Урачыстае ўшанаванне пераможцаў конкурсу "Жанчына года БДУ" адбудзецца 2 сакавіка ў Ліцэі БДУ (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 17.00.
Ініцыятарам яго правядзення выступіла грамадская арганізацыя "Саюз жанчын БДУ". Згодна з ўмовамі конкурсу, яго ўдзельнікамі маглі стаць толькі сябры гэтай арганізацыі. Конкурс праводзіўся ў пяці намінацыях: "Навуковыя дасягненні", "Навукова-метадычныя дасягненні", "Кіраўніцкая праца", "Праца са студэнтамі", "Лепшы работнік (лепшы ў прафесіі)". У кожнай намінацыі вызначаліся пераможца і два лаўрэаты.
Усяго было разгледжана больш як 100 заявак, з якіх адабрана толькі 27 прэтэндэнтак на перамогу. Сярод канкурсантак — прадстаўніцы факультэтаў міжнародных адносін, філасофіі і сацыяльных навук, геаграфічнага, механіка-матэматычнага, фізічнага, філалагічнага, хімічнага, юрыдычнага, а таксама Інстытута журналістыкі, Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы, Студэнцкага гарадка, упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і фундаментальнай бібліятэкі БДУ.
У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва ўніверсітэта, члены Савета жанчын БДУ і грамадскіх арганізацый, кіраўнікі структурных падраздзяленняў ВНУ і незалежныя эксперты.
Гераінь урачыстасці чакаюць спецыяльныя ўзнагароды ад Нацыянальнага агенцтва па турызме Беларусі, Саюза пісьменнікаў Беларусі і іншых арганізацый. Не абыдзецца гэты дзень і без прыемных сюрпрызаў. Паміж фіналісткамі будзе разыграна турыстычная пуцёўка па маршруце "Бельгія—Галандыя", з наведваннем знакамітага Каралеўскага парка кветак Кёкенхоф.
Завершыцца свята музычным канцэртам. У праграму ўключаны выступленні артыстаў калектываў "Звонкая раніца", "Неруш", удзельнікаў праекта "Голас" і лаўрэатаў конкурсу "Еўрабачанне" ад Беларусі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/zhanchyna-goda-0