У Мінску пройдзе паказ кароткаметражак, знятых дзецьмі. Як паведамілі ў школе архітэктурнага мыслення для дзяцей, якая арганізуе кінапаказ кароткаметражных фільмаў "4 элементы", гледачоў чакаюць 12 сакавіка.
Работы маленькіх рэжысёраў, акцёраў, сцэнарыстаў даюць магчымасць акунуцца ў свет кінамастацтва, створаны дзіцячым уяўленнем. Кінапаказ уключае работы дзяцей 6-11 гадоў, выкананыя ў час навучання па праграме школы. Яны падзеляцца ўражаннямі ад здымак дэбютных карцін і адкажуць на пытанні.
На працягу 14 заняткаў вывучаліся розныя дысцыпліны: акцёрскае майстэрства, фатаграфія, кінамастацтва, плакат і інш. Дзеці шылі касцюмы, стваралі дэкарацыі, удзельнічалі ў здымках на ўсіх стадыях ад рэпетыцый здымак да агучкі і мантажу. Цяпер дэбютанты будуць чакаць ацэнкі гасцей і кінакрытыкаў, на паказ запрошаны загадчыца аддзела экранных мастацтваў філіяла "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы" Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Антаніна Карпілава і дацэнт, кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік гэтага ж аддзела Наталля Агафонава.
Госці ўбачаць таксама прэзентацыю вынікаў работы за чвэрць, плакаты вучняў, створаныя для фільмаў, змогуць паўдзельнічаць у абмеркаванні кінакарцін.
Школа архітэктурнага мыслення для дзяцей - адукацыйны праект, заснаваны летам 2016 года. Праграма навучання мультыдысцыплінарная.
Паказ пройдзе на пляцоўцы Event Space (вул.Кастрычніцкая, 16А). Уваход свабодны.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kino
[3] https://zviazda.by/be/tags/filmy
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci