Маштабным Фестывалем факультэтаў будзе сустракаць гасцей Белдзяржуніверсітэт.
Дэвіз свята, якое дае старт прыёмнай кампаніі — 2017, — «Я выбіраю БДУ». Месца правядзення ўсіх мерапрыемстваў — Ліцэй БДУ (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 10.00. Урачыстае адкрыццё з удзелам рэктара акадэміка Сяргея Абламейкі запланавана на 11.00.
У зоне візуальнага стэнда «Абітурыент-2017» спецыялісты прыёмнай камісіі адкажуць на ўсе пытанні, якія цікавяць выпускнікоў. Акрамя «інфармацыйных» пляцовак тут будзе працаваць выстаўка навуковых распрацовак БДУ, пройдуць прэзентацыі спартыўнага жыцця студэнтаў БДУ і псіхалагічнай службы ўніверсітэта.
Навінкай фестывалю стане шэраг універсітэцкіх ініцыятыў. Упершыню адбудзецца афіцыйная прэзентацыя праектаў «Фэст інтэлектуальных гульняў школьнікаў» і «Студэнт на тыдзень», якія праводзіліся ў ВНУ цягам года. Таксама ўпершыню на фестывалі будзе працаваць пляцоўка «Твая паспяховая кар'ера распачынаецца ў БДУ», дзе абітурыенты даведаюцца аб карпарацыях, арганізацыях і кампаніях, у якіх працуюць выпускнікі БДУ.
Не менш грандыёзнае свята абяцаюць арганізаваць і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). Старт — у 10.30 у вучэбным корпусе №2 па вуліцы Петруся Броўкі, 4. У фае разгорнецца інтэрактыўная кансультацыйная пляцоўка прыёмнай камісіі. Тут жа можна будзе зарэгістраваць свой асабісты электронны кабінет і навучыцца ім карыстацца. А аб 11-й гадзіне ў актавай зале з абітурыентамі сустрэнецца кіраўніцтва ўніверсітэта, адказны сакратар прыёмнай камісіі і выпускнікі БДУІР. Таксама перад будучымі студэнтамі галоўнага ІТ-універсітэта выступіць намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч. А ў 13.15 распачнуцца сустрэчы абітурыентаў з дэканамі факультэтаў.
на Дні адкрытых дзвярэй таксама будзе дадзены старт праекту «#Я ў БДУІР: стань студэнтам на адзін дзень». Па ўмовах праекта стаць яго ўдзельнікамі змогуць толькі тыя, хто быў на Дні адкрытых дзвярэй 1 красавіка і зрабіў на мерапрыемстве фота на памяць.
На Дзень адкрытых дзвярэй запрашаюць 1 красавіка таксама БДЭУ і БДПУ. Мерапрыемствы на факультэтах эканамічнага ўніверсітэта пройдуць па наступным графіку:
Улікова-эканамічны факультэт і факультэт права — 11.00, актавая зала навучальнага корпуса №5 (вул. Свярдлова, 7).
Факультэт камерцыі і турыстычнай індустрыі, факультэт міжнародных бізнес-камунікацый, інстытут сацыяльна-гуманітарнай адукацыі — 12.30, актавая зала навучальнага корпуса №5 (вул. Свярдлова, 7).
Факультэт фінансаў і банкаўскай справы, факультэт маркетынгу і лагістыкі — 11.00, актавая зала навучальнага корпуса №2 (пр-т Партызанскі, 26).
Факультэт менеджменту і факультэт міжнародных эканамічных адносін — 12.30, актавая зала навучальнага корпуса №2 (пр-т Партызанскі, 26).
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце (вул. Савецкая, 18) мерапрыемства стартуе аб 11-й гадзіне ў актавай зале. Абітурыентам і іх бацькам будзе прадастаўлена магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам універсітэта, выкладчыкамі, студэнтамі, а таксама з вядомымі выпускнікамі гэтай навучальнай установы.
Госці вядучай педагагічнай ВНУ змогуць азнаёміцца з мультысэрвісным інфармацыйным адукацыйным асяроддзем універсітэта, сучаснымі інтэрактыўнымі класамі, рэпазіторыем, электроннай бібліятэкай, залай рэдкай кнігі, планетарыем і спартыўным комплексам...
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-adkrytyh-dzvyarey
[6] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[7] https://zviazda.by/be/tags/bduir
[8] https://zviazda.by/be/tags/bdeu
[9] https://zviazda.by/be/tags/bdpu