На пачатку сакавіка сяброўка ездзіла да бацькоў у вёску. «Мама зусім развучылася радавацца, — дзеліцца перажываннямі пасля вяртання. — За адзін дзень мы столькі спраў перарабілі. І памідоры пасеялі на расаду, і ў парніку зямлю перакапалі, і бульбу падрыхтавалі для пасадкі. Нават на кірмаш паспелі завітаць па рознае экзатычнае насенне. Здаецца, што яшчэ для шчасця трэба? Але ж маці, замест таго, каб парадавацца, зноў пачала мітусіцца. Маўляў, столькі спраў, столькі спраў!.. І тое яшчэ не зроблена, і гэта. Яе хваляванне тут жа перадалося і мне. І шчасця ад той расады ды ад насення як і не было. Засталіся незадаволенасць і страх штосьці не паспець».
Пасля размовы з сяброўкай мне чамусьці ўспомнілася леташняя паездка ў Смаленск. Туды на пахаванне дзядзькі з'ехаліся ўсе сваякі. Мы з мужам дабіраліся на цягніку разам з цёткай Жэняй. Апошняя яшчэ не паспела даехаць, а ўжо пачала хвалявацца, як будзе вяртацца назад. Зранку ж прачнулася з першымі пеўнямі, разбудзіла нас за 4 гадзіны да ад'езду цягніка: «Мо, давайце раней выйдзем з дому? Трэба ж гасцінца нейкага сваім пашукаць. Я вось ромавых баб накупляю. Кажуць, што у Смаленску яны вельмі смачныя, такія, як раней пры Саюзе». Цётка Жэня павезла ў Віцебск ажно два пакункі тых баб, «каб усім хапіла». Мы паддаліся ўплыву («як гэта вы з пустымі рукамі вернецеся?») і таксама ўзялі пяць штук. У выніку тыя «бабы» так і ссохлі, бо ніхто з дамашніх іх есці не захацеў.
Да мудраца па параду прыйшоў малады хлапец:
— Мне вельмі падабаецца адна дзяўчына. Але я пакутую цяпер, бо не ведаю, што рабіць: жаніцца ці не?
— Не жаніся.
— Але чаму?!
— Калі б ты і сапраўды хацеў гэтага, не пытаўся б.
Сорамна прызнацца, але яшчэ тры гады таму я таксама ледзь не па кожным пытанні раілася з сяброўкамі: «Як думаеш, ці выходзіць мне замуж за яго?», «Куды мне паехаць у адпачынак?» Замест таго, каб разабрацца ў сабе, пачынала перакладаць адказнасць за прынятае рашэнне на іншых. Штучна ствараць сваё жаданне чужой галавой. Сябры, вядома, не сквапіліся на парады. Маша раіла паляцець на Маёрку, Віталік — у Парыж... І кожны раз я загаралася чужым жаданнем, чужой марай. Рабіла б, пэўна, так і дагэтуль, калі б не адзін, найбольш блізкі, сябар.
Калі я зноў пакутавала ад сумненняў — ехаць мне ў адпачынак на мора ці не — ён раззлаваўся і сказаў: «Ты ж не любіш штучных людзей, штучную ежу, касметыку. Дык чаму вядзешся на штучныя жаданні?» І параіў у моманты сумневаў спыніцца, пераключыць увагу, перачакаць. Дачакацца таго моманту, калі з'явіцца бляск у вачах — во, хачу менавіта гэта. «Прыслухайся да сябе. Бо каб перастаць паддавацца ўплыву, трэба дакладна ведаць, чаго ты хочаш ад сёння, ад заўтра, наогул ад жыцця».
Тры гады таму я ахвяравала свой адпачынак на тое, каб разабрацца ў сабе і сваіх жаданнях. І ніколькі не шкадую пра гэта. Пагадзіцеся, лепш прапусціць адзін адпачынак, чым бясконца залежаць ад чужых эмоцый, жаданняў і мар. І так — штучна — пражыць усё жыццё.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] mailto:nadzіeja@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/da-dryzhykau