Такія структуры камерцыйных арганізацый, як холдынгі, уключаюць у сябе кіруючую і некалькі даччыных кампаній. Узбуйненне прамысловых, сельскагаспадарчых, іншых прадпрыемстваў з той мэтай, каб выпрацаваць адзіную тактыку і стратэгію развіцця, знізіць затраты і заваяваць новыя нішы на знешнім рынку — з'ява для нашай краіны не новая. Практыка такога ўзбуйнення ўжо апраўдала сябе: адсутнасць унутранай канкурэнцыі дапамагае хутчэй рухацца наперад.
Лепей аб'яднацца
Летам 2015 года па гэтым шляху пайшла і алкагольная галіна. Згодна з Указам Прэзідэнта ад 17.07.2015 №326 быў створаны холдынг «Мінск Крышталь Груп» са 100-працэнтнай доляй дзяржавы. Сюды ўвайшлі 8 прадпрыемстваў на чале з кіруючай кампаніяй ААТ «Мінск Крышталь».
Спачатку былі вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні — сфарміраваны органы кіравання, размеркаваны зоны адказнасці, распрацаваны лакальныя нарматыўныя прававыя акты. Акрамя таго, быў зацверджаны парадак узаемадзеяння паміж удзельнікамі холдынга і прыняцця рашэнняў па кіраванні звязанымі відамі дзейнасці. Адбылася аптымізацыя кірункаў дзейнасці структурных падраздзяленняў арганізацый холдынга. Нарэшце, была створана гандлёвая кампанія «Мінск Крышталь Трэйд» — адзіны дыстрыб'ютар алкаголю ўсіх арганізацый холдынга.
Галоўнымі задачамі на 2016 год сталі для прадпрыемстваў холдынга ўмацаванне пазіцый на ўнутраным рынку, захаванне працоўных месцаў, а таксама павелічэнне аб'ёму і геаграфіі адгрузак на экспарт, работа над брэндамі і запатрабаванасцю прадукцыі ў розных краінах. Перад холдынгам стаяў шэраг важных фінансавых пытанняў, звязаных у тым ліку з крэдытнай нагрузкай, але ўжо сёння можна гаварыць аб паляпшэнні вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці фактычна ўсіх арганізацый, якія ўвайшлі ў холдынг.
— Аргументаў за неабходнасць аб'яднання дзяржаўных арганізацый — вытворцаў алкаголю было дастаткова, — падкрэслівае генеральны дырэктар ААТ «Мінск Крышталь» — кіруючая кампанія холдынга «Мінск Крышталь Груп» Станіслаў ІОДЗІС. — Аб'яднанне павінна было цэнтралізаваць продаж, лагістыку, стварэнне і кіраванне брэндамі, а таксама выдаліць унутраную канкурэнцыю, каб знізіць затраты на рэалізацыю прадукцыі. Аптымізацыя гандлёвага партфеля вытворцаў алкаголю для мэтавага прасоўвання на ўнутраным і знешніх рынках павінна была дазволіць сфарміраваць дастатковы бюджэт для дастойнага прасоўвання прадукцыі пад брэндам «Мінск Крышталь Груп» — беларускі алкаголь. Стварэнне холдынга стала аптымальным варыянтам вырашэння праблем. Гэта прыклад сусветных тэндэнцый па глабалізацыі эканомікі, узбуйненні кампаній і з'яўленні іншых магчымасцяў, якія дазволяць быць на роўных з сусветнымі, у тым ліку расійскімі, канкурэнтамі.
Па форме і змесце
Складаную сітуацыю, у якой апынулася алкагольная галіна Беларусі, абумовіў шэраг фактараў. Па-першае, рэзкае падзенне попыту з-за павелічэння ставак акцызу і цэн. Па-другое, канкурэнцыя паміж лікёра-гарэлачнымі прадпрыемствамі ўнутры аднаго ўласніка — дзяржавы. Нарэшце, рэзкі рост крэдытных абавязацельстваў і зніжэнне эфектыўнасці вытворчасці алкаголю.
Сумеснымі намаганнямі кіраўніцтва, спецыялістаў кіруючай кампаніі пры падтрымцы адной з вядучых кансалтынгавых фірмаў Беларусі была распрацавана стратэгія развіцця холдынга на 2016—2020 гады. За даволі невялікі адрэзак часу была праведзена каласальная работа. І вынікі не прымусілі сябе чакаць.
За год запасы гатовай прадукцыі на складах скараціліся ўдвая, і яны па-ранейшаму мінімальныя, падтрымліваюцца на ўзроўні, неабходным, каб забяспечыць патрэбы гандлю ў асартыменце. Павялічаны рэнтабельнасць продажу, прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, вытворчасць працы па выручцы і дабаўленай вартасці.
Вытворчасці змяніліся і па форме, і па змесце. Быў аптымізаваны асартымент прадукцыі. Калі на момант аб'яднання заводы выпускалі больш як тысячу найменняў, то ўжо ў снежні 2015 года спіс быў скарочаны амаль удвая. Сфарміраваліся дакладныя цанавыя сегменты з арыентацыяй на спажыўца. Асартымент стаў больш рацыянальным: ніхто нікога не дублюе, прадукцыя з нізкім спажывецкім попытам перастала выпускацца. А для забеспячэння стабільнай якасці сфарміраваныя адзіныя падыходы да правядзення выпрабаванняў у лабараторыях холдынга, уключаючы арганізацыю міжлабараторных зверак.
ААТ «Мінск Крышталь» — кіруючая кампанія холдынга «Мінск Крышталь Груп», першая ў краіне сярод прадпрыемстваў алкагольнай галіны, атрымала сертыфікат FSSC 22000 найноўшай міжнароднай сертыфікацыйнай сістэмы бяспекі харчовых прадуктаў. Аўдыт-сістэмы менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў праводзіла кампанія «TUV Thurіngen» (Германія). Выдадзеныя ёю сертыфікаты карыстаюцца даверам у Еўропе, з'яўляюцца эфектыўным сродкам маркетынгу і дакументальным пацверджаннем стабільнасці якасці, бяспекі прадукцыі і паслуг.
Усе — за аднаго
Холдынгу ўдалося выканаць практычна ўсе прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, даведзеныя на мінулы год. Большасць арганізацый не толькі не страцілі, але і прыраслі па аб'ёмах вытворчасці і рэалізацыі. Выпуск прадукцыі прамысловасці па арганізацыях холдынга склаў 120,5 працэнта, рэалізацыя гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў вырасла на 14 працэнтаў.
За 2016 год холдынг «Мінск Крышталь Груп» павялічыў прыбытак у 1,8 раза да аналагічнага перыяду 2015-га. Холдынг таксама выйшаў на пераканаўчыя лічбы па чыстым прыбытку, пры тым што ў 2015 годзе галіна ў цэлым была стратнай.
Паводле слоў дырэктара харчовага камбіната «Весялова» Уладзіміра ЛЕЙБУКА, уваходжанне ў холдынг істотна паўплывала на эканоміку прадпрыемства, у прыватнасці, значна зменшыліся затраты на лагістыку і рэалізацыю прадукцыі. Генеральны дырэктар ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка» Аляксандр РАМАНОЎСКІ адзначае, што работа ў складзе холдынга — гэта новыя веды і навыкі работы ў звязцы «прадпрыемства — гандлёвая кампанія — кіруючая кампанія», а галоўнай задачай становіцца імкненне працаваць так, каб слава аб прадукцыі ўсяго холдынга грымела і надалей.
— Стварэнне сістэмы продажу праз гандлёвую кампанію «Мінск Крышталь Трэйд» не толькі вызваліла вытворцу ад неабходнасці вырашаць пытанні рэалізацыі прадукцыі, але і дазволіла сканцэнтравацца на павышэнні якасці прадукту і стварэнні новых відаў, — дадае Станіслаў Антонавіч. — Гандлёвая кампанія аб'яднала гандаль, укараніла адзіную цанавую палітыку, сфарміравала агульную складскую і транспартную лагістыку, што ў выніку знізіла затраты вытворцаў. Аднак для зніжэння сабекошту і аптымізацыі затрат на ўсім працягу — ад вытворчасці прадукцыі да пастаўкі яе канчатковаму спажыўцу — недастаткова толькі кампаніі-дыстрыб'ютара. Мы актыўна выкарыстоўваем перадавыя тэхналогіі, паляпшаем лагістыку, укараняем новыя метады продажу і формы работы з гандлёвымі партнёрамі, распрацоўваем і выводзім на рынак новыя прадукты.
Урокі геаграфіі
Сумесная планамерная работа арганізацый холдынга паказвае першыя пераканаўчыя вынікі.
Удзельная вага холдынга ў агульных магутнасцях Беларусі па вытворчасці асноўных відаў алкагольных напояў склала 56 працэнтаў, іншымі словамі, на долю «Мінск Крышталь Груп» прыпадае больш за палову аб'ёму паставак лікёра-гарэлачнай прадукцыі на ўнутраны рынак. Што датычыцца знешнеэканамічнай дзейнасці беларускага алкагольнага холдынга, то ААТ «Мінск Крышталь» — кіруючая кампанія холдынга «Мінск Крышталь Груп» чарговы раз паказала летась найлепшы вынік па аб'ёмах паставак на экспарт — 6,7 млн долараў (137,4% да ўзроўню 2015 года).
ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка» паставіў за мяжу прадукцыі на 4,2 млн долараў (101% да ўзроўню 2015 года) і заняў, такім чынам, другую пазіцыю ў холдынгу па экспарце.
ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» паставіў на экспарт алкагольнай прадукцыі на суму 4,1 млн долараў (115% да ўзроўню 2015 года), і гэта трэцяе месца па экспартных пастаўках.
Харчовы камбінат «Весялова» — самае маленькае прадпрыемства ў холдынгу — забяспечыла ў 2016-м рост экспарту крухмалу амаль у 5 разоў у параўнанні з 2015-м.
Павялічыўся і тэмп адгрузак холдынга за 2016 год — 114 працэнтаў у грашовым выражэнні. Да 26 краін пашырылася і геаграфія экспарту. За апошнія паўтара года новыя рынкі збыту з'явіліся ў Кітаі, Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы, Новай Зеландыі, Паўднёвай Карэі, Сірыі, Венесуэле, Танзаніі, Дамінікане, асвойваюцца рынкі Перу, Калумбіі, Бразіліі. Па-ранейшаму адным з прыярытэтных рынкаў застаецца Расія. У Маскве было створана і актыўна працуе ТАА «МКР», на адрас якога было адгружана амаль 100 тысяч дал алкагольнай прадукцыі, што сведчыць аб уваходжанні беларускага алкаголю ў сеткавую розніцу расійскай сталіцы.
Рашэнне аб аб'яднанні буйных дзяржаўных вытворцаў алкагольнай прадукцыі было прынятае ў якасці кардынальнай меры па рэфармаванні алкагольнай галіны.
У склад створанага 7 жніўня 2015 года холдынга «Мінск Крышталь Груп» увайшлі 8 прадпрыемстваў канцэрна «Белдзяржхарчпрам» — лідараў алкагольнай галіны дзяржаўнай формы ўласнасці:
ААТ «Мінск Крышталь»— кіруючая кампанія холдынга «Мінск Крышталь Груп»;
ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка»;
ААТ «Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір»;
ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне»;
ААТ «Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод»;
ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод»;
ААТ «Мазырскі спіртагарэлачны завод»;
ААТ «Харчовы камбінат «Весялова».
З канца 2015 года працуе адзіны дыстрыб'ютар прадукцыі — «Мінск Крышталь Трэйд».
Агульная перамога
Працягваецца работа і па такім важным кірунку, як выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі пад уласнымі гандлёвымі маркамі з найлепшай французскай, малдаўскай і грузінскай сыравіны, а таксама дыстылятаў з Шатландыі, Мексікі, Кубы, што дазваляе кансалідаваць дабаўленую вартасць унутры краіны і забяспечваць эканомію валюты. Дзякуючы якаснай вытворчасці такой прадукцыі на айчынных прадпрыемствах летась удалося захаваць для дзяржавы каля 18 млн долараў. Агульны аб'ём адгрузак імпартазамяшчальнай прадукцыі на ўнутраны рынак вырас на 22 працэнты.
Павелічэнне прыбытковасці арганізацый холдынга немагчымае без мадэрнізацыі іх вытворчасцяў, выкарыстанне высокаэфектыўнага абсталявання, якое забяспечвае выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі і эканомію рэсурсаў. Спецыялістамі арганізацый холдынга распрацавана і зацверджана ў канцэрне «Белдзяржхарчпрам» і ў Міністэрстве эканомікі дарожная карта развіцця аб'яднання да 2020 года. Меры, якія плануюцца або прымаюцца дзеля нарошчвання аб'ёму выпуску і продажу, скіраваныя як на стабільнае развіццё ўсяго холдынга, так і кожнага ўдзельніка ў прыватнасці. На цяперашні момант максімальна задзейнічаны патэнцыял для далейшага ўстойлівага развіцця холдынга «Мінск Крышталь Груп», забеспячэння гарантаванай занятасці працуючых, іх сацыяльнай абароны, а таксама ўзмацнення ролі дзяржавы ў пытаннях абароту алкаголю.
— Мы ўпэўнена крочым наперад і задзейнічаем усе магчымасці, максімальна павышаючы эфектыўнасць усіх арганізацый, — кажа Станіслаў Іодзіс. — Не так даўно атрымалі Гран-пры конкурсу «Best vodka 2016». Нашы напоі заваявалі 10 залатых медалёў і «Залатую зорку» за ўпакоўку на міжнародным дэгустацыйным конкурсе «Unіted Vodka» ў Канах. Холдынг стаў лаўрэатам прэстыжнай расійскай прэміі «Кампанія №1», быў прызнаны ў мінулым годзе лепшым наймальнікам з пункту гледжання ўмоў для персаналу ў межах конкурсу «Работадаўца года — 2016». У Маскве нам прысвоілі званне «Надзейны пастаўшчык прадукцыі і паслуг». Акрамя таго, заваявалі 16 вышэйшых узнагарод і званне «Найлепшы прадукт» на славутай выстаўцы «Прадэкспа-2017», якая лічыцца галоўнай падзеяй у харчовай індустрыі краін СНД. Усё гэта, безумоўна, вынік сумесных намаганняў усіх службаў «МІНСК КРЫШТАЛЬ ГРУП».
Празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць здароўю.
УНП 600013329
* - На правах рэкламы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/na-pravah-reklamy
[3] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsk-kryshtal
[5] https://zviazda.by/be/tags/alkagol