Пра гэта ён заявіў сёння пры дакладзе задумы сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017".
"Апошнія падзеі насцярожваюць нас і дазваляюць казаць пра тое, што самазаспакойвацца ні ў якім разе нельга", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Я не скажу, што ў нас занадта шмат праблем у гэтай частцы - нейкага супрацьстаяння нашай беларуска-расійскай групоўкі і падраздзялення Паўночнаатлантычнага блока, які, натуральна, сёння ажывіўся, умацоўваецца, узмацняецца, размяшчае дадатковыя кантынгенты войскаў ля нашых межаў. Нас гэта, шчыра кажучы, хвалюе менш, - адзначыў Прэзідэнт. - Нас больш хвалююць спробы сучаснымі метадамі проціборства, супрацьстаяння нагнятаць абстаноўку ўнутры Беларусі і весці супраць яе адпаведныя дзеянні".
"Маецца на ўвазе спроба нашай "пятай калоны" пры падтрымцы (зноў жа, мы гэта фіксуем, я тут нікога абсалютна не запалохваю), фінансаванні заходніх фондаў і кіраўніцтве заходнімі спецслужбамі нашых адмарозкаў, якія збеглі за мяжу, - спроба нагнятаць сітуацыю ў Беларусі" , - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы з гэтым справімся. Гэта не праблема", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама адзначыў факты супрацьпраўных дзеянняў, якія перыядычна спыняюцца на дзяржаўнай мяжы. Гэта ў тым ліку спробы правозу зброі і іншых небяспечных прадметаў і матэрыялаў. "І сённяшняя падзея на дзяржаўнай мяжы, у дадзеным выпадку беларуска-ўкраінскай, калі давялося ўжываць зброю. І на заходнім напрамку выяўленыя былі нядобрыя дзеянні, звязаныя з гранатамі, начыненымі нейкім парашком (зараз праводзяцца даследаванні)", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін інцыдэнт звязаны з выяўленнем радыеактыўных рэчываў на борце самалёта, які рухаўся транзітам праз Беларусь з Арменіі ў адну з еўрапейскіх краін.
"Папрашу па выніках расследавання ўсіх гэтых інцыдэнтаў, якія сёння адбыліся на дзяржаўнай мяжы, мяне праінфармаваць", - сказаў Прэзідэнт.
"Гэта ўсё сведчыць пра тое, што расслабляцца нам ніяк не прыстала. Мы павінны трымаць вуха востра і ні ў якім разе не даць прычыны дэстабілізаваць сітуацыю ў нашай краіне", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka