Гэта рэзанансная гісторыя, звязаная з продажам кватэр у Магілёве і забойствам іх уладароў, узрушыла грамадскасць яшчэ два гады таму. У нечалавечым спосабе здабывання грошай абвінавачваюцца маладыя муж і жонка і два іх саўдзельнікі. Дзеянні арганізаванай злачыннай групы былі спынены пры спробе здзейсніць чарговае, сёмае, забойства. Матэрыялаў з жахлівымі падрабязнасцямі сабрана аж на 71 том. Летась справа пачала разглядацца ў Магілёўскім абласным судзе. Слуханні ідуць кожны будны дзень, пачынаючы з лістапада. На дзвярах у залу пасяджэнняў — аркуш з пералікам артыкулаў, па якіх абвінавачваюцца падсудныя. Інфармацыя ледзь умяшчаецца на старонцы фармату А4. Па справе праходзіць больш за 360 сведак — міліцыянеры, натарыусы, рэгістратары з агенцтва нерухомасці, камунальнікі, суседзі ахвяр і нават тыя, каму пашчасціла пазбегнуць страшнай долі, — усе, хто так ці інакш стаў відавочцам цёмных здзелак.
Па слядах крывавых спраў
Крыху нагадаем пра ўдзельнікаў гучнай справы і некаторыя яе абставіны. Усе абвінавачваныя — маладыя людзі ва ўзросце ад 31 да 36 гадоў. Ніводны з іх не меў адукацыі, дазваляючай займацца рыэлтарскімі паслугамі. Адзіны, хто меў прафесію, Сямён Беражны. І тое кранаўшчыка. Арганізатарамі злачынстваў абвінавачанне лічыць мужа і жонку Ігара і Таццяну Гершанковых, ужо неаднаразова судзімых, у тым ліку за махлярства. Забойства пры абцяжарваючых абставінах, выкраданне чалавека, махлярства, вымаганне, разбой, знішчэнне дакументаў, незаконны абарот псіхатропных сродкаў — гэта яшчэ няпоўны спіс тых злачынстваў, у якіх яны падазраюцца. Крывавы бізнес не перашкаджаў маладым людзям займацца выхаваннем дваіх непаўналетніх дзяцей. На лаве падсудных таксама два саўдзельнікі Гершанковых — Барыс Калеснікаў, у якога ўжо ёсць крымінальны вопыт, і Сямён Беражны, які дагэтуль не меў судзімасці.
Устаноўлена, што першае забойства, звязанае з продажам кватэры, Ігар Гершанкоў здзейсніў у 2009 годзе разам з Барысам Калеснікавым. Ахвярай стаў немалады чалавек, які вёў асацыяльны лад жыцця і меў вялікую запазычанасць па камунальных плацяжах. Ён лёгка даверыўся «дабрадзеям», якія паабяцалі прадаць яго кватэру і знайсці больш танны варыянт нават з даплатай.
Але пасля продажу кватэры былога гаспадара пасадзілі ў машыну і вывезлі ў невядомым напрамку. Як потым высветлілася, да загадзя падрыхтаванай магілы. А на наступны дзень тое ж самае зрабілі з яго сужыцелькай...
На паток справа была пастаўлена ў 2013 годзе. Магчыма, натхніла беспакаранасць за зробленае 4 гады таму. Падыходзячы варыянт, як сведчыць следства, выбіраўся са спіса даўжнікоў за камуналку, які меўся на руках у Ігара Гершанкова. Вывучалася біяграфія кандыдата, улічваліся яго ўзрост, наяўнасць сваякоў і сацыяльны статус. Асацыялы траплялі ў поле зроку ў першую чаргу, бо з гэтай катэгорыяй лягчэй дамовіцца і меншая верагоднасць таго, што іх пачнуць шукаць, калі яны раптоўна знікнуць. Замест Барыса Калеснікава ў «бізнес» уключаецца Сямён Беражны, які да знаёмства з Ігарам Гершанковым паспеў папрацаваць на кране. На адпрацоўку адной кватэры ў зламыснікаў сыходзіла часам да некалькіх месяцаў. Некаторыя даводзілася прыватызаваць. Для сваіх чорных здзелак кампаньёны выкарыстоўвалі здымнае жыллё, якое дэманстравалі чарговаму кліенту як варыянт для абмену. Адна з такіх кватэр знаходзілася ў доме па Пушкінскім праспекце. Гаспадыня і не здагадвалася, якія гульні вядуцца ў яе за спінай. Яна здавала кватэру па гадзінах і сутках і не заўсёды сустракалася з тымі, хто ёй карыстаўся. Магла пакінуць ключ у бліжэйшым кіёску, а часовыя кватаранты, калі сыходзілі, клалі яго на стол і проста зачынялі дзверы.
Пакуль вырашаліся пытанні па продажы кватэры, саўдзельнікі апякалі яе ўладальніка, куплялі яму ежу і спіртное, але як толькі яму ў рукі траплялі грошы, чалавек адразу ж ішоў у расход. Змоўшчыкі нават эканомілі на пахаванні сваёй ахвяры. Толькі для першай купілі самую танную труну, астатніх проста закопвалі ў зямлю з цэлафанавым пакетам на галаве. А каб у ахвяры не ўзнікла ніякіх падазрэнняў, арганізоўвалі пікнік на прыродзе і шчодра паілі «сябра» гарэлкай з клафелінам. Як толькі чалавек засынаў, закопвалі ў зямлю, не клапоцячыся пра тое, жывы ён ці не.
Ахвяру збіраліся задушыць чырвонай вяроўкай
— Устаньце, суд ідзе, — суддзя абвяшчае пачатак пасяджэння і пачынаецца чарговае апытанне сведак.
З моманту затрымання і па сённяшні дзень удзельнікі крымінальнага квартэта знаходзяцца ў адзіночных камерах і сустракаюцца толькі ў судзе. Нягледзячы на вочныя стаўкі, эксгумаваныя трупы, паказанні сведак, усе, акрамя Сямёна Беражнога, працягваюць адмаўляцца ад таго, што мелі нейкае дачыненне да забойстваў.
Ігар Гершанкоў наогул паводзіць сябе ўпэўнена: маўляў, апынуўся на лаве падсудных выпадкова, і ніякай віны за ім няма. Сямён Беражны адзіны, хто цікавіцца тым, хто прысутнічае ў зале, і я хутка адчуваю на сабе яго погляд. Барыс Калеснікаў, наадварот, старанна хаваецца ад людскіх вачэй у далёкім куце клеткі. Таццяна таксама закрываецца капюшонам і скідвае яго толькі тады, калі гэтага патрабуе суддзя. Побач з ёй на лаве ляжыць тоўстая папка з паперамі. Абвінавачаным дазваляецца рабіць копіі матэрыялаў справы і весці запісы. Асабліва гэтым карыстаецца Ігар, які ахвотна (з дазволу суддзі) задае пытанні сведкам і нешта памячае ў сваім блакноце. Да амапаўцаў, якія прысутнічалі пры яго затрыманні, у яго наогул іх было шмат. Ён нават ледзь не заблытаў аднаго з іх, спрабуючы пачуць выгадны для сябе адказ. 26 сакавіка 2015 года, як сведчаць матэрыялы справы, Сямён Беражны і Ігар Гершанкоў везлі чарговую ахвяру на могілкі і яшчэ не ведалі, што за імі ўжо сочаць. А калі зразумелі, паспяшаліся адарвацца ад пагоні. Сысці ад пераследу ім перашкодзіў план «Перахоп». Уцекачы паспрабавалі схавацца ў гаражным масіве, але трапілі ў тупік. Сямён Беражны, які быў за рулём, здаўся без супраціўлення, кажуць відавочцы, а вось Ігара Гершанкова прыйшлося літаральна выцягваць з задняга сядзення. «Ён увесь час круціўся, як вуж, і хацеў выслізнуць», — удакладніў супрацоўнік АМАПа. Мужчына, якога збіраліся забіць, сядзеў на пярэднім сядзенні, сціскаючы ў руках пакет з грашыма. Ён быў у шоку.
У матэрыялах следства ёсць інфармацыя, што гэтага чалавека збіраліся задушыць з дапамогай чырвонай вяроўкі. Амапавец пацвердзіў, што бачыў, як Гершанкоў падчас пагоні рабіў спробы схаваць рэчавы доказ.
Яма на вясковых могілках
Апошняя здзелка абяцала прынесці сужэнцам Гершанковым і Сямёну Беражному больш за 37 тысяч долараў. Размова ідзе пра кватэру, дзе жылі два браты. На той момант небяспека навісла над адным з іх. «Пасля смерці бацькоў гэта жыллё ператварылася ў прахадны двор, дзе час бавілі за распіццём спіртных напояў», — паведаміла суду адна з жыхарак гэтага дома. У той момант, калі ў братоў была рэальная пагроза пазбавіцца кватэры за камунальныя даўгі, паявіліся «дабрадзеі». Яны падрыхтавалі глебу і знайшлі пакупнікоў праз інтэрнэт. Кватэра была не ў найлепшым стане, але цана сямейнай пары спадабалася. Гаспадар папярэдзіў, што ўсімі справамі будзе займацца яго стрыечны брат Андрэй. Пад выглядам яго дзейнічаў адзін з цяперашніх падсудных. Пакупнікам адразу ж паставілі ўмову: грошы павінны быць у доларах і ў поўным аб'ёме. Маўляў, на гэты дзень намячалася яшчэ адна здзелка. У натарыяльнай канторы сямейная пара перадала грошы гаспадару кватэры, а на наступны дзень ім патэлефанавалі са Следчага камітэта і паведамілі, што гэта была за здзелка. Жанчына расказала суду, што навіна была для яе з мужам шокавай. І яны потым добраахвотна дапамаглі братам падшукаць падыходзячы варыянт з кватэрай. Дарэчы, цяпер яны амаль суседзі. Аднапакаёўка, дзе жывуць браты, знаходзіцца якраз цераз дом ад іх. Чалавек, якому кватэра ледзь не каштавала жыцця, прайшоў курс лячэння, і ў яго ёсць усе шанцы змяніць лёс.
Усяго на рахунку чорных рыэлтараў шэсць загубленых жыццяў. Тром магіляўчанам, з улікам апошняга, пашчасціла пазбегнуць страшнай долі. Хоць магілы іх ужо чакалі...
Жыхарка вёскі Сумарокава расказала суду, як аднойчы пайшла наведаць магілу мужа і ўбачыла непадалёк яму. Ёй стала цікава, хто ж памёр. Бо, калі б гэта быў нехта з вёскі, яна б дакладна ведала. Дзеля цікаўнасці яна амаль тыдзень хадзіла, каб прасачыць, каго там збіраюцца пахаваць. А калі не дачакалася, паведаміла ў сельсавет, і гэтую ямку проста засыпалі.
Следства між тым працягваецца. «Не выключана, што ўсплывуць яшчэ нейкія новыя падрабязнасці гэтай справы, — кажа дзяржаўны абвінаваўца, старшы пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Аляксандр Раманаў. — Але тых злачынстваў, у якіх абвінавачваюцца гэтыя людзі, хопіць, каб панесці вельмі сур'ёзнае пакаранне. Жанчыне пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі, усім астатнім — працяглы тэрмін адбывання пакарання або выключная мера».
Р.S. «Звязда» і далей будзе знаёміць чытачоў з падрабязнасцямі гэтай рэзананснай справы
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:zіgulуа@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/chornyya-ryeltary-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/sud