17 сакавіка, а 16-й, у сядзібе Агінскіх у Залессі ладзяцца тэатралізаваныя сцэнкі з жыцця Паўліны Агінскай, маці Міхала Клеафаса. Успамінамі пра яе і прыгожай лірычнай музыкай будзе поўніцца вечар пятніцы, з тым, каб выхадныя дні прайшлі яшчэ больш рамантычна і ярка.
Савецкія агітацыйныя плакаты дэманструюцца ў Доме-музеі І з'езда РСДРП да 26 сакавіка. Да стагоддзя рэвалюцыі, канешне. Але часта гэта не толькі высокаідэйныя заклікі, але і высокамастацкія творы, гледзячы на якія можна адчуць настальгію нават па тым часе, у якім ніколі не жыў.
14 красавіка — сусветны фэст аўсянкі! Але не ў Англію трэба збірацца, а трошкі далей — у ЗША, у гарадок Сент-Джордж у Паўднёвай Караліне. Пачаставацца там можна не толькі аўсянкай, але і іншымі стравамі, якія без аўсянкі не такія смачныя. Напрыклад, аўсянымі мафінамі або адмысловым аўсяным пірагом.
На аўдыенцыю да войта запрашае школьнікаў-старшакласнікаў Нясвіжская ратуша. Прызначаны час — тыдзень школьных канікул, а менавіта любы дзень з 27 сакавіка да 2 красавіка. Рыхтавацца трэба да ўдзелу ў інсталяцыях і конкурсах, вандроўках па музейным лабірынце і да атрымання станоўчых эмоцый.
18 красавіка ў Астрашыцкім Гарадку ладзіцца чарговы фестываль «Белы замак». У адрозненне ад шматлікіх іншых рыцарскіх турніраў тут дзейнічаюць правілы ХІІІ стагоддзя. Галоўны прыз — фігурка рыцара-вандроўніка, які вярнуўся з паходу. Акрамя турніраў і бугуртаў прадугледжаны конкурсы касцюмаў і даспехаў, канцэрты менестрэляў і кіданне сякер, а таксама сярэднявечны баль, у якім нават можна ўзяць удзел.
Ператварыцца ў знаўцу антыкварыяту прапануе Гомельскі палац. Там ладзяцца такія квэсты, праз якія можна шмат пра што даведацца. Напрыклад, пра тое, для чаго прызначаюцца ломберны столік або гадзіннік-картэль. Ці пра тое, якая форма ў ножак, калі яны называюцца кабрыёль. Гомельскі палац неаднойчы заўважаны ў розных прыемных штукарствах, і варта яго гэтым разам не абмінуць.
Падарожнічала Святлана Воцінава
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-dzyanisava
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[4] https://zviazda.by/be/tags/padarozhzha
[5] https://zviazda.by/be/tags/vandrounik
[6] https://zviazda.by/be/tags/merapryemstva
[7] https://zviazda.by/be/tags/svyata