Сёння мы друкуем чарговыя найлепшыя «пробы пяра» юных і маладых няштатных аўтараў, што паступілі на наш творчы конкурс. Ён, між іншым, павольна выходзіць на фінішную прамую: не паспеем азірнуцца, як хутка падводзіць вынікі. Зробім мы гэта да пачатку ўступнай кампаніі. Таму тым, хто мае намер таксама паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве, але яшчэ не наважыўся гэта зрабіць, раім крыху паспяшацца. Пераможцы, тыя, хто сёлета збіраецца паступаць на журфак, апроч грамат атрымаюць ад рэдакцыі рэкамендацыі. Нагадваем, што з умовамі правядзення конкурсу больш падрабязна можна пазнаёміцца [3] ў нумары «Чырвонкі. Чырвонай змены» ад 21.10.2016 года. Усім плёну і творчых поспехаў!
Лічыцца, што некаторыя віды спорту — выключна жаночыя, а іншыя — толькі мужчынскія. Шаснаццацігадовая Марыя Свідуновіч, гулец жаночай зборнай Беларусі па футболе, служыць выдатным прыкладам таго, што сучасныя дзяўчаты могуць усё!
Маша займаецца футболам з дванаццаці гадоў. Цікавасць да гэтага віду спорту з'явілася дзякуючы сястры, якая даўно гуляла ў нападзенні.
— Каця часта трэніравалася ў двары, а я стаяла на варотах, і ў мяне гэта добра атрымлівалася, — успамінае дзяўчына.
Таму, калі Марыя прыйшла ў прафесійную каманду, адразу выбрала пазіцыю галкіпера:
— Вам не перадаць, што я адчуваю, калі мяч аказваецца ў маіх руках! Але ёсць і мінусы: шматлікія траўмы і памылкі, якія ўсе абавязкова заўважыць. Нават калі ты будзеш увесь матч гуляць выдатна, але прапусціш недарэчны гол, запомняць менавіта гэты момант.
Юная спартсменка пачынала ў зборнай Кобрынскага раёна. Да гэтага часу з удзячнасцю ўспамінае першага трэнера Рыгора Антонавіча Ачыпоўскага, які ладзіў турніры ў гонар 8 Сакавіка і вазіў каманду на абласныя спаборніцтвы. Гэта дзякуючы яму Маша паступіла ў Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву і трапіла ў зборную краіны. У яе складзе ўдзельнічала ў фінале чэмпіянату Еўропы ў адборачным раўндзе, у міжнародных таварыскіх матчах. Магчыма, у будучыні імя Марыі Свідуновіч стане гэткім жа вядомым, як імя варатара амерыканскай жаночай зборнай Хоўп Сола, якая з'яўляецца яе кумірам.
Маша плануе прысвяціць жыццё спорту і трэніраваць падлеткаў, як Ірына Іосіфаўна Булыгіна. Пра свайго цяперашняга трэнера гаворыць з захапленнем: «Яна ўсю душу ўкладвае ў трэніроўкі і патрабуе гуляць на максімуме. Заўсёды разумее і выконвае свае абяцанні. Яна для нас як другая мама».
Сумяшчаць вучобу і трэніроўкі, па словах Машы, нескладана, галоўнае — жаданне і любоў да ўсяго, што робіш. На пытанне, ці цяжка было б ёй без футбола, яна адказала: «Маё жыццё не будзе такім разнастайным без пастаянных трэніровак, без эмоцый, якія адчуваеш на полі. Калі б забаранілі гуляць, мне было б вельмі сумна».
У вольны час Марыя любіць чытаць, асабліва творы Стывена Кінга. Яго заблытаныя гісторыі прымушаюць браць кнігу ў рукі зноў і зноў.
Пра аўтара
Ангеліне — 17 гадоў. Яна кажа, што ў школе яе любімы прадмет — гісторыя.
— І ў гэтым заслуга найперш майго любімага настаўніка Віктара Эдуардавіча Жука, пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года — 2015», — кажа наша аўтарка.
Яшчэ дзяўчыне падабаецца творчасць Ясеніна і Маякоўскага, часта чытае іх вершы на розных мерапрыемствах. У вольны час Ангеліна любіць маляваць. А таксама з задавальненнем дапамагае маме даглядаць браціка, які нарадзіўся зусім нядаўна.
Сёлета наша аўтарка хоча паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ.
Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ, вучаніца 11 класа СШ №11 г. Маладзечна
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] http://zviazda.by/be/news/20161019/1476885274-chyrvonka-abvyashchae-ab-pachatku-chargovaga-tvorchaga-spabornictva
[4] https://zviazda.by/be/tags/ya-malady-i-mne-ne-usyo-rouna-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0