У ноч на 20 сакавіка ў пункце пропуску «Аляксандраўка» на тэрыторыю Беларусі з Украіны незаконна ўехаў аўтамабіль. Пры гэтым транспартны сродак знёс шлагбаум, праехаў праз сродак прымусовага прыпынку, атрымаўшы механічныя пашкоджанні, і яго кіроўца паспрабаваў прарвацца ўглыб нашай тэрыторыі.
— У мэтах затрымання аўтамабіля супрацоўнікі органаў пагранічнай службы прымянілі табельную зброю, — расказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Антон БЫЧКОЎСКІ. — Дзякуючы зладжанай рабоце аператыўнай групы Дзяржпагранкамітэта транспартны сродак быў спынены непадалёк ад пункта пропуску. У выніку затрыманы двое грамадзян, асобы якіх устанаўліваюцца следчымі органамі. У гэтым аўтамабілі мог знаходзіцца яшчэ адзін невядомы, пошукі якога ў цяперашні час вядуцца.
Вядома, што падчас знешняга агляду аўтамабіля быў знойдзены пісталет маркі ТТ і два начыненыя магазіны, а таксама прадмет, знешне падобны да тратылу і электрадэтанатараў. Праводзяцца аператыўна-следчыя мерапрыемствы. Пакуль невядома, адкуль прыбылі парушальнікі.
Тым часам прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранкамітэта расказалі і аб іншых інцыдэнтах, выяўленых за апошнія дні на нашай мяжы. Так, у Гомелі на транзітным грузавым самалёце, які ляцеў з Арменіі ў Балгарыю, знойдзены груз з перавышэннем радыяцыйнага фону ў 250 разоў. Гэта была скрынка, на якой мелася абазначэнне іанізуючай крыніцы. Пасля неабходных праверак груз быў прапушчаны цераз дзяржаўную граніцу Беларусі.
А ў Нацыянальным аэрапорце Мінск у ходзе пагранічнага кантролю пасажыраў рэйса Кіеў—Мінск выяўлены грамадзянін Японіі 1969 года нараджэння, які знаходзіцца ў спісе асоб, уезд якіх на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь закрыты або непажаданы. У ходзе разбору ўстаноўлена, што ён знаходзіўся на тэрыторыі Украіны і Ірака падчас вядзення баявых дзеянняў, пра што сведчылі адзнакі ў пашпарце замежніка. Акрамя таго, аналіз адкрытых крыніц інфармацыі паказаў, што грамадзянін Японіі затрымліваўся на тэрыторыі Ірака па падазрэнні ў дачыненні да дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» ў кастрычніку 2016 года. У выніку японца ў Беларусь не пусцілі.
У нядзелю ў пункце пропуску «Брэст» беларускія памежнікі выявілі муляж гранаты ў рэйсавым аўтобусе, які рухаўся з Германіі ў Расію. У ім знаходзілася рэчыва ў выглядзе парашку белага колеру. Па словах прадстаўніка Дзяржпагранкамітэта, муляж гранаты знаходзіцца на экспертызе, правяраецца яго прыналежнасць да выбуховых устройстваў, а таксама парашок, які ў ім знаходзіўся.
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:kаnуutа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandrauka
[7] https://zviazda.by/be/tags/myazha
[8] https://zviazda.by/be/tags/pagranichniki