фільмам, у якіх «прастора» выконвае адну з асноўных роляў.
1. «Ноч у музеі», ЗША-Вялікабрытанія, 2006
Стаміўшыся ад пастаянных пошукаў працы, Лары ўладкоўваецца ахоўнікам у адзін з музеяў Нью-Ёрка. Тут і разгортваецца дзеянні фільма. Будынак — нібы маленькая краіна, са сваімі асаблівасцямі і мясцовымі жыхарамі. Пагружаемся разам з героем у атмасферу Музея прыродазнаўства, а таксама трапляем у захапляльную вандроўку.
2. «Ззянне», ЗША-Вялікабрытанія, 1980
«Ззянне» прынята лічыць адным з лепшых фільмаў жаху ў гісторыі кіно. Велізарную ролю ў нагнятанні страху грае бязлюдная гасцініца. Джэк разам з жонкай і сынам засяляецца ў гатэль, аддзелены ад свету снежнымі заваламі, каб у спакойнай абстаноўцы працаваць над кнігай. Паводле сюжэта гэта месца ўжо дапамагло скаціцца з катушак папярэднім жыхарам. Джэку знаходжанне ў гэтай халоднай прасторы таксама не пайшло на карысць.
3. «Сямейка Адамс», ЗША, 1991
Фільм майго дзяцінства. Сярод знаёмых, бадай, не знойдзеш таго, хто не бачыў гэтую карціну. Незвычайная сямейка і іх не менш незвычайны дом сталі легендай. Але акрамя крэатыўнага будынка і характэрных змрочных персанажаў, у гэтай стужцы ёсць і цікавы сюжэт. Спакой Адамсаў парушае раптоўнае з’яўленне даўно зніклага брата главы сямейства. Але дзеці хутка выкрываюць хіжыя матывы дзяцькі і пачынаюсь супраць яго барацьбу.
4. «Бункер», Калумбія-Іспанія, 2011
Калі хварэеце на клаўстрафобію, то я вам не рэкамендую глядзець гэты фільм. Галоўная гераіня, жадаючы правучыць каханага, выпадкова зачыняе сябе ў таемным бункеры і губляе сувязь са знешнім светам. Калі бачыш, як адчай ахоплівае дзяўчыну, міжволі пачынаеш адчуваць безвыходнасць і паніку. А магчымасць з бункера назіраць за жыццём дома, якое пасля знікнення гаспадыні ідзе далей, падвойвае суперажыванне.
5. «Чарлі і шакаладная фабрыка», ЗША, 2005
Юны Чарлі выйграе адзін з пяці білетаў на сакрэтную шакаладную фабрыку Вілі Вонкі. Аб гэтай экскурсіі мараць усе дзеці, бо завод Вонкі — сапраўдны салодкі рай. Тут чароўныя мятныя лугі, арэхавыя пакоі з дрэсіраванымі вавёркамі, а галоўнае — шакалад льецца ракой. Гэтая стужка — не проста салодкая гісторыя, у ёй аўтар выкрывае чалавечыя заганы: абжорства, ганарлівасць, сквапнасць. А справядлівасць, вядома ж, перамагае.
6. «Пакой», Ірландыя-Вялікабрытанія-Канада-ЗША, 2015
Джой выкралі, калі яна была яшчэ падлеткам. У зняволенні дзяўчына правяла шмат гадоў, і не бачыла нічога, акрамя свайго пакоя. Тут жа нарадзіўся і яе сын. Да пяці гадоў пакой быў светам хлопчыка, і жылі там толькі ён і яго маці. Трапіўшы ў рэальныя ўмовы, герой адносна хутка асвоіўся, але ніколі не забываў свой пакой, да якога ставіўся, як да жывога. «Пакой» — фільм, які заваяваў сэрцы крытыкаў свету і ўзяў запаветную прэмію «Оскар».
Каментарый рэдакцыі. Урывак з твора Эмы Донах’ю «Пакой», паводле якога зняты фільм, друкаваўся ў мінулагодным № 4 часопіса «Маладосць». Пераклад з англійскай зроблены студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Таццянай Ігнацьевай, практыканткай «Маладосці». Калі ты вывучаеш мовы, то таксама можаш перакладаць сучасных топавых замежных пісьменнікаў і друкавацца як перакладчык.
7. «Дом дзіўных дзяцей міс Перэгрын», ЗША-Вялікабрытанія-Бельгія, 2016
Міс Перэгрын і яе выхаванцы ніколі не пакідаюць не толькі свой дом, але і свой дзень — яны жывуць у часовым коле. У кастрычніку 1943 года ў іх прытулак трапіла бомба, але тайны дар выхавальніцы дапамог ўсім выжыць і назаўжды застацца ў адным дні. Здавалася, нішто не можа перашкодзіць спакою, але аднойчы іх знаходзіць унук былога выхаванца дома і паведамляе, што яго дзядуля загінуў пры дзіўных абставінах. І гэтая навіна не абяцае нічога добрага...
Яна МУСВІДАС
Друкуецца ў “Бярозцы” [2]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] http://zviazda.by/be/edition/byarozka
[3] https://zviazda.by/be/tags/filmy
[4] https://zviazda.by/be/tags/chasopis-byarozka