Абласное свята роднай мовы ў Брэсце назвалі «Жывыя вытокі». Яго адкрыў абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Для ўдзелу ў ім было выбрана паўтара дзясятка канкурсантаў з больш чым 30 прэтэндэнтаў, якія даслалі ў камісію дыскі са сваёй творчасцю. Канцэрт працягваўся дзве гадзіны. Па выніках журы назвала трох пераможцаў. Імі сталі Кацярына Сычэўская з Баранавіцкага раёна, Юлія Логвін з Камянецкага раёна і Аляксандра Гесь з Баранавіч. Дзяўчаты атрымалі права прадставіць заяўкі на Нацыянальны фэст песні і паэзіі ў Маладзечне.
Абласная бібліятэка імя М. Горкага прымеркавала да свята выставу «Нам засталася спадчына». А музычна-паэтычная вечарына парадавала гледачоў творчасцю самадзейных калектываў. Так, народная драматычная студыя Івацэвіцкага Дома культуры паказала пастаноўку па матывах верша В. Дуніна-Марцінкевіча «Лілея». Народны ансамбль танца «Янаўцы» з Іванава прывёз на свята абрадавую пастаноўку «Старажытнасць». А завяршыўся дзень роднай мовы вясёлай этнадыскатэкай з удзелам ансамбляў народнай музыкі і танцаў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:yackevіch@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-rodnay-movy
[5] https://zviazda.by/be/tags/brest