Пяць чалавек, у тым ліку нападнік, загінулі і больш за 40 атрымалі раненні ў выніку тэракту каля будынка парламента ў цэнтры Лондана. Паліцыя лічыць, што зламыснік, які давіў мінакоў на Вестмінстэрскім мосце і зарэзаў паліцэйскага, мог быць звязаны з радыкальнымі ісламістамі.
Днём 22 сакавіка а 14:40 па мясцовым часе (17:40 па Мінску) мужчына за рулём аўтамабіля наўмысна заехаў на тратуар на Вестмінстэрскім мосце і стаў ціснуць мінакоў. У выніку па меншай меры тры чалавекі загінулі.
Затым аўтамабіль збочыў да будынка брытанскага парламента і ўрэзаўся ў агароджу Вестмінстэрскага палаца. Мужчына, які знаходзіўся за рулём, выскачыў з машыны з нажом і пабег да будынка парламента, дзе яму заступілі дарогу паліцэйскія.
Мужчына накінуўся з нажом на бяззбройнага паліцэйскага. Затым падаспеў ўзброены паліцэйскі нарад, які застрэліў нападніка.
Паліцэйскі, на якога напаў тэрарыст, памёр ад атрыманых ран. Пазней Скотленд-ярд назваў яго імя. Гэта 48-гадовы Кіт Палмер; ён праслужыў у паліцыі 15 гадоў.
Ужо позна ўвечары кіраўнік Контртэрарыстычнага падраздзялення Скотленд-ярда Марк Роўлі паведаміў, што асоба зламысніка ўжо ўстаноўлена, аднак у дэталі ўдавацца не стаў.
"Тэрарысты маюць перад сабой ясную мэту: пасеяць варожасць і недавер, стварыць атмасферу страху", - заявіў Роўлі.
Брытанскі прэм'ер-міністр Тэрэза Мэй назвала тое, што здарылася жахлівым і агідным нападам.
Неўзабаве пасля тэракту Мэй склікала экстранае пасяджэнне ўрадавага камітэта па надзвычайных сітуацыях - COBRA.
"Месца нападу было абрана не выпадкова. Тэрарыст наважыўся нанесці ўдар у самым сэрцы нашай сталіцы, дзе збіраюцца разам людзі ўсіх нацыянальнасцяў, веравызнанняў і культур, дзе кіруюць свабода і дэмакратыя", - заявіла Мэй журналістам пасля гэтага пасяджэння.
Па словах прэм'ера, узровень тэрарыстычнай пагрозы ў краіне ацэньваецца як "значны" - гэта азначае, што верагоднасць новых тэрактаў вельмі высокая.
Шматлікія відавочцы апісваюць нападніка як апранутага ў чорнае барадатага мужчыну азіяцкай знешнасці ва ўзросце каля 40 гадоў, узброенага двума нажамі.
Да моманту прыбыцця ўрачоў ён яшчэ быў жывы, аднак у выніку атрыманыя ім раненні аказаліся смяротнымі.
Неўзабаве будынак парламента ачапіў спецназ лонданскай паліцыі, на месца здарэння прыбылі лекары і ратавальнікі. Прэм'ер-міністра Тэрэзу Мэй эвакуявалі ў яе рэзідэнцыю, а астатніх дэпутатаў спачатку заклікалі не пакідаць будынак, а потым арганізавана вывелі з яго. Вэстмінстэр быў зачынены на працягу пяці гадзін.
Скотленд-ярд кажа, што нападнік быў адзін. У той жа час паліцыя правярае, ці дзейнічаў ён па ўласнай ініцыятыве, ці ж у яго былі саўдзельнікі.
Супрацоўнікі лонданскай "хуткай дапамогі" заявілі, што 12 чалавек з сур'ёзнымі пашкоджаннямі былі дастаўлены ў бальніцы. Васьмі пацярпелым медыцынская дапамога была аказана на месцы здарэння.
Пакуль ніводная экстрэмісцкая арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасць за лонданскі напад.
ВВС [2]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] http://www.bbc.com/russian/features-39356255
[3] https://zviazda.by/be/tags/velikabrytaniya
[4] https://zviazda.by/be/tags/teraryzm