У Пінскім музеі беларускага Палесся паспяхова працуе выстаўка ўраджэнкі вёскі Калоднае слыннай мастачкі і першай беларускай разьбяркі Гелены Скірмунт, прысвечаная 190-годдзю са дня яе нараджэння, што будзе адзначацца сёлета 5 лістапада.
У экспазіцыі пад назвай «Творчая мазаіка Гелены Скірмунт» упершыню ў наш час прадстаўлены ўнікальны альбом фотаработ славутай паляшучкі — самы поўны з трох, што ёсць у свеце. Побач са здымкамі Гелены дэманструюцца і 14 арыгінальных літаграфій яе настаўніка і роднага дзядзькі Напалеона Орды, сусветна вядомага мастака, скульптара, літаратара і кампазітара, якога лічаць сваім і беларусы, і палякі, і літоўцы.
Нарадзілася Гелена ў тагачасным Пінскім павеце, у маёнтку Калоднае, уладальнікам якога быў яе бацька — прадстаўнік моцнага магнацкага польскага рода Аляксандр Скірмунт. Маці таксама паходзіла з вядомага рода Ордаў і даводзілася сястрой Напалеону Ордзе.
Ужо ў дзяцінстве дзяўчынка зацікавілася мастацтвам, з задавальненнем малявала родную прыроду. Бацькі заўважылі і падтрымалі яе захапленне, і з іхняй згоды яна паехала вучыцца ў Вільню. Значны ўплыў на яе творчасць, як ужо адзначалася, аказаў Напалеон Орда, што часта прыязджаў у Пінск, а адтуль — да сястры ў Калоднае, якое знаходзіцца ад Пінска ўсяго за 36 кіламетраў.
Атрымаўшы патрэбныя веды, Гелена вярнулася ў родны маёнтак, пабралася шлюбам з архітэктарам Казімірам Скірмунтам, пачала стала займацца мастацтвам. Рабіла замалёўкі прыгожых мясцін, ляпіла скульптуры з гліны, выразала з дрэва медальёны з выявамі сваякоў і славутых людзей. Адначасова актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці гміны, адчыніла дзве школы для сялянскіх дзяцей. Шчыра вітала адмену прыгоннага права і ў гонар гэтай падзеі нават устанавіла крыж у суседняй вёсцы Радчыцк.
Скірмунты з сімпатыяй успрынялі паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, і, калі праз палескія вёскі ў бок Валыні рухаўся атрад пад камандаваннем Рамуальда Траўгута, Гелена ўзялася перадаць паўстанцам ліст з важнымі звесткамі. Аднак па дарозе была затрымана расійскімі салдатамі і адпраўлена на допыт у Пінск. Даказаць яе віну ў падтрымцы паўстання следчым не ўдалося, але жанчыну, у якой на той час было ўжо трое дзяцей, саслалі ў Тамбоў.
Ссылка моцна падарвала яе здароўе, і Гелена была вымушана паехаць на лячэнне за мяжу, дзе 1 лютага 1874 года яе не стала. Пахавана наша слынная зямлячка на могілках па вул. Спакойнай у Пінску. І можна казаць, што выстаўка твораў — гэта своеасаблівае наведванне мастачкай родных мясцін.
Не забыліся пра «Алену» — так яе называюць у Калодным — і непасрэдна на малой радзіме. У 2003-м, праз 129 гадоў пасля яе смерці, тут з'явілася мемарыяльная пліта з надпісам: «У памяць знакамітай мастачкі Гелены Скірмунт (1827—1874), ураджэнкі вёскі Калоднае, устаноўлена на месцы сядзібы Скірмунтаў».
Значнай цікавасцю ў аматараў і спецыялістаў карыстаюцца таксама дзённікавыя запісы Гелены Скірмунт, якія леглі ў аснову кнігі Б. Залескага, выдадзенай у 1876 г. на польскай мове. У 2009 годзе — з той жа назвай, але ўжо на мове беларускай — яна ўбачыла свет у мінскім выдавецтве Віктара Хурсіка.
Міхась КАРСЕКА
Фота Сцяпана ГАРЫНЦА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/gelena-skirmunt
[3] https://zviazda.by/be/tags/pinski-muzey-belaruskaga-palessya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[5] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt