Ініцыятыва грамадскага аб'яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выбраць сабе ў якасці сімвала якую-небудзь птушку была падтрымана на Клічаўшчыне. Раён лясны, акцэнт у сваім развіцці робіць менавіта на экалагічны складальнік, птушак тут болей чым дастаткова. Апыталі насельніцтва, правялі круглы стол і прыпыніліся на сойцы. Яна перамагла з больш чым двух дзясяткаў прапанаваных на выбар прэтэндэнтаў.
— З улікам народнага меркавання дэпутаты на нядаўняй сесіі зацвердзілі гэты сімвал, — паведаміў старшыня Клічаўскага райсавета Уладзімір КНІГА. — Райвыканкаму даручана распрацаваць пералік мерапрыемстваў па яго папулярызацыі. Аб'яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пацвердзіла сваю гатоўнасць намаляваць на фасадзе аднаго з жылых дамоў горада сойку. Дом рамёстваў ужо пачаў працаваць над тым, як растыражаваць сімвал з дапамогай сваіх вырабаў. Разглядаецца таксама магчымасць выкарыстаць гэты сімвал як ініцыятыву па брэндзіраванні раёна і паўдзельнічаць у праграмах ПРААН або Глабальнага экалагічнага фонду. Добра будзе, калі пад гэты праект атрымаецца яшчэ і знайсці грошы.
У Клічаве лічаць, што сойка самы адпаведны сімвал для раёна. Яна сустракаецца ў тутэйшых лясах, садзейнічае з'яўленню дубраў. Птушка гаспадарчая, дзелавітая і вельмі сімпатычная, кажуць жыхары.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:zіgulya@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/klichau
[5] https://zviazda.by/be/tags/brend
[6] https://zviazda.by/be/tags/ahova-ptushak-backaushchyny-1
[7] https://zviazda.by/be/tags/praan