Першае правіла Бацькоўскага клуба — не казаць пра Бацькоўскі клуб.
Другое правіла Бацькоўскага клуба — нідзе не казаць пра Бацькоўскі клуб.
Трэцяе правіла Бацькоўскага клуба — не звяртаць увагі на першыя два правілы...
«Бацькоўскі клуб» — новая рубрыка, у якой разважаюць, спрачаюцца і дыскутуюць таты розных пакаленняў нашай рэдакцыі. Вітайце: загартаваны 20 гадамі сямейнага жыцця Сяргей Куркач і яго маладзейшы калега Валянцін Бойка. Без пустаслоўя і сюсюкання — толькі суровы мужчынскі погляд на рэчы. Мінімум эмоцый — максімум аргументаў. Пакуль не пераможа чыйсьці пункт гледжання.
«Мужчыны з Марса, а жанчыны з Венеры». Так называецца вядомая кніга амерыканскага псіхолага. І нездарма: мы настолькі розныя, што версія аб паходжанні мужчын і жанчын з розных планет не выглядае перабольшаннем. Аднак нас усё роўна цягне адно да аднаго. Прычым на стадыі закаханасці мы цэнім у партнёрах адныя рысы, а ў сямейным жыцці — іншыя.
Хто такі сапраўдны мужчына? Суровы «альфа-самец», што цэлымі днямі «косіць» грошы? Або сем'янін, які варыць дзецям кашу і мяняе пялюшкі? Заўзяты прагматык або рамантычны летуценнік?
В.Б.: Мужчына — гэта чалавек, упэўнены ў сабе, які не баіцца несці адказнасць за сябе і за сваіх блізкіх. І ў сілу гэтай адказнасці ён галоўны ў сям'і. Яго мужчынская справа — здабыванне рэсурсаў. Некалі гэта былі ўмоўныя «маманты», цяпер — грошы. А дом — гэта яго «крэпасць». Месца, дзе яго любяць і чакаюць. І дзе ён пачувае сябе ўтульна, дзе яго нішто не напружвае. Туды ён прыходзіць адпачыць душой і целам.
С.К.: І што атрымліваецца? Прыходзіш ты дадому, і адразу твая «палавінка» прыносіць табе тапкі і запрашае прылегчы на канапу? Я звар'яцеў бы праз месяц такога «адпачынку». Галоўны ён у сям'і... Ходзіць выключна на працу, зарабляе грошы... А хатняя гаспадарка — ужо не тваё? У шлюбе ўсё агульнае! Я, напрыклад, генеральную ўборку ў доме зрабіць магу, згатаваць святочную вячэру... Дый заплесці сваім дачушкам косы, у рэшце рэшт. І гэтая гатоўнасць дзяліць не толькі рамантычныя, але і бытавыя моманты яшчэ больш яднае людзей у шлюбе. Хаця наконт прыбірання ў хаце я крыху перабольшваю, бо дзве мае дачкі ўжо падраслі, і я цяпер магу спакойна кіраваць працэсам, седзячы на той самай канапе. Але сам алгарытм навядзення парадку мы з жонкай разам стваралі гадамі.
В.Б.: Рэспект вам і «паважуха», як кажа моладзь. Але я таксама пры патрэбе дапамагаю жонцы: магу і ў хаце прыбраць, і прыгатаваць паесці, і пялюшкі дзіцяці памяняць. Але ж атмасферу ўтульнасці ў доме ўсё-ткі стварае жанчына. Кветачкі, фіраначкі, абрусікі... А мужчына застаецца здабытчыкам. Не ўсім фізічна стае часу, каб косы заплятаць. Бо каб забяспечыць сям'ю, мужчына часта працуе ў двух і болей месцах. І дадому прыходзіць з высалапленым языком. Натуральна, яму хочацца, каб да яго прыходу і вячэра была згатаваная, і ў хаце наведзены парадак. Бо ён «на перадавой». І лагічна, што тылавым забеспячэннем» мусіць займацца жонка.
С.К.: У вас, калега, дзіўнае ўспрыманне хатніх абавязкаў. А мне падабаецца пасля працы прыйсці і што-небудзь прыгатаваць. Некаторыя стравы ў мяне выходзяць лепей, чым у жонкі. Дзеці ад маёй піцы проста млеюць! Але ў маім гатаванні ёсць і выхаваўчы падтэкст. Яны глядзяць на бацьку і вучацца самі! Мая старэйшая дачка піцу «па-куркачоўску» робіць ужо не горш за мяне.
В.Б.: Гэта выдатна. Але можна зарабіць грошай і заказаць смачную піцу ад прафесійнага кухара. Мне таксама будзе прыемна, што магу пацешыць сваю сям'ю гэткім ласункам. А дзіця маё яшчэ досыць малое і маіх кулінарных вынаходак пакуль не зразумее.
С.К.: А гатаваць проста так, для душы ты не спрабаваў? Мне гэта эмацыянальную асалоду прыносіць! Таму што ёсць для каго кухарыць. І прыемна ўсведамляць, што я гэта ўмею. Бо многія мае знаёмыя таты нават да яечні не ведаюць, як падступіцца. А сапраўдны мужчына, на мой погляд, павінен умець не толькі здабыць «маманта», але і смачна засмажыць яго. Або патушыць. З агароднінай.
В.Б.: Вас паслухаеш, дык выходзіць, што мужыкам варта строем ісці запісвацца на кулінарныя курсы! Вядома, трэба ўмець гатаваць хаця б на ўзроўні выжывання. Каб і сам не сядзеў на батоне з кефірам, і дзецям мог нармальны пад'едак зладзіць, калі жонкі з нейкай прычыны няма дома. Але гэта не маё. Я гэтым займаюся толькі пры крайняй неабходнасці.
С.К.: А што тваё?
В.Б.: Ёсць больш мужчынскія абавязкі: прыбіць, прыкруціць, прыладзіць... Я лепей тройчы бачок унітаза адрамантую, чым стаяць увесь вечар каля пліты. Хаця і хатнія рамонты — таксама справа руцінная. Была б магчымасць, даверыў бы каму-небудзь іншаму.
С.К.: А я мяркую, што мужчына мусіць быць рукастым і ўмець рабіць усё. Адзінае выключэнне — электраправодка. Тут ужо кваліфікацыя патрэбная. Але смеху варта, калі дарослы мужык выклікае майстра, каб дзірку ў сцяне прасвідраваць! Мужчына павінен быць гаспадаром у хаце, як яго бацькі, дзяды і прадзеды. Гэта нават самаацэнку павышае, калі ты сам узяў і адрамантаваў.
В.Б.: Быць «рукастымі» нашых мужчын жыццё змушае. Думаю, многія з задавальненнем выклікалі б майстра, а самі ў гэты час глядзелі б футбол або чыталі кніжку. Але фінансы пяюць рамансы, таму даводзіцца ўсё рабіць сваімі рукамі. А калі ты можаш дазволіць сабе не калупацца ў сантэхніцы — гэта прыкмета твайго жыццёвага поспеху. Значыцца, ты досыць зарабляеш, каб наймаць спецыяліста. І гэта павышае самаацэнку значна болей, чым цурчанне адрамантаванага табой бачка.
С.К.: Ты забываеш, што ў хатняй працы ёсць выхаваўчы момант. Калі я нешта рамантую, мой сын глядзіць, запамінае, пачынае дапамагаць. Хай усведамляе сваю гендарную ролю. І ўвогуле, ніхто ж не ведае, з чым яму ў жыцці давядзецца сутыкнуцца. А калі ў армію пойдзе? А калі ў экстрэмальную сітуацыю трапіць? Закіне злая доля на бязлюдны востраў — і што ты будзеш рабіць са сваімі грашыма? Есці іх? А мужчына, які ўсё ўмее, і хацінку збудуе, і ежу здабудзе, і зброю змайструе. Словам, выжыве.
В.Б.: Эпоха рабінзонаў даўно мінула. І сітуацыі, пра якія вы гаворыце, — гэта з разраду фантастыкі. Вядома, навыкі фізічнай працы лішнімі не будуць, але лепей засяродзіцца на інтэлектуальным развіцці. Каб дзіця атрымала добрую адукацыю і зарабляла грошы галавой. Бо махаючы рыдлёўкай, фінансавага поспеху не дасягнеш.
Абяцаная шапка вушэй не грэе
С.К.: Ваша пакаленне пра што-небудзь іншае, апрача грошай, думае? Мы ў свой час умелі радавацца жыццю, не маючы ні хаты ні лапаты. Кахалі, жаніліся, нараджалі дзяцей. І адсутнасць грошай не ўспрымалі як трагедыю. Нам хапала таго, што мы былі маладыя, што перад намі ляжаў цэлы свет! А матэрыяльнае так ці інакш прыходзіла. А вы страцілі тое аптымістычнае адчуванне, якое было ў наш час.
В.Б.: А мне здаецца, што вы проста ідэалізуеце мінулае. Простыя радасці жыцця нікуды не зніклі. І магчымасцяў для атрымання асалоды стала нават болей. Але большыя магчымасці патрабуюць большых грошай. І гэта нармальна, калі малады чалавек думае пра будучыню. Калі на момант стварэння сям'і ён хоча мець кватэру, машыну, нейкія накапленні. Дый паненкі сталі больш пераборлівымі: яны жадаюць сабе больш заможнага спадарожніка жыцця. І ў гэтым маюць рацыю.
С.К.: Абяцаная шапка вушэй не грэе. І паненка, што чакае прынца на белым «мерседэсе», можа ўсё жыццё і прачакаць. І ўпусціць хай небагатага, але харошага хлопца, з якім магла б быць шчаслівай. Таму, паненкі, пры выбары спадарожніка жыцця ўмейце разглядзець «брыльянт у пыле».
В.Б.: Аднак што ні кажыце, але калі хлопец спачатку будзе заможным, то сэрца дзяўчыны яму будзе прасцей скарыць. Усё-ткі мільянера прыемней кахаць, чым жабрака. Калі ён можа дарыць кветкі, здзіўляць прыемнымі сюрпрызамі...
С.К.: Магу расказаць табе гісторыю са свайго юнацтва. Блізіўся дзень нараджэння маёй будучай жонкі, а грошай у мяне было толькі на тры гваздзікі. І я хадзіў па прыватным сектары і прасіў у гаспадароў па дзве-тры ружы для сваёй каханай дзяўчыны. І людзі ішлі насустрач і аддавалі свае самыя прыгожыя кветкі. У выніку назбіралася цэлае вядро прыгажэнных руж — дваццаць пяць штук. Акурат столькі гадоў тады спаўнялася імянінніцы. Бачыш: можна зрабіць для дзяўчыны феерычны сюрпрыз і без грошай.
В.Б.: У наш час гэта не так проста, як было некалі. Не толькі дзяўчаты, але і людзі ўвогуле сталі больш меркантыльнымі. Хацеў бы я паглядзець, як бы вы цяпер прайшліся па катэджавым пасёлку і папрасілі кветак!.. І паслухаць, якімі словамі вам бы адказалі. Добра гэта ці кепска, але факт: чалавека сталі ацэньваць найперш па вонкавым выглядзе і сацыяльным статусе.
Конік маленькі, ды залаценькі
С.К.: Калі пачуцці сапраўдныя, то ні багацце, ні знешнасць ролі не адыгрываюць. Я ў свой час не меў грошай і не быў ні высокім бландзінам, ні смуглявым мача з чорнай барадой. Сэрца сваёй жонкі я скарыў тым, што цэлымі гадзінамі чытаў ёй вершы, параўноўваў яе вочы з зоркамі. І вячэра, прыгатаваная мной са звычайных прадуктаў, уразіла яе болей, чым тыя далікатэсы, што я заказваў у рэстаране. Бо ёй са мной было ЦІКАВА. І гэта галоўнае. Хаця я згодны з тым, што мужчына павінен быць здабытчыкам. Але ёсць рэчы, даражэйшыя за грошы. Гэта чуласць, душэўнасць і гатоўнасць да кампрамісаў. Сапраўдны мужчына — гэта не той, хто прэцца па жыцці, нібы танк. Ён, хутчэй, грузавік, каторы бярэ і вязе свой груз.
В.Б.: А як жа прынцып «хто паспеў — той і з'еў»? У нашым грамадстве даўно дзейнічаюць «законы джунгляў». Кожны стараецца ўрваць для сябе смачнейшы кавалак. І калі ў цябе ёсць сіла, зубы і кіпцюры, то ў цябе болей шанцаў.
Піца па-куркачоўску
Купіць у краме дражджавое цеста. Круглую бляху (дыяметрам 40—50 см) змазаць маргарынам! Выкласці на яе цеста тонкім слоем. Размазаць па паверхні цеста паўтары сталовыя лыжкі кетчупу. Зверху выкласці адвараную і парэзаную кураціну (колькі не шкада). Замест яе таксама можна выкарыстаць цяляціну, нятлустую свініну, філе рабчыкаў — усё, што здолееце здабыць. Мяса прысыпаць дробна парэзанай цыбуляй (палова сярэдняй цыбуліны, пажадана салодкай чырвонай). Нарэзаць лустачкамі 3—4 невялікія свежыя шампіньёны і рассыпаць па піцы. Прыцерушыць сушаным часнаком або іншай прыправай (якую знойдзеце). Пракалоць у пакеціку маянэзу маленечкую дзірачку і зрабіць на паверхні стравы маянэзную «сетачку». Натаркаваць на буйной тарцы цвёрды сыр (100—150 г) і прысыпаць ім піцу.
Больш урачысты варыянт: замест грыбоў — лушчаныя крэветкі, замест цыбулі — салодкі чырвоны перац, а замест кетчупу — свежыя памідоры.
Распаліць духоўку да 200°С і паставіць у яе піцу на 20—25 хвілін. Але канчатковая гатоўнасць вызначаецца па густым водары расплаўленага сыру. Смачна есці!
С.К.: Але такі падыход не заўсёды апраўданы. Мужчына павінен праяўляць вытрымку. Як рыбак, што гадзінамі чакае, пакуль рыба «торкне». У свой час у сталіцы ў мяне была праца, якая падабалася, але не давала вялікіх грошай. І не было ні жылля ў Мінску, ні перспектывы яго пабудаваць. «Залатога запасу» я таксама не меў. І ўзнікла думка з'ехаць у Лепель або Ляхавічы, дзе хаця б з кватэрай няма праблемы. Але я не стаў прымаць рашэнні на эмоцыях. І вырашыў застацца з сям'ёй у Мінску. І жонка мяне падтрымала. Хаця адказнасць на мяне лягла велічэзная. З цягам часу кватэрнае пытанне вырашылася і быт наладзіўся. І ты, дарэчы, прыехаў у Мінск з такім жа «капіталам», што і я ў свой час. Аднак не адмаўляешся ад свайго намеру.
В.Б.: Не адмаўляюся, бо мужчына павінен дабівацца сваіх мэт. А прыкрываць бяздзейнасць неспрыяльнымі абставінамі можа толькі слабы духам чалавек. Ідэальна спрыяльнымі абставіны ніколі не будуць. Калі ёсць рукі, ногі, галава, то табе нішто не замінае ісці наперад. Акрамя тых перашкод, якія ты сам сабе напрыдумляў.
С.К.: Згодны. Толькі дазволь даць адну параду: мужчына павінен праяўляць не толькі сілу, але і мудрасць. Ён нібы дрэва, якое гнецца пад ветрам, але не ламаецца.
Cяргей КУРКАЧ, Валянцін БОЙКА
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА, Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valyancin-boyka
[2] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/backa
[6] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[7] https://zviazda.by/be/tags/backouski-klub
[8] https://zviazda.by/be/tags/vyhavanne-dzyacey