Сёлета спыняць практыку падпісання пагадненняў паміж канцэрнамі і Міністэрствам гандлю на пастаўку тавараў. “Мы павінны стварыць роўныя ўмовы і выключыць практыку лабіравання інтарэсаў прадпрыемстваў”, — адзначыў Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Уладзімір КАЛТОВІЧ на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасныя механізмы функцыянавання гандлёвага бізнесу і турыстычнай індустрыі: рэальнасць і перспектывы”, якая прайшла ў БДЭУ.
Міністр звярнуў увагу на тое, што цяпер асноўная задача — аднаўленне культуры разумення добрасумленнай канкурэнцыі. “Мы ставім сабе задачы, каб усе дакументы, якія праходзяць, — рашэнні, пастановы, указы, законы — адпавядалі прынцыпам і нормам канкурэнтнага права”. Дзяржаўная падтрымка не павінна ўплываць на баланс сіл на рынку. Інакш інвестыцыі ў малы і сярэдні бізнес становяцца бесперспектыўнымі. Неабходна вызначыць асноўны прынцып: увядзенне забароны на абмежаванні, якія ствараюць дыскрымінацыйныя ўмовы, і на неабгрунтаванае ўмяшанне ў вольнае функцыянаванне таварных рынкаў, выданне актаў ці рашэннях, якія супярэчаць прынцыпам антыманапольнага заканадаўства.
За апошнія паўгады працы былі ўнесены змены ў больш чым 700 нарматыўна-прававых актаў, падрыхтаваны праект змяненняў у законе аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі. Цяпер ён знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў. Адна з навінак гэтага года — стварэнне праграмы развіцця канкурэнцыі ў нашай краіне. Гэта азначае напісанне “дарожных карт” па кожнай галіне, каб правесці рэвізію і аптымізацыю рашэнняў, прынятыя на ўсіх узроўнях улады.
Уладзімір Калтовіч расказаў і пра новую спецыяльнасць, якая адкрыецца з першага верасня ў магістратуры БДЭУ, — “Эканамічнае і антыманапольнае рэгуляванне”. Зараз у міністэрстве знаходзяцца 14 чалавек на практыцы, частка з іх зможа атрымаць пасле яе працу і адначасова працягнуць навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі.
Прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Генадзь КАРАЛЁНАК расказаў, што ў год навукі ўсе факультэты гэтага ВНУ праводзяць мерапрыемствы па пашырэнню навуковых даследаванняў. У канферэнцыі, якая прайшла на гэтым тыдні, удзельнічалі каля 150 маладых навукоўцаў, у тым ліку з Расіі, Украіны, Эстоніі і Італіі. “Сёння без навукі практычна немагчыма рыхтаваць спецыялістаў. Неабходна, каб студэнты вывучалі самастойна многія прадметы, удзельнічалі ў навуковых даследаваннях, таму што гэта будучы інтэлект нацыі. Мы павінны падрыхтаваць студэнтаў для працы ў новых умовах гаспадарання”.
Надзея АНІСОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/gandal
[4] mailto:%D0%B0n%D1%96s%D0%BEv%D1%96%D1%81h@zv%D1%96%D0%B0zd%D0%B0.b%D1%83
[5] https://zviazda.by/be/tags/marg
[6] https://zviazda.by/be/tags/gandal