Беларускія маркі зноў прызналі аднымі з найлепшых у свеце. На Азіяцкай міжнароднай філатэлістычнай выставе «CHІNA 2016» наша экспазіцыя ўдзельнічала ў 14-м міжнародным конкурсным класе і была ўзнагароджана сярэбраным медалём. Прыз прысудзілі паштовай прадукцыі, выпушчанай з 2013 па 2015 год. Чым адметная беларуская філатэлія? Пра гэта мы даведаліся ў начальніка выдавецкага цэнтра «Марка» прадпрыемства «Белпошта» Ірыны ШЫПІЛАВАЙ.
У форме трохвугольніка
Крыху гісторыі. Першая ў свеце дзяржаўная марка была выпушчана ў Вялікабрытаніі 6 мая 1840 года. Яе назвалі «Чорны пені» праз колер друку і кошт у адзін пені. Роданачальнікам маркі лічаць сельскага настаўніка Роўленда Хіла, які пазней стаў каралеўскім генеральным паштмайстрам.
Гісторыя беларускай філатэліі пачынаецца з 20 сакавіка 1992 года. У той дзень была выпушчана ў абарачэнне першая айчынная паштовая мініяцюра «Крыж Еўфрасінні Полацкай». Спачатку маркі тыражаваліся ў Расіі, а з 1995 года вытворчасць дзяржаўных знакаў паштовай аплаты наладжана ў Беларусі. Маркі надрукавалі ў выдавецтве «Беларускі Дом друку»: яны выйшлі ў абарачэнне 4 мая 1995 года і былі прысвечаны 50-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
На сёння ўведзена амаль 1200 беларускіх марак. Штогод выпускаецца каля 50 сюжэтаў мастацкіх паштовых мініяцюр. На іх адлюстраваны сучасныя рэаліі дзяржавы, гістарычная і культурная спадчына, багатыя флора
і фаўна.
— Апошнія гады выдавецкі цэнтр «Марка» працуе па некалькіх кірунках, — расказвае Ірына Шыпілава. — З аднаго боку, павышаюцца патрабаванні да распрацоўкі арыгінал-макетаў марак і іх вырабу. З другога — аптымізаваны формы выпуску: зроблены ўхіл на «зручныя» памеры марачных лістоў, прадугледжана наяўнасць купонаў і па-мастацку аформленых палёў. Беларускія маркі сталі «больш прыбранымі». Пры іх вырабе прымяняюцца паслядрукарскія паліграфічныя тэхналогіі: выбарачная лакіроўка, тэрмічнае цісненне металізаванай фольгай і іншыя. З'явіліся незвычайныя паштовыя маркі — у выглядзе трохвугольніка, круга, авала. Безумоўна, гэта вялікі крок наперад.
Экспарт у 60 краін
— Улічваючы багатую тэматыку выпускаў і высокае паліграфічнае выкананне, можна з упэўненасцю сказаць, што беларускія маркі цікавыя айчынным і замежным калекцыянерам. Адгрузка нашага філатэлістычнага матэрыялу на экспарт ажыццяўляецца ў 60 краін, — адзначае Ірына Шыпілава.
Найбольш папулярная і запатрабаваная тэма ў сусветнай філатэліі — флора і фаўна. Прыкладна траціна беларускіх марак прысвечана гэтай тэме. На паштовых мініяцюрах шырока прадстаўлена тэма запаведных тэрыторый. На марках розных гадоў паказаны Бярэзінскі біясферны запаведнік, Белавежская і Налібоцкая пушчы, Нацыянальныя паркі «Прыпяцкі», «Нарачанскі», «Браслаўскія азёры».
Раз на пяць гадоў беларуская пошта атрымлівае дазвол на выкарыстанне лагатыпа Сусветнага фонду прыроды (WWF) на марках з адным з рэдкіх відаў фаўны краіны. У супрацоўніцтве з гэтым фондам былі выдадзены серыі, прысвечаныя еўрапейскаму бабру, еўрапейскай рысі, чорнаму буслу і рагатаму дзедку (від стракоз). У 2015-м пад эгідай WWF выпусцілі маркі серыі «Рабы суслік».
Штогод выходзіць мастацкая паштовая мініяцюра «Птушка года Беларусі». Маркі гэтай серыі маюць свой стыль: яны выдаюцца невялікімі марачнымі лістамі з купонамі і мастацкім афармленнем палёў у дадатак. Традыцыйна да кожнага выпуску вырабляецца паштовая картка для картмаксімуму (на пярэднім баку такой карткі наклеена марка таго ж малюнка і стаіць штэмпель). Летась на мініяцюры быў намаляваны гогаль звычайны.
— Беларуская пошта ўлічвае інтарэсы калекцыянераў і выпускае шырокі спектр філатэлістычнай прадукцыі. Гэта канверты Першага дня, спецыяльныя памятныя гашэнні, картмаксімумы рознай тэматыкі. Арганізаваны выраб тэматычных і гадавых набораў, буклетаў і іншых паштовых сувеніраў, — расказвае Ірына Шыпілава. — Трэба адзначыць, што маркі, будучы калекцыйным матэрыялам, не толькі не губляюць з гадамі сваёй матэрыяльнай каштоўнасці, а наадварот, набываюць яе. Выпушчаныя пэўным тыражом, яны раскупляюцца, колькасць іх у продажы пастаянна змяншаецца, а попыт павялічваецца.
Водгук і ідэі кліентаў
Вызначыць найлепшую сярод беларускіх марак, выпушчаных летась, можа любы ахвотны. Конкурс-апытанне праходзіць з 20 лютага па 20 сакавіка. Анкету можна запоўніць на сайце Белпошты [3] або ў любым аддзяленні сувязі краіны.
Сярод пераможцаў мінулых гадоў — паштовыя блокі «1025-годдзе Хрышчэння Русі», «Дар'я Домрачава — трохразовая алімпійская чэмпіёнка ХХІІ зімовых Гульняў у Сочы (біятлон). Герой Беларусі», «70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».
— Мы заўважылі наступную тэндэнцыю: найлепшымі выпускамі становяцца паштовыя блокі. Але гэта хутчэй тэхнічная асаблівасць, бо блок складаецца з маркі і мастацкага поля, а таму змяшчае больш ілюстраванага матэрыялу, — кажа Ірына Шыпілава. — Штогадовы конкурс — гэта ўнікальная магчымасць атрымаць зваротную сувязь ад пакупнікоў. Кожнае пажаданне ці заўвага не застаецца без увагі. У выніку посткросеры падказалі шмат ідэй для мастацкіх картак і паштовых марак.
Служым закону, народу, айчыне
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь 24 лютага выпускае ў абарачэнне паштовы блок, прысвечаны 100-годдзю беларускай міліцыі, бо менавіта ў далёкім 1917-м, 4 сакавіка, грамадзянскі камендант Мінска падпісаў загад, згодна з якім М.В. Фрунзэ прызначаўся часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадку ў горадзе... Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Міністэрствам унутраных спраў. Дызайн Таццяны Кузняцовай. У дзень выпуску паштовага блока ў аддзяленні сувязі №1 Мінска (крама «Філатэлія»), вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце.
Кніга «Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь. 2015» стала дыпламантам нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», які праводзіўся ў рамках XXІV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://www.belpost.by/
[4] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/pashtovyya-marki
[6] https://zviazda.by/be/tags/kantakt