Дзеўка на сёмым небе была! Маме потым расказвала, колькі ўсяго ўбачыла, колькі пачула-даведалася... Ну хоць бы з назваў рыб: у продажы ж ніколі не ўбачыш ні рыбы-паскуды, ні рыбы-сучары, ні падлюкі... Можа таму, што злавіць іх амаль немагчыма — хітрыя, мігам з кручка зрываюцца. А вось рыбка-лапачка, рыбка-заечка ды красава на яго трапляюць. Зблізку, праўда, больш нагадваюць плотак ды ляшчоў, але...
У судзе неяк крымінальная справа разглядалася. «Падсудны, вы згодны з абвінавачваннем: вы сапраўды лавілі рыбу без дазволу і вывудзілі 18 вялікіх язёў і шчупакоў?» — пытае суддзя. «Чысцюткая праўда, вінаваты я, прызнаю, — кажа рыбак. — Але ж шчырую просьбу маю: ці не мог бы васпан даць мне экзэмпляраў колькі прысуду — каб я мог яго сябрам паказаць?»
Гэта, кажаце, пра нейкіх іншых аматараў рыбалкі? Магчыма. Але ж пра нашага (з верхняга здымка) напісана таксама шмат. Ды яшчэ і ў вершах... Ну вось як вам радкі спадара Віктара Сабалеўскага з Узды:
Янак — дзядзька зухаваты,
Зранку ён выходзіць з хаты,
З вудай крочыць да ракі...
І ўлоў яго такі,
Што дадому не данесці!
Толькі... коцікам пад'есці.
Прыкладна тыя ж назіранні і ў спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў. Адзінае — уважліва паглядзеўшы на здымак, ён заўважыў, што рыбак — з вусамі. А таму
На рыбалку гоніць з хаты
Гаспадыня ўсіх вусатых,
Бо чарговы той улоў
На панюшку для катоў.
Дык нашто цягнуць дадому?
Хай ядуць ля вадаёму.
І сапраўды, хай: спачатку — пасядзяць-пачакаюць, потым — пажывяцца... Люба ж, дорага паглядзець, бо котка — нават маленькая — гэта твор мастацтва! А значыць, можна зразумець рыбака.
...Што гатоў
карміць катоў, —
Колькі змогуць з'есці!
І тады дамоў улоў
Лёгка будзе несці!
Разважаюць так сужэнцы Астроўскія з Мінска. А спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў удакладняе, што лёгка — яшчэ і для кашалька:
На спажытак для катоў
Янка ловіць акунькоў —
Любяць натуральнае.
Й па цане прымальнае...
Ну сапраўды: пасядзеў гадзінку-другую, і ніякі «кіці-кэт» не патрэбен. Да таго ж...
Мае рацыю спадар Валерый Гаўрыш:
Час на беразе ракі
Часта бавяць сябрукі,
У іх тады ідылія —
У Ваські і Васілія...
Ды й сумесны інтарэс.
Кожны нешта мае:
Васька, кот, далікатэс,
Дзядзька — спачывае.
І чаго не ўспомніць тады! І аб чым (ды кім...) не падумае! Ну ўсіх чыста перабярэ — жонку, цешчу, дзяцей, начальства... А потым, перабраўшы...
Адзін з такіх пад вечар змотвае вудачкі ды сам сабе кажа, што калі б рыбалка так не супакойвала, то, відаць, усіх перадушыў бы!
Адкуль у гэтага «працэсу» такія, можна сказаць, лекавыя ўласцівасці? Ды відавочна ж: ад таго, што чалавек разняволены, што ён нікуды не ляціць, не спяшаецца: сядзіць сабе сам-насам — з сабой, з прыродай.
«Упершыню ўступаючы ў «бітву тытанаў» «Хто каго?», няёмка рыфмаваць банальнае «рыбакі-дружбакі», — піша спадар Іван Сіманёнак з Паставаў. — А таму я прапаную оду, прысвечаную коткам-жанчынам:
Звычка ёсць —
спакон вякоў
На калені мужыкоў
Мякка лезуць «коткі»:
У «прыкідах» амаль «ню»
І ў заман-калготках...
Да багаценькіх спярша —
Каб на яхту-лодку,
А не выйдзе ні шыша,
Згодны і на... плотку!
Зрэшты, нават у гэтым, апошнім, выпадку бяры вышэй, як той казаў! І як піша спадарыня Ніна Бурко з Бярэзіншчыны:
Любай Нюрцы,
што той Мурцы,
Як падвернецца якая,
Ясь аддаў бы ўсё, што мае,
Гэтак котка сагравае!
Заўважце: звычайная, а калі яшчэ і свая, любімая...
Тут, згадзіцеся, ужо асобная песня, нават дзве — ад спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:
Надакучыла старая?
Ужо крыху «аблезла»?
Тут жа котка маладая
На калені ўзлезла!
Ёмка хоча сесці,
Першай рыбку з'есці.
З таго ж канверта і ледзь не відавочнае:
У катоў і мужыкоў
Звычка-завядзёнка:
Кожны з іх узяць гатоў
Маладую жонку.
Ды не ўсякаму вагон
Вось такога свята...
Хіба з твару хто — Дэлон,
Ці, як Гейтс, багаты.
Як жа такім стаць? Злабадзённае пытанне. І адказ на... другое, здаецца, ведае спадар Старых з Гомеля. «За іншых казаць не бяруся, — папярэджвае Мікалай Валянцінавіч, — але я на здымку ўбачыў двух катоў. Галава другога — звярніце ўвагу — унізе, з левага краю. А таму ў якасці подпісу прапаную радкі:
Мурка месца сваё знае:
Першай рыбку атрымае.
Кот Пушок —
сядзіць далей —
Будзе ён лавіць мышэй...
Штось падобнае падчас
Можна бачыць сярод нас:
Лепшы кус таму даецца,
Хто каля начальства трэцца.
Альбо працуе, не пакладаючы рук... Мала, што сам, дык жа і іншым скласці не дае — на грудзях сашчапіць...
У адной кабеты, расказвалі, муж гэта зрабіў — развітаўся, бедны, з жыццём. Думаеце, удава яго дужа гаравала? Так. Але і абуралася: казала, што ён спецыяльна на той свет пайшоў — каб нічога не рабіць.
На такую спадарожніцу жыцця, як лічыць спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, і рыбаку са здымка «пашчасціла»:
Жонка працай
«задзяўбала»
І ўсё мала ёй і мала...
Як пракляты, муж ішачыў!
Ды сябе іначай бачыў:
Вуды ўзяць бы і ката...
Вось была бы любата!
Пошукі яе, гэтай самай любаты, асалоды ад жыцця, згледзелі на фота і мінчане Астроўскія:
Ёсць у Слаўкі завядзёнка,
Як мазгі выносіць жонка,
Ён да рэчкі лататы,
(А за ім — і ўсе каты)...
Зловіць рыбы альбо не —
Хоць ад звягі адпачне.
Да таго ж — і памарыць зможа (разам са спадарыняй Аленай Кулік з Валожыншчыны):
Вось удача дык удача
Ў Янкі атрымалася б,
Калі б рыбка залатая
На кручок папалася!
Але шчасціць не яму, —
Акунькам ды плоткам
Сумна дзядзьку самаму,
Спахмурнелі й коткі.
(Ёсць ад чаго! Кажуць, неяк залатую рыбку Галкін злавіў. Толькі задумаўся, што б гэта папрасіць, як тая сама адазвалася: «Ідзі, — кажа, — дамоў, Максімка. У тваёй жонкі (каб не казаць старой) і без мяне ўсё ёсць»).
У іншых — няма, на вялікі жаль. І многага. А таму, паводле спадара Юрыя Вінаградава з Бабруйска:
Не відаць нідзе ракі...
Што ж тут робяць рыбакі?
Ды закінуць вуду
І чакаюць цуда.
Тутэйшыя... Ці не так?
Але ж канчатковыя высновы рабіць не трэба, бо, як сцвярджае спадар Сабалеўскі:
Не, Фядос — не дармаед:
На рыбалцы прападае —
На вячэру і абед
Коткам плотачак цягае.
Прычым пад наглядам, бо кот (трэба разумець, той, што збоку сядзіць?), на думку спадара Сіманёнка, не хто іншы, як замаскіраваны... падатковы інспектар. Адкуль ода №2:
Падаткоўцам — хлеб такі —
Трэ ўлавіць павевы...
Ну і пачулі: ад ракі
Ёсць прыбытак — левы,
То-бок Сеньку-рыбаку
Засвяціў дастатак...
У кішэнь яму руку:
Аддавай падатак!
Пытанне рубам, як той казаў! Яшчэ і ад сужэнцаў Астроўскіх:
Дзядзька Слаўка,
можа стацца,
Толькі рыбаю і жыў...
А падатак з тунеядца
Ён сплаціў ці не сплаціў?!
...Вось такую карціну алеем, можна сказаць, намалявалі нашы чытачы. Засталося дадаць да яе хіба некалькі асобных не тое штрыхоў, не тое парад ад спадарыні Гудачковай:
Наварыў гароху, кашы —
Так прынаджваў
рыбу Яша...
Ды харчоў было замала, —
Рыбка хвосцік паказала.
І тым не менш насуперак абставінам:
Ёсць у Яшы —
кажуць гэтак —
Вельмі добрая прыкмета:
На рыбалку ўзяў ката, —
Юшка будзе — смаката!
Чым яна, гэта юшка, адрозніваецца ад рыбнага супу? Як тлумачыла армянскае радыё, чаркай гарэлкі, якая ўліваецца ў варыва і выпіваецца, перш чым есці.
(Расказвалі: рыбакі, натаміўшыся (ад усяго, відаць...), неяк спаць паляглі. Але не ўсе: двое каля вогнішча засталіся, і адзін знячэўку як чхне! Другі яму: «Будзь здароў!» І ціхутка ж, як быццам, а з палаткі тут жа галасы: «Чаму нам не наліваюць?»
А налілі б (трэба разумець, зноў?) і што тады? Ды нічога добрага, як лічыць спадар Сабалеўскі, то-бок:
Плюй-не плюй на чарвяка,
Не ад рыбы ён загіне:
Як калоціцца рука,
Лепш лаві ў... магазіне.
Дарэчы, наконт лоўлі (і не толькі рыбы): на здымку — ніякіх таямніц (ва ўсякім разе для сужэнцаў Астроўскіх):
Відавочна: у дзеда Слаўкі
Ў заняпадзе гаспадарка.
Там становішча такое,
Што ніхто мышэй не ловіць.
Ну сапраўды: і сам тут, і каты — абодва...
Зрэшты, за хвасты іх цягнуць не будзем, бо самы час падвесці вынікі. Такім чынам, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, да папярэдняга здымка (на ім, нагадаем, былі два, можна сказаць, разутыя і раздзетыя мужчыны, якія некуды ішлі (гл. «Звязда» за 25 лютага), найлепшыя подпісы прапанавалі спадары Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны, сужэнцы Астроўскія з Мінска, спадарыні Бажок з Бабруйска, Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў...
«Не ведаю, як іншыя, — піша Валянціна Апанасаўна, — а я заўсёды чакаю новых конкурсных аглядаў, новых здымкаў. І ўжо тады — свята: і пасмяюся ад душы, і падзіўлюся-падумаю: колькі ж нечаканых прапаноў, колькі трапных і павучальных радкоў, колькі сапраўдных самародкаў-талентаў сярод нас, падпісчыкаў «Звязды»!»
Што праўда, тое праўда!
Дык хто ж перамог, хто на чарговай «дыстанцыі» абышоў іншых? Маленькае рэдакцыйнае журы трохі павагалася паміж радкамі спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў («Што віно, што казіно, а пахмелле ўсё ж адно: прыпаўзуць хлапцы да хат без штаноў і без зарплат») і спадарыні Бажок з Бабруйска: «Усё на фота больш, чым проста, / Там... інспекцыя за мостам. / Завітай, аддай падаткі / Ды шыбуй сабе да хаткі». І перавагу ўрэшце аддало жанчыне.
Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал накіроўваецца ў Бабруйск. А мог бы...
Са спазненнем, на жаль (рабіце высновы), даслала свае радкі спадарыня Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны:
Надыходзіць сакавік —
Свята у кабеты...
Што падорыць ёй мужык,
Калі сам раздзеты?
І яшчэ:
Нам бананы не спакуса,
І не дзіва кавуны:
Няма бульбы ў беларусаў, —
І з мужчын спаўзуць штаны.
То зараз самы час насенне яе выносіць са скляпоў, праграваць, «зеляніць». А там, глядзіш, і спяшацца з пасадкай. Прыкладна, як жанчына з новага конкурснага здымка. Паглядзелі? Усміхнуліся? Пішыце!
Валянціна Доўнар
Ад яе ж шчырыя прабачэнні ўсім, чые подпісы не прайшлі строгага конкурснага адбору.
Фота Анатоля Клешчука
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[3] mailto:dounar@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago