У шафе ў кабінеце старшыні Добрушскага райвыканкама Вольгі Мохаравай не толькі прыгожыя сукенкі, але і боты гумавыя і куртка рабочая. Сустракае з прычоскай і макіяжам, аднак у світары і душагрэйцы — ужо гатовая ажыццявіць чарговы аб'езд сваіх уладанняў. У першай палове дня — ферма, у другой — віншаванне найлепшых жанчын раёна.
— Калі мне 12 гадоў назад тагачасны губернатар Аляксандр Якабсон прапанаваў узначаліць раён, я нават не думала, згадзілася адразу. Я не разумею мужыкоў, якім прапануюць пасаду кіраўніка гаспадаркі, а яны кажуць: можна, я падумаю тыдзень. А што тыдзень думаць? Я ж да гэтага працавала першым намеснікам па сельскай гаспадарцы ў Гомельскім раёне. А ўвогуле пачынала пасля тэхнікума ў сябе на радзіме, у Брагінскім раёне. Там канфлікт здарыўся са сваячкамі і суседкамі. Яны хацелі, каб я ім тлустасць малака ставіла вышэй за наяўную. Ну не магла я гэта рабіць! Яны ж ваду лілі ў малако. Дамоў прыходжу, а бацькі мне і кажуць: ведаеш што, дзеўка, збірай манаткі, прасіся ў іншую гаспадарку. Бо пасварыш нас у вёсцы з усімі.
Усё жыццё дарогу я прабівала сама. У мяне не было «валасатай рукі». Бацька трактарыст. Маці ў паляводчай брыгадзе. Якой я павінна была вырасці? Я ў баях з хлопцамі заўсёды перамагала. Мяне абараніць не было каму. Я ж самая старэйшая ў сям'і і таму сама ўсіх абараняла. Дарэчы, як і цяпер. Калі да мяне на прыём прыходзіць даярка з рукамі ў мазалях, я ўспамінаю рукі сваёй маці — яны такімі ж былі. Памятаю, як ірвалі лён — я з маці на поле хадзіла. Я магу сноп добры звязаць і цяпер. Калі на ферму прыязджаю на дойку, бачу па вымені, што малако засталося, кажу даярцы — дай мне кубачак. Хоць пальцамі, хоць кулаком падаю. А там жа самае тлустае малако застаецца! Дзякуй богу, што я вырасла ў вёсцы і ўмею ўсё сама. У нас усе дзеці былі прывучаныя да працы і потым маці дапамагалі і дзвюх кароў даглядаць, і свінаматак з парасятамі.
— Няўжо ні лётчыцай, ні актрысай ніколі не хацелі стаць?
— Нават і ў марах не было. У 15 гадоў пасля васьмі класаў паехала ў Красны Бераг паступаць на агранома, але пераначавала, расплакалася, села ў поезд і вярнулася дадому — нават не стала здаваць экзамены. А пасля 10 класаў бацька мяне завёз у Рэчыцкі зоаветэрынарны тэхнікум. Там я грызла навуку — у школе так не вучылася, як у тэхнікуме. Пры гэтым больш любіла гуманітарныя прадметы, чым тэхнічныя. І, канешне, мне па паводзінах ледзь не ўляпілі тройку. Я была лідар заўсёды. Калі зараз чую, што маці дзецям нешта не даюць рабіць, кажу: не забівайце ў дзіцяці асобу! Калі яму ўсё забараняць — яно слова будзе баяцца сказаць. Навошта вам, каб дзеці сядзелі і ў рот глядзелі? Асоба павінна мець характар.
— Вы, атрымліваецца, за ўсіх членаў сваёй сям'і ўзялі клопат...
— Нас трое ў бацькоў. Сястра і брат так і засталіся жыць у Брагінскім раёне. Сястра закончыла інстытут і на адным рабочым месцы прапрацавала да пенсіі настаўніцай. Яна таксама жорсткая і патрабавальная. Ёсць гэта ў нас. Ад мамы, бо бацька ніколі за жыццё не крыкнуў ні на кога. А маці, якая засталася сіратою з шасці гадоў, баявая была. Яна ўсё жыццё нам казала: апошні кусок хлеба аддам, каб толькі вы атрымалі адукацыю. Каб вы так не гаравалі, як я гаравала. Усе мае пляменнікі хто атрымаў, а хто атрымлівае вышэйшую адукацыю. Я ім дапамагаю вызначыцца ў жыцці. Сын Уладзіслаў па адукацыі юрыст, а працуе ў мясцовым доме культуры. Я яму давяраю. Сын спакойна можа знівеліраваць любы канфлікт, і я з ім раюся па многіх пытаннях. Дзяцей адпускаць трэба. Шкадаваць, але адпускаць і няхай цялёпкаюцца, але выплываюць самі.
Пра тое, каму і як дапамагае старшыня Добрушскага райвыканкама Мохарава, у раёне расказваюць легенды. Сабак, якіх кідаюць дачнікі, яна прыстройвае памочнікамі да вартаўнікоў у мясцовыя гаспадаркі. Цяжарных адзінокіх дзяўчат уладкоўвае на работу — каб лёс свой паспрабавалі змяніць. Тым, хто вярнуўся з турмы, са сваёй кішэні аплачвае аднаўленне дакументаў. Ёсць у яе «свой» дзіцячы дом, куды возіць падарункі на святы... Дарэчы, яна ганаравана двума праваслаўнымі ордэнамі і двума медалямі.
Мне людзі адкрываюць сваю душу. Можа, таму, што не казённа я прыёмы вяду? Людзі ж ідуць з надзеяй. Я ж для іх — улада. А ўлада для таго і створана, каб дапамагаць людзям. І яны ўдзячныя — прыносяць мне кветкі са свайго агарода. Не ўсе, канешне. Ёсць і такія, што жывуць выключна скаргамі і нават кідаюцца і лаюцца. Пасля аднаго такога выпадку ў мяне з'явілася трывожная кнопка. Не заўжды чалавеку можна аказаць матэрыяльную дапамогу згодна з законам. Калі бачу, што сапраўды патрэбна, усё, што магу, — гэта са свайго кашалька даць на хлеб з каўбасой. Калі пачуцця спачування не будзе — не ведаю, у што свет ператворыцца. Я вельмі не люблю прасіць. Лепш — аддаваць. З узростам гэта важней і важней становіцца.
— Кожны чалавек па-свойму прыходзіць да веры. У які момант вы сталі бліжэй да Бога?
— Мы раслі ў час атэізму, і маці мая не хадзіла ў царкву, хоць іконы ў доме віселі. Адну з іх я забрала, калі дом апусцеў. Мяне да веры прывёў ігумен Аўксенцій, сёння настаяцель Юравіцкага манастыра. Гадоў 15 таму ён прыйшоў прасіць выпісаць бульбу для Нікольскага манастыра і запрасіў прыйсці на службу. Схадзіла і адчула, як мне добра там. Мне неяк лягчэй жыць на свеце стала. З верай лягчэй працуецца. У нас восем прыходаў, якім мы дапамагаем і ахвяруем многа. Толькі за час, пакуль я старшыня райвыканкама, мы шэсць цэркваў адкрылі. Цяпер будзе царква вялікая будавацца каля трасы на Расію. У вёсцы Чырвоны Партызан ёсць царква, пабудаваная без адзінага цвіка. Але там людзей амаль не засталося. Тым не менш знайшлі мы спонсара і аднаўляем яе штогод.
— Вольга Фёдараўна, Добрушскі край яшчэ ж і адзін з цэнтраў праваслаўя на Гомельшчыне.
— У вёсцы Карма захоўваюцца мошчы святога Іаана Кармянскага і сюды прыязджае шмат паломнікаў. Нас гэта да многага абавязвае. Для мяне важна, каб усе бачылі, што тут усё па-гаспадарску. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня смерці Іаана Кармянскага, і мы пачынаем рыхтавацца да важнага свята, якое адзначым у канцы мая.
Некалькі разоў невялікі Добруш перасякаюць дзве рэчкі. Іпуць і Харапуць робяць горад падобным на Венецыю. 14 мастоў за апошні час прыведзены да ладу. І гэта — асаблівы гонар Вольгі Мохаравай за час, пакуль яна кіруе раёнам. Гаворыць — яшчэ б дарогі заасфальтаваць...
У нас фарфоравы завод поўнасцю прайшоў мадэрнізацыю. З ліпеня пачне працаваць адноўленая за кошт кітайскага крэдыту папяровая фабрыка, што відавочна надасць гораду другое дыханне і 300 рабочых месцаў. На горна-ўзбагачальным камбінаце цяпер пясок здабываюць круглы год. У нас два хлебазаводы і абодва мадэрнізаваныя.
— Ведаю, што і цяпер вы асабліва ставіцеся да сельскай гаспадаркі...
— Мы двойчы атрымлівалі па 100 тысяч тон збожжа. І сёлета планую, што ў нас атрымаецца. У нас сярэдні заробак па раёне ўжо перавышае 500 рублёў. Ведаеце, для мяне асноўнае, што ў раёне атрымалася захаваць касцяк кіраўнікоў. Многія працуюць са мной усе 12 гадоў. Гэта галоўнае — у нас ёсць каманда.
— Што вас можа вывесці з сябе?
— Калі раней заходзіла на ферму і бачыла галодную жывёлу. Як можна кіраўніку класціся спаць і ведаць, што жывёла галодная стаіць? Цяпер у мяне вышэйшай укормленасці з зімоўкі жывёла выходзіць. Калі ў спякоту прыязджаю на пашу і бачу, што п'яныя пастухі ляжаць ці ў «дурня» гуляюць, а жывёла зямлю грызе і раве... Вывесці з сябе мяне можа абыякавасць да сваёй справы. Мяне выводзяць несумленнасць і п'янства. Да таго ж калі п'яная даярка падаіла карову збольшага, тое, што засталося ў вымені, — выклікае запаленчы працэс, які прыводзіць да хваробы. І карову, якую мы тры гады гадавалі, вязём на мясакамбінат. Ведаеце, якія страты наносяцца гаспадарцы і дзяржаве ўвогуле?
— Якія якасці цэніце ў людзях?
— Мне падабаецца выраз: мужык сказаў — мужык зрабіў. А калі мужык сказаў і не зрабіў — я з ім працаваць не буду. Яшчэ я зразумела, калі прыйшла сюды, што караля сапраўды робіць світа. У мяне ёсць «чуйка» на кадры. І са мной сёння людзі, якімі я вельмі даражу. Калісьці мой старэйшы калега аграном Хімянкоў спытаў мяне: а ты чула, як дыхае зямля? Ён мне так растлумачваў, што такое ў справаздачнасці «закрыццё вільгаці». Кажа: паехалі ў поле. Я на калені станавілася і прыкладала вуха да зямлі. Сапраўды, зямля дыхае і поры ў зямлі адкрываюцца. Каб адчуць, калі сеяць, ён мне раіў: выстаў руку і вазьмі зямлю «ў локаць». І калі рука ад зямлі не замерзне — пачынайце сеяць. Так і ў жыцці — усяму патрэбны цяпло, ласка і клопат. І тэхналогія, канешне. Чалавек не можа ўсё ведаць. Таму мне не сорамна распытваць. Канешне, я эмацыянальная. А калі кіраўнік не будзе эмацыянальным, нічога ў яго не атрымаецца.
Напярэдадні свята — некалькі пытанняў пра справы жаноцкія
— А што вы гатуеце дома? Ёсць любімая страва для ўсёй сям'і?
— Ёсць. Дранікі і ўкраінскі боршч з часнаком і грыбамі. Мужыкі ў мяне любяць мяса — таму абавязкова і з мясам. Бліны вельмі смачна гатую. А вось цеста мяне не любіць. Ні булак, ні пірагоў пячы не магу. Гэта не маё. Шкада, часу мала гатаваць. Калі гатую — думаю, што заўтра апрану, куды паеду, з кім што запланавана зрабіць...
— Якія кветкі — вашы любімыя?
— Мне здаецца, усе кветкі люблю. І архідэі, і цюльпаны першыя. Яшчэ вельмі люблю туі. Іх у мяне на дачы 42 — самыя розныя. У мяне там блакітныя ядлоўцы, канадскія елкі, чатыры рададэндраны, вялізныя кусты гартэнзій і ружы. Я прыходжу туды, і мне так лёгка дыхаецца.
— Што трэба рабіць, каб не стаміцца жыць?
— Любіць. Людзей, жывёл, сваю працу... Без любові нічога не атрымаецца. Нават боршч без любові не зварыш. Ты павінна хацець раніцай устаць, зрабіць прычоску, прывесці сябе ў парадак і выпырхнуць на працу. Так, як быццам крылы за спінай. І таксама дадому вечарам хацець прыйсці, нешта прыгатаваць, пасядзець, пагутарыць са сваякамі. Жаданне жыць павінна быць у кожнага. Калі яго няма — гэта страшна.
— Калі б вы не сталі кіраўніком, кім бы маглі сябе ўявіць?
— Нават не ведаю. Напэўна, усё роўна была б спецыялістам у сельскай гаспадарцы. Я не ўяўляю сабе жыцця, якое не звязана з вёскай. Хіба, можа, урачом? Медыцыну я паважаю. Калі б стала ўрачом — дык хірургам. Я заўсёды там, дзе трэба воля, адказнасць і рашучасць. Толькі так. І ўсё ж, калі мне дрэнна на душы — саджуся за руль і еду ў раён. Там людзі, якія не здрадзяць, не абразяць, не пакрыўдзяць... Калі дрэнна — яны разам з табою. У мяне другое дыханне адкрываецца.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
іost@zvіazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:іost@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dobrushski-rayon
[5] https://zviazda.by/be/tags/volga-moharava