Учора парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляславам ПІРШТУКОМ завяршыла ўдзел у зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Яно праходзіла ў сталіцы Аўстрыі Вене з 23 па 24 лютага.
Адна з найважнейшых для нас падзей на гэтым мерапрыемстве — прэзентацыя Беларусі ў якасці краіны правядзення 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Яна будзе праходзіць у Мінску з 5 па 9 ліпеня бягучага года. Асноўная тэма — «Умацаванне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне АБСЕ».
На стэндзе, які арганізаваў Нацыянальны сход Беларусі, размешчаны лістоўкі з агульнай інфармацыяй пра будучую сесію, пра нашы атэлі, пра краіну, яе эканамічны і турыстычны патэнцыял. Ёсць прэзентацыйная прадукцыя прадпрыемстваў — брэндаў Беларусі.
Што да самога зімовага пасяджэння ПА АБСЕ, то, як паведамляе прэс-служба ніжняй палаты, Баляслаў Пірштук прыняў удзел у пасяджэнні Пастаяннага камітэта арганізацыі. Сярод іншага, там была агучана інфармацыя аб падрыхтоўцы маючых адбыцца сёлета мерапрыемстваў ПА АБСЕ.
На пасяджэнні Агульнага камітэта ПА АБСЕ па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі адбылося выступленне старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Нацыянальнага сходу Беларусі Валерыя ВАРАНЕЦКАГА на тэму «Кіраванне прыроднымі рэсурсамі: рашэнне праблем воднай бяспекі і барацьба са зменай клімату». Валерый Варанецкі адзначыў важную ролю, якую адыгрывае Беларусь у агульнаеўрапейскіх маштабах у справе захавання водна-балотных угоддзяў, падкрэсліўшы, што беларускія балоты называюць «лёгкімі» Еўропы. Ён таксама звярнуў увагу замежных калег на яшчэ адно ўнікальнае багацце нашай краіны — значныя запасы прэсных падземных водаў, якія экспертамі прызнаюцца аднымі з найлепшых у свеце.
Падчас зімовай сесіі нашы дэлегаты правялі сустрэчы з кіраўніцтвам ПА АБСЕ і сваімі калегамі — парламентарыямі краін — удзельніц арганізацыі.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/pa-abse
[5] https://zviazda.by/be/tags/balyaslau-pirshtuk
[6] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-varanecki
[7] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-shod-belarusi