Унікальны для Беларусі музей мініяцюр два месяцы таму з'явіўся ў цэнтры Мінска. Дакладней, у будынку Палаца культуры прафсаюзаў. На сёння гэта адзінае месца, дзе можна «з вышыні птушынага палёту» падзівіцца адразу на Нясвіжскі і Лідскі замкі, Чырвоны касцёл, палац Румянцавых і Паскевічаў, сядзібу «Віскулі» і векавыя дрэвы Белавежскай пушчы, Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці (прычым на такія, якімі яны былі ў 1941 годзе)... Кожны макет — гэта маленькая, але дакладная копія славутасці.
«Мы рады бачыць вас» — гэта фраза напісана на ўваходных дзвярах ажно на 11 мовах. Сапраўды, у музеі мы адчулі сябе чаканымі гасцямі. Усмешлівыя і добразычлівыя супрацоўнікі адразу ж прапанавалі кавы з печывам, запрасілі ў сувенірную лаўку (такога вялікага выбару арыгінальных падарункаў з беларускім каларытам я яшчэ не бачыла нідзе). Пасля дапамаглі зрабіць некалькі здымкаў у «беларускай хатцы». А дырэктар музея нават сам правёў экскурсію. Падчас яе мы паспелі пагаварыць не толькі пра шлях да сэрца замежных турыстаў, але і пра рызыку, мудрую жонку і патрэбу пакінуць след у гісторыі...
«Я ўдзячны жонцы, што падтрымала маю авантурную ідэю»
Па адукацыі Яўген Данілік гісторык. Але апошнія пяць гадоў працаваў лагістам у Маскве. За гэты час малады чалавек паспеў дасягнуць вяршыні кар'ернай лесвіцы.
— Калі мне было 27 гадоў, я ўжо ўзначальваў адзін з найважнейшых кірункаў у кампаніі. Аднойчы заплюшчыў вочы і ўявіў, як будзе развівацца маё жыццё далей. Кожныя 2—4 гады мяне перакупляюць, заробак расце. Жыццё такое сумнае. Думаю: дзеля чаго я жыву? Што пакіну пасля сябе? Мне так захацелася зрабіць штосьці карыснае не толькі для сябе і сваёй сям'і, але і для грамадства.
Ідэя стварыць музей мініяцюр на радзіме прыйшла да Яўгена нечакана.
— Усё пачалося з таго, што мы з жонкай прыехалі ў Мінск, у госці да бацькоў. Гулялі са Светай па старым горадзе. Захапляліся, наколькі наша сталіца становіцца еўрапейскай. На сцяне аднаго з будынкаў, побач з кафедральным саборам, мне ў вочы кінулася карта губернскага Мінска. Я ўявіў, як яна апусцілася на плоскасць — і дамы выраслі. Потым візуальна павялічыў маштаб, дадаў святло... Тут жа падзяліўся сваімі фантазіямі з жонкай. Я дагэтуль удзячны Свеце, што падтрымала маю — магчыма, некаму падасца, авантурную — ідэю.
Так супала, што ў той прыезд мае беларускія таварышы расказвалі: «Ты ведаеш, я быў у Грузіі — там такія горы», «А я з'ездзіў у Егіпет — ныраў у мора з аквалангам, якія там неймаверныя рыбкі, проста супер...» Калі запытаўся: «А што цікавага ў Беларусі?», пачуў, што ў нас усё дрэнна... Так, у нас няма ні гор, ні мора. Але затое ёсць цудоўныя рэкі і азёры. Замкі і палацы. А якія людзі ў нас у рэгіёнах — дабрадушныя, гасцінныя! Ёсць аграсядзібы, дзе самі гаспадары прымаюць турыстаў: некуды возяць, нешта паказваюць. Пасля такой пазнавальнай вандроўкі мілая справа — распаліць вогнішча каля рэчкі і пасмажыць на ім сала. Як быццам ты прыехаў да бабулі ў вёску. Еўрапейцы гэта цэняць. Асобная гісторыя — нашы балоты. Праехаць па іх на адмысловай машыне з вялікімі коламі значна цікавей, чым на квадрацыкле па пустыні. Хацелася б, каб тыя беларусы, якія не цэняць сваё і крычаць на ўсе застаўкі, што ў нас усё дрэнна, задумаліся: «Як мы будзем выглядаць у вачах іншаземцаў?» Перш чым скардзіцца, я заўсёды задаю сабе пытанне: «А што зрабіў ты?»
Ідэя стварыць музей мініяцюр пасялілася ў галаве Яўгена настолькі трывала, што ўжо па дарозе ў Маскву ён паспеў зрабіць свае першыя падлікі. Потым было напісанне бізнес-плана, пошук прыдатнага памяшкання...
— Дзесьці 25 варыянтаў разглядалі, у выніку толькі ў Палацы культуры прафсаюзаў пайшлі насустрач. Пад музей выдзелілі памяшканне, у якім раней быў начны клуб.
«У які б дзень ні прыйшлі, заўсёды ёсць англамоўны экскурсавод»
Тое, што за нашымі музеямі замацавалася рэпутацыя сумных устаноў, куды ходзяць «гікі», дзіўныя людзі, у першую чаргу заслуга і саміх музеяў, лічыць Яўген Данілік.
— Я вырашыў развеяць гэты стэрэатып уласным прыкладам. Цяпер усе ўсё фатаграфуюць. Таму трэба адаптавацца і ствараць умовы для гэтага. У нас ёсць дзве фотазоны, макеты таксама фатаграфуйце на здароўе, прычым бясплатна. Акрамя таго, музеям трэба глядзець у бок тэхналогій. У нас, напрыклад, кожны макет інтэрактыўны.
Яўген прапаноўвае мне націснуць на кнопку з надпісам «націсні мяне». І — во цуд! — на макеце паступова «заходзіць сонца», і ў вокнах замкаў і палацаў запальваецца святло.
— Я літаральна нядаўна быў у Львове. Іду па палацы, гляджу: дзверы адчыненыя, ніякай шыльдачкі няма. Заходжу. А мне насустрач з цемры ідзе тыповая цётка з «каменным» тварам. Спыняецца на адлегласці выцягнутай рукі, трымае свой палец ля майго носа і кажа: «Выхад там». Аказваецца, у тым палацы быў выхадны... Так яна паставіла крыж на маім пазітыўным уражанні аб месцы. Як так можна? Такім цёткам з «покер-фэйсамі» трэба ісці штосьці пісаць, круціць, але толькі не кантактаваць з людзьмі. Я ж імкнуся, каб «Краіна міні» стала аазісам сервісу, прыветлівасці, утульнасці. Бо разумею, што будучыня менавіта за дружалюбнымі музеямі. Мы нават, у адрозненне ад большасці музеяў, працуем без выхадных.
Якія ж уражанні застануцца ў іншаземцаў ад наведвання краіны — залежыць ад якаснай работы на ўсіх этапах: трансфер, пашпартны кантроль, гатэль, рэстараны, музеі. Гэта наша агульная справа і менавіта ад гэтага залежыць, ці захоча іншаземец прыехаць яшчэ раз.
— Звычайна ўсе турысты бавяць час у Мінску. Ну, максімум наведаюць Мір ці Нясвіж. А чаму яны не едуць далей, у рэгіёны?
— А таму, што мала інфармацыі, інфраструктуры. Няма інструментаў, якія могуць дазволіць табе ўсё спланаваць. Мы вырашылі ўзяць гэта на сябе. Распрацавалі бясплатную мабільную праграму: можна націснуць кнопку і забраніраваць тур да любой славутасці з тых, якія ў мініяцюрным фармаце прадстаўлены ў нашым музеі.
Нядаўна да нас у госці завітаў брытанец Найджэл Робертс. Ён 25 разоў быў у Беларусі і кожны раз спыняецца ў гасцях у простай беларускай сям'і ў горадзе Ветка. Найджэл выдаў ужо тры даведнікі па нашай краіне для англамоўных турыстаў. Было прададзена ажно 12 тысяч экзэмпляраў. Дык ён сказаў, што «Краіна міні» і наша мабільная праграма — гэта партал, дзверы, акно ў турыстычную Беларусь. Ён быў прыемна здзіўлены і паабяцаў уключыць нас у чацвёртае, дапоўненае, выданне даведніка.
Дарэчы, што датычыцца англійскай мовы... Мы прааналізавалі, што пішуць турысты пра Беларусь. І, на здзіўленне, адсутнасць англійскай мовы ў зносінах і абслугоўванні абагнала нават пытанні сэрвісу. Таму гэтай тэме мы ўдзялілі асаблівую ўвагу. У які б дзень вы ні прыйшлі, у нас заўсёды ёсць англамоўны экскурсавод.
— А калі папрашу, каб правялі экскурсію па-беларуску?
— У нас два беларускамоўныя экскурсаводы. У жыцці яны размаўляюць па-беларуску заўсёды. Я таксама, калі ёсць патрэба, з задавальненнем пераходжу на родную мову.
«Пасля з'яўлення такога музея двоечнікаў па гісторыі проста не можа быць»
— Усяго ў свеце 33 музеі мініяцюр. Яны носяць пераважна забаўляльны характар. У мяне ж місія адукацыйная. Хочацца, каб беларусы ведалі сваю гісторыю і ганарыліся тым, што маюць. Тады і турысты да нас больш актыўна будуць ездзіць.
Дарэчы, макеты ў нас — сапраўдныя творы мастацтва — самыя лепшыя ў свеце з пункту гледжання прапрацоўкі дэталяў.
Кожная шчарбінка на крэпасцях і замках адпавядае рэчаіснасці. Скрупулёзна падыходзім да ўсяго, нават прымяняем апарат для высадкі травы на макетах. Дзякуючы яму макеты выглядаюць значна больш рэалістычна.
Спыняемся каля Нясвіжскага замка. Лаўлю сябе на думцы, што дагэтуль ніколі не бачыла яго ўзімку.
— На фоне летніх макетаў ён сапраўды глядзіцца вельмі незвычайна і арыгінальна. Гэта зроблена ў тым ліку і для іншаземных турыстаў, якія ніколі не бачылі снегу.
Дзецям жа вельмі падабаецца Лідскі замак. На макеце каля 300 чалавечкаў, шмат гістарычных сцэнак, якія можна доўга разглядаць. Тут яны могуць пабачыць, як у Сярэднявеччы праходзілі спаборніцтвы лучнікаў. А вось тут, зірніце, на мячах змагаюцца, а побач — перацягванне каната... Як сказала адна журналістка, пасля з'яўлення такога музея двоечнікаў па гісторыі ў краіне проста не можа быць.
За студзень у «Краіне міні» правялі 20 экскурсій для школьнікаў, у лютым — ужо 29.
— Прыводзяць да нас дзяцей, як правіла, самыя прагрэсіўныя педагогі. Адна настаўніца за месяц ажно тры класы прывяла. У нас ёсць такая опцыя, калі ў групе больш за восем чалавек, то экскурсія бясплатная. Мы з радасцю прадставім школьнікам і лекцыйную зону з праектарам для пазакласных заняткаў. Праходзяць, напрыклад, на ўроку XІV—XV стагоддзі. Чаму б не прыйсці і не падзівіцца на той жа Крэўскі замак? (Яго, дарэчы, было вельмі складана зрабіць, бо ніхто не ведае, як ён насамрэч выглядаў. Усё, што ў нас было, — гэта гравюра спадара Прышчэпы.) Такі незвычайны ўрок дзеці дакладна запомняць на ўсё жыццё.
— Яўген, а як змянілася ваша жыццё пасля з'яўлення музея?
— Больш душэўна стала ў некаторых момантах, у некаторых — больш складана. Музей паўплываў на змену месца жыхарства. Мы з сям'ёй пераехалі з Масквы ў Мінск. І я ніколькі не шкадую аб гэтым. Мінск больш спрыяльны для жыцця. Я не стаўлю перад сабой мэту, каб музей прыносіў мне шалёныя грошы. Іх я зарабляю ў іншай сферы, займаюся кансалтынгам. Хочацца, каб ён проста выйшаў на самаакупнасць, каб сам зарабляў на далейшае развіццё экспазіцый. Я веру, што ў перспектыве знаёмства іншаземца з Беларуссю будзе пачынацца менавіта з «Краіны міні».
Зараз у «Краіне міні» 13 макетаў архітэктурных славутасцяў. Да канца года іх стане 28.
— Каля 35 можа змясціцца тут, у гэтым памяшканні. Калі ўбачым, што праект знойдзе падтрымку, пашырым калекцыю да 70 мініяцюр. Дарэчы, якія будуць наступныя экспанаты, вырашаць нашы наведнікі. У хуткім часе зладзім народнае галасаванне.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:nadzieja@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-mini
[5] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-danilik
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzey-miniyacyur
[7] https://zviazda.by/be/tags/vystava